Гарадзенца асудзілі да двух з паловай гадоў калоніі за лайкі ў "Аднакласніках"
Стала вядома, што 13 снежня 2022 года ў судзе Кастрычніцкага раёну Гродна Анатоля Лявоніка асудзілі да двух з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Вырак агучыў суддзя Дзмітрый Кедаль.
36-гадовага жыхара Гродна прызналі вінаватым паводле двух артыкулаў: ч. 2 арт. 367 і ч. 2 арт. 368 Крымінальнага кодэкса. Яго судзілі за тое, што ён пакінуў у сваім профілі ў "Аднакласніках" публікацыі, якія ўтрымлівалі "зневажальную інфармацыю" пра Лукашэнку. Згодна з пазіцыяй абвінавачання, іх мэтай было публічна прычыніць шкоду аўтарытэту дзяржаўнай уладзе і распаўсюдзіць "загадзя ілжывыя" звесткі, якія нібыта зневажаюць Лукашэнку.
Анатоль прызнаў віну цалкам. Падчас судовага пасяджэння ён распавёў, што лайкнуў пасты ў "Аднакласніках" са свайго мабільнага тэлефона — пасля гэтага яны з'яўляліся на яго старонцы. Каб гэта засведчыць, міліцыянты нават правялі "следчы эксперымент": падчас яго Анатоль Лявонік "прадэманстраваў свае навыкі карыстальніка сацыяльнай сеткі і паказаў, якім чынам ён адзначаў фотавыявы, якія яму спадабаліся". Пасты заўважыў падчас маніторынга супрацоўнік міліцыі.
Да матэрыялаў справы былі далучаныя скрыншоты публікацый. Сярод іх — выява з "непрыстойным жэстам" у бок Лукашэнкі, некальі выказванняў, што "форма кіравання ў Рэспубліцы Беларусь — нацысцкая дыктатура, заснаваная на крыві". Імаверна, у некаторых пастах Лявонік назваў Лукашэнку "тэрарыстам" і "фашыстам", бо дзяржаўная экспертыза, якую рабіла следства, каб пацвердзіць абразу і паклёп, аналізавала менавіта гэтыя словы.
Вядома, што ў Анатоль родам з вёскі ў Зельвенскім раёне, у яго ёсць двое дзяцей. Да затрымання ён працаваў кладаўшчыком. 13 студзеня 2023 года Анатоль Лявонік быў унесены у "спіс экстрэмістаў".
Суддзя Дзмітрый Кедаль прызнаў Лявоніка вінаватым паводле абодвух артыкулаў і асудзіў яго да двух гадоў пазбаўлення волі паводле ч. 2 арт. 368 Крымінальнага кодэкса і двух з паловай гадоў пазбаўлення волі — паводле ч. 2 арт. 367 Крымінальнага кодэкса. Шляхам паглынання менш строгага пакарання больш строгім канчаткова Анатоля Лявоніка асудзілі да двух з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.