viasna on patreon

Новыя затрыманні, "экстрэмісцкія фармаванні": хроніка пераследу 26-27 студзеня Дапоўнена

2023 2023-01-27T18:24:00+0300 2023-01-27T18:52:32+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/hanna-szurdzjakova.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 26-27 студзеня 2023 года збірае факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

У Беларусі новыя "экстрэмісцкія фармаванні"

Як паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы, групы грамадзян, аб'яднаных пад назвамі «Кардынацыйная рада»; «Каманда Святланы Ціханоўскай», якая складаецца з «Офіса Святланы Ціханоўскай» і «Прадстаўнікоў Святланы Ціханоўскай»; «Аналітыкі Святланы Ціханоўскай» (у тым ліку члены закрытага Telegram-рэсурсу «Analityki ST»), прызнаныя экстрэмісцкімі фармаваннямі.

Паводле іх, гэтае рашэнне вынесенае за «публічныя заклікі да санкцый, арганізацыю дзейнасці па падрыхтоўцы да здзяйснення замахаў на суверэнітэт і грамадскую бяспеку Рэспублікі Беларусь».


Сёння ў Мінску сілавікі затрымалі хлопца за распаўсюд улётак з паклёпам на Лукашэнку

Пакаяльнае відэа з ім з'явілася ў адным з праўладных тэлеграм-каналаў.

Паводле сілавікоў, раней затрыманы ўжо быў асуджаны за ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК).


Актывістку Валянціну Болбат аштрафавалі на 3 700 рублёў за малюнкі ў сацыяльных сетках

Верхнядзвінскую актывісту руху «За Свабоду» затрымалі 22 лістапада. Пазней над ёй адбыліся тры суды запар. Суддзя Зінаіда Балаболава двойчы арыштавала Валянціну на 10 сутак паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў), а на трэці раз прызначыла 320 рублёў штрафу.

За кратамі ў жанчыны пагоршылася здароўе, таму яе вызвалілі на тры дні раней. Паводле інфармацыі "Віцебскай Вясны", 11 студзеня яе выклікалі ў Верхнядзвінскі РАУС і сказалі прыйсці ў міліцыю ў Наваполацку. Там яе адразу ж затрымалі і адправілі ў ЦІП даседжваць трое сутак. Тады яна абвесціла галадоўку на знак пратэсту супраць несправядлівых абвінавачванняў.

Ужо 13 студзеня адбыўся над ёй чарговы суд. Жанчыну абвінавацілі ў "несанкцыянаваным пікетаванні" па арт. 24.23 КаАП за малюнкі ў сацыяльных сетках. Суддзя Балаболава прызначыла ёй яшчэ 100 базавых велічыняў штрафу (3 700 рублёў).


Супраць маці загінулага каліноўца распачалі новую крымінальную справу

Паводле праўладных тэлеграм-каналаў, супраць Наталлі Суславай (маці Паўла «Волата», які стаяў ля вытокаў палка Каліноўскага і загінуў 15 траўня) распачалі крымінальную справу паводле арт. 361-3 КК (удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ў баявых дзеяннях).

Раней супраць жанчыны была распачата крымінальная справа паводле арт. 361-4 КК (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) за інтэрв'ю тэлеканалу «Белсат».


ГУБАЗіК затрымаў жыхарку Мінска з-за "захоўвання дома пратэснай сімволікі"

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне мінчанкі Ганны Шурдзяковай. На «пакаяльным відэа» дзяўчына кажа, што была затрымана з-за таго, што «захоўвала дома пратэсную сімволіку».

Мяркуючы па відэа сілавікоў, пад «пратэснай сімволікай» маецца на ўвазе БЧБ-сцяг.


Пагаршаецца здароўе журналіста Сяргея Сацука. У магілёўскай турме яму наўмысна не даюць патрэбныя лекі

Cяргей Сацук
Сяргей Сацук. Фота: "Наша Ніва"

Як паведамляе @bajby, сваякі Сяргея атрымалі ад яго два лісты запар, у якіх ён скардзіцца, што па-ранейшаму не мае ў неабходнай колькасці таблетак:

“Моцна захварэў, паднялася тэмпература і абвастрыўся гаймарыт. Піша, што гэтым разам прыхапіла грунтоўна. Але толькі калі адкрыўся рэзкі кашаль, лекар даў антыбіётык і нават дазволіў два дні пасцельнага рэжыму — само па сабе небывалае паслабленне. Па-ранейшаму праблемы з сэрцам, здарыўся прыступ мярцальнай арытміі, бо для эканоміі таблетак, якія заканчваюцца, ужывае толькі палову ад неабходнага. Лекі, што мы высылалі раней, не аддаюць, хоць ён рэгулярна звяртаецца. На жаль, хваравіты стан ігнаруюць”.

Каб рэзка не спыняць прыём таблетак, Сацук вымушаны істотна змяншаць дозу, каб хапіла на больш працяглы тэрмін. Большую частку лістоў ад родных Сацуку не перадаюць. Акрамя таго, палітвязня з невядомых прычын рэгулярна пераводзяць з адной камеры ў іншую.

Падтрымайце Сяргея: Турма № 4, 212011, Магілёў, Крупскай, 99А, (Сяргей Віктаравіч Сацук)


У "Спіс экстрэмістаў" дадалі яшчэ 20 чалавек — цяпер у ім 2370 чалавек

27 студзеня МУС чарговы раз абнавіла «Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».

Акрамя іншых, у спіс дадалі мужа і жонку Дзяніса і Святлану Шарамецьевых, старшыню незалежнага прафсаюзу на «МАЗ» Арцёма Жэрнака, а таксама дзвюх грамадзянак Расіі — Кацярыну Глінскую і Алену Яфрэменка.


Інфармаыя дапаўняецца

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства