Па "народным" артыкуле ў Мінску асудзілі яшчэ адну сямейную пару
Суд Ленінскага раёна Мінска 27 снежня вынес прысуд па крымінальнай справе Дзмітрыя і Наталлі Гаро, якіх абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушылі грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 крымінальнага кодэкса).
Справу разглядала суддзя Анастасія Ачалава.
Мужа і жонку Гаро затрымалі напрыканцы кастрычніка 2022 года і да суда змясцілі ў СІЗА №1 Мінска.
Па матэрыялах абвінавачання, кіраўнік школы замежных моў "ENGLISHPIE.BY" Дзмітрый Гаро і ягоная жонка Наталля ў верасні 2020 года прынялі ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве ў Мінску. Знаходзіліся разам з іншымі мітынгоўцамі на праспектах Пераможцаў і Незалежнасці, не падпарадкоўваліся патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі, ажыццяўлялі блакаванне руху транспартных сродкаў з дапамогай перакрыцця праезнай часткі, у выніку чаго парушылася праца грамадскага транспарту.
Іх вылічылі па фотаздымках у інтэрнэце.
У судзе Дзмітрый прызнаў сваю віну, патлумачыў, што разам з жонкай, даведаўшыся з інтэрнэту пра мітынг, далучыліся да пратэстоўцаў, выходзілі на праезную частку дарогі. Якой-небудзь атрыбутыкі пратэснага характару пры сабе не мелі, лозунгаў не выкрыквалі, у далоні не пляскалі.
Суд прызначыў Дзмітрыю і Наталлі абмежаванне волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу (“хатняя хімія”) тэрмінам на два гады.
Мужа і жонку вызвалілі з-пад варты ў залі суда.