viasna on patreon

"Да якасці доказаў узнікаюць пытанні як у адвакатаў, так і ў саміх абвінавачаных". Як два тыдні судзяць праваабаронцаў "Вясны"

2023 2023-01-18T13:14:04+0300 2023-01-29T11:28:42+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sud_viasna.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Другі тыдзень у судзе Ленінскага раёна Мінска праходзіць суд па "справе Вясны". Паводле ч. 4 арт. 228 ("кантрабанда арганізаванай групай") і ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса ("фінансаванне групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак") судзяць старшыню Праваабарончага цэнтра "Вясна" і Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага, ягонага намесніка Валянціна Стэфановіча і каардынатара кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзіміра Лабковіча. У межах гэтага працэса таксама завочна судзяць праваабаронцу Дзмітрыя Салаўёва, які быў вымушаны пакінуць Беларусь праз крымінальны пераслед. За два тыдні абвясцілі абвінавачванне, дапыталі некалькі сведак і даследвалі сёмую частку пісьмовых матэрыялаў справы. Слухач падзяліўся разважаннямі пра судовы працэс над вясноўцамі, а праваабаронца "Вясны" Алена Маслюкова пракаментавала абвінавачванні праваабаронцам. 

Суд па
Суд па "справе Вясны" 5 студзеня 2023 года

Праверка прысутных у некалькі этапаў, дзверы на ключ, кайданкі на праваабаронцах і "ціхары" ў зале суда

Слухач адзначае, што на судовым працэсе па "справе Вясны" прынятыя беспрэцэдэнтныя меры бяспекі:

"Размах справы можна ацаніць па тых мерах бяспекі, якія ўстанавілі ўлады непасрэдна перад будынкам суда і ўнутры яго. Перад судом дзяжурыць нарад міліцыі з невялікім гучнагаварыцелем. Пры ўваходзе ў Дом правасуддзя каля паста ўнутранай аховы наведвальнікаў будынка суда сустракае яшчэ адзін нарад міліцыі, які пытаецца, куды накіроўваецца чалавек. Калі наведвальнік ідзе ў Ленінскі суд на пасяджэнне па кантрабандзе і фінансаванні пратэстаў, то яго дадзеныя з датай нараджэння запісваюць на асобным лісце А4.

Далей меры бяспекі толькі ўзмацняюцца. Пры падыходзе да кабінета, у якім ідзе судовы працэс па "справе Вясны" стаіць рамка са сталом, каля якой дзяжурыць міліцыянт у форме. Падчас надгляду слухачоў ён фіксуе ўсю працэдуру на відэакамеру. Варта адзначыць, што непасрэдна перад пасяджэннем як раніцай, так і пасля абеду, зневажальную працэдуру праходзяць не толькі слухачы, але і адвакаты абвінавачаных. У выпадку, калі чалавек упершыню прыйшоў на працэс, сакратар цікавіцца, кім прысутны прыходзіцца абвінавачаным па справе. Пасля працэдуры надгляду сакратар судовага пасяджэння па пашпарце прапускае слухачоў у залю, фіксуючы іх ужо ў сваім спісе. Такім чынам, адбываецца праверка прысутных у некалькі этапаў. Калі чалавек быў у першай палове дня і прыходзіць на пасяджэнне пасля абеду, насупраць яго прозвішча сакратар ставіць птушачку.

Клетку з абвінавачанымі ахоўваюць трое канвойных, а чацвёрты канвойны стаіць каля дзвярэй, якая на час слуханняў зачыняецца на ключ. Аб сур'ёзных мерах бяспекі можна меркаваць і па тым, што абвінавачаныя ўвесь час слуханняў знаходзяцца ў кайданках. Яны істотным чынам скоўваюць рухі праваабаронцаў, калі яны трымаюць сшытак з выпіскамі па справе, прыводзяць контрдаводы і выказваюць свае заўвагі.

Акрамя гэтага, у зале прысутнічаюць супрацоўнікі ў цывільным. Пра гэта можна меркаваць па тым, што на апошніх лаўках прысутнічаюць супрацоўнікі, якія праводзяць працэдуру надгляду слухачоў і адвакатаў".

"Да якасці доказаў узнікаюць пытанні як у адвакатаў, так і ў саміх абвінавачаных"

Справу разглядае суддзя Марына Запаснік, а дзяржаўнае абвінавачванне падтрымлівае пракурор Аляксандр Кароль. Слухач аналізуе доказы па справе:

"Абвінавачванні праваабаронцаў будуюцца на падставе канфіскаваных дакументаў у выглядзе распісак, банкаўскіх выпісак аб руху грашовых сродкаў, дагавораў падраду і перадаручэння, праектных заявак, паказанняў сведак і выемкі перапіскі ў мэсэнджарах. Да "якасці" прыводных дзяржаўным абвінаваўцам доказаў перыядычна ўзнікаюць пытанні як у адвакатаў, так і ў саміх абвінавачаных. Адвакаты акцэнтуюць увагу суда і абвінавачвання на тым, што ў шэрагу дакументаў не змяшчаецца афіцыйнага перакладу на мову крымінальнага працэсу. Дзяржаўны абвінаваўца адказаў на гэта, што ў наступных тамах крымінальнай справы завераны афіцыйны пераклад будзе прадстаўлены і абвешчаны.

Актыўную пазіцыю ўласнай абароны ажыццяўляе Алесь Бяляцкі. Старшыня "Вясны" акцэнтуе ўвагу на тым, што на цэлым масіве канфіскаваных дагавораў з "Pavasaris" адсутнічае подпіс другога боку — дырэктара, а з бухгалтарскага пункту гледжання такія дакументы з'яўляюцца нікчэмнымі. Алесь Бяляцкі звяртае ўвагу на тое, што шэраг дакументаў адносіцца да перыяду, які не ставіцца ім у віну па артыкуле аб фінансаванні групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак.

Алесь акцэнтаваў увагу і на тым, што грошы, якія выдаткоўвалі праваабаронцы на паездкі ва Украіну, не могуць быць пакладзены ў аснову абвінавачвання праз тое, што не былі выдаткаваныя на тэрыторыі Беларусі.

Валянцін Стэфановіч актыўна ўдзельнічае ва ўласнай абароне, прыводзячы ў якасці довадаў аргументы аб тым, што электронна-лічбавы подпіс пад грантавай заяўкай не ўчынялася ім самім і адпаведна яму не належыць.

Уладзімір Лабковіч прыводзячы аргументы ў сваю абарону просіць суд улічыць, што ў пісьмовых матэрыялах крымінальнай справы ўтрымліваецца адна і тая ж распіска аб атрыманні ім ганарару сумай 300 еўраў за шэсць вэбінараў".

Алена Маслюкова: "Мэтай праваабаронцаў "Вясны" было не атрыманне выгод, а эфектыўная дапамога ахвярам палітычных рэпрэсій" 

Праваабаронца
Праваабаронца "Вясны" Алена Маслюкова. Фота: spring96.org

Праваабаронца "Вясны" Алена Маслюкова яшчэ раз акцэнтуе ўвагу, што крымінальная справа супраць яе калег з'яўляецца палітычна-матываванай:

"Я лічу, што пераслед і крымінальная справа ў адносінах да сябраў праваабарончага цэнтра “Вясна” у дэмакратычнай краіне з устойлівай заканадаўчай базай не маглі б узнікнуць у прынцыпе. У такіх умовах сама дзяржава не толькі ўскладае на сябе абавязкі стварэння платформы для функцыянавання грамадзянскай супольнасці, а і эфектыўна падтрымлівае грамадскія ініцыятывы, дае магчымасць развівацца і ўмацоўвацца грамадскім інстытутам, праводзячы свабодныя і канкурэнтныя выбарчыя кампаніі, не распачынаючы  поўнамасштабныя зачысткі апазіцыі і рэпрэсіі ў адносінах да ўласных грамадзян.

Пытанні фінансавых аперацый, на якіх сёння канцэнтруюць увагу абвінавачванне і дзяржаўныя СМІ, дзеля таго, каб звесці на не галоўны змест працэса – гэта безумоўна пераслед за праабарончую дзейнасць. Мэтай праваабаронцаў "Вясны" было не атрыманне выгод і прыбыткаў абвінавачанымі, а эфектыўная дапамога ахвярам палітычных рэпрэсій, развязаных нелегітымнай уладай Беларусі, выбудоўванне грамадства на аснове дэмакратычных прынцыпаў, каштоўнасцяў правоў чалавека, ляжаць у плоскасці немагчымасці ажыццяўлення дадзенай дзейнасці легальна.

Я заклікаю вучыцца разумець і  аналізаваць інфармацыю, якую падаюць дзяржаўныя крыніцы. Я прашу прымаць актыўны ўдзел у кампаніі #FREEVIASNA і падтрымаць маіх калег Валянціна Стэфановіча і Уладзя Лабковіча, якія зрабілі маральны выбар і не з’ехалі з Беларусі, маючы па трое непаўнагадовых дзяцей, а таксама Алеся Бяляцкага, які на сёмым дзясятку прыкладам усяго свайго жыцця, коштам свайго здароўя і ўласнай свабоды адстойвае каштоўнасці незалежнай Беларусі, грамадзянскай супольнасці і прыярытэту правоў чалавека".

Палітзняволеным праваабаронцам цяпер патрэбная наша салідарнасць! Падтрымайце іх лістамі, пасылкамі і грашовымі пераводаміСІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму, Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу, Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу

Храналогія суда па "справе Вясны":

У Мінску па "справе Вясны" судзяць чатырох праваабаронцаў. Дзень першы

Суд пакуль адкрыты — мы онлайн сочым за ходам судовага працэсу.

Працягваецца суд па "справе Вясны". Другі дзень

У судзе Ленінскага раёна Мінска 6 студзеня працягваецца суд "па справе Вясны".

Трэці суд па "справе Вясны": Уладзю Лабковічу выклікалі "хуткую", праваабаронцы зноў просяць зняць кайданкі з іх

У судзе Ленінскага раёна Мінска 10 студзеня працягваецца суд "па справе Вясны"

Паказанні засакрэчаных сведак і допыт мытнікаў: што адбывалася на чацвёртым і пятым пасяджэннях па "справе Вясны"

Распавядаем, што адбывалася на чацвёртым і пятым пасяджэннях па гучнай справе супраць праваабаронцаў "Вясны".

Ціск у СІЗА, аператыўная відэаздымка ў брэсцкім офісе, сведкі на паперы. Што стала вядома на шостым пасяджэнні па "справе Вясны"

"Вясна" працягвае сачыць за працэсам над палітзняволенымі калегамі і патрабаваць іх вызвалення.

Сёмае пасяджэнне па "справе Вясны": другая "хуткая" за тыдзень і паперы без подпісаў як доказы віны

У судзе Ленінскага раёна Мінска 16 студзеня адбылося сёмае судовае пасяджэнне па "справе Вясны".

Абое пераследавалі мастака Алеся Пушкіна: што вядома пра пракурора і суддзю па "справе Вясны"

Распавядаем, што вядома пра пракурора і суддзю па "справе Вясны". 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства