viasna on patreon

Заява праваабаронцаў аб прызнанні дзевяці палітычных зняволеных

2023 2023-01-26T12:13:00+0300 2024-07-18T16:21:37+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/reshetka.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Заява праваабарончай супольнасці Беларусі

26 студзеня 2023 г.

Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, адзначаем, што прыцягненне да крымінальнай адказнасці за распальванне іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы (арт. 130 КК) следствам і судамі селектыўна і дыскрымінацыйна ўжываецца выключна дзеля абароны інстытутаў улады, прычым вылучэнне прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, вайскоўцаў і г. д. у якасці сацыяльных груп, якія падпадаюць пад абарону ў гэтым кантэксце, нам падаецца неабгрунтаваным.

Мы настойваем на недапушчальнасці прымянення закона, які абараняе прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў органаў правапарадку і суддзяў ад пагроз у сувязі з правамерным выкананнем імі сваіх службовых абавязкаў, дзеля пакарання тых грамадзянаў, якія выказаліся з нагоды відавочнага парушэння прадстаўнікамі дзяржаўных інстытутаў Канстытуцыі і закона, уцягнутасці прадстаўнікоў улады, пракурораў і суддзяў у працэс катаванняў і ў стварэнне атмасферы беспакаранасці за катаванні і іншыя грубыя парушэнні правоў чалавека, якія часта маюць прыкметы злачынстваў супраць чалавечнасці.

Нам вядома пра тое, што пазбаўленыя волі:

Таццяна Колас, якая абвінавачвалася ў перадачы асабістых дадзеных Telegram-каналу "Чорная кніга Беларусі" паводле ч. 3 арт. 203-1 КК неправамерныя дзеянні ў дачыненні да звестак аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных; ч. 3 арт. 130 КК распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы; ч. 3 арт. 352 КК незаконнае валоданне камп'ютарнай інфармацыяй; ч. 3 арт. 426 КК перавышэнне ўлады ці службовых паўнамоцтваў, асуджаная да 6 гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;

Павел Петручэня, змешчаны пад варту ў СІЗА паводле ч. 6 арт. 16 ч. 3 арт. 130 КК за перадачу звестак Telegram-каналу "Чорная кніга Беларусі";

Аляксандр Грыдзюшка, асуджаны паводле ч. 1 арт. 130 КК за распальванне іншай сацыяльнай варажнечы, паводле ч. 2 арт. 295 КК за захоўванне агнястрэльнай зброі, паводле ч. 1 арт. 368 і арт. 369 КК за абразу А. Лукашэнкі і прадстаўніка ўлады да 4 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;

Уладзіслаў Аўчыннікаў, асуджаны паводле ч. 1 арт. 352 КК  неправамернае завалоданне камп'ютарнай інфармацыяй, ч. 2 арт. 424 КК  злоўжыванне ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі за перадачу звестак супрацоўнікаў МУС Telegram-каналам да 2 гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штрафу ў 300 базавых велічынь;

Дмітрыйс Міхайлаўс, асуджаны паводле ч. 3 арт. 361 КК за заклікі ў сацыяльных сетках да прыняцця абмежавальных мер (санкцый) у дачыненні да Беларусі за парушэнне правоў чалавека, паводле ч. 2 арт. 130 КК за распальванне іншай сацыяльнай варожасці, ч. 1 і ч. 2 арт. 368, арт. 369 КК за абразу А. Лукашэнкі і прадстаўніка ўлады да 4 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;

Вячаслаў Бяганскі, асуджаны паводле ч. 1 арт. 130 КК за распальванне іншай сацыяльнай варажнечы да 2 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;

Ілля Краўчэўскі, асуджаны за абразу А.Лукашэнкі і прадстаўніка ўлады, паклёп у дачыненні да А. Лукашэнкі, распальванне іншай сацыяльнай варожасці, удзел у масавых беспарадках, супраціў міліцыі, перадачу дадзеных да 8 гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;

Віталь Енаровіч, асуджаны паводле ч. 1 арт. 130 КК распальванне іншай сацыяльнай варожасці і ч. 1 арт. 342 КК актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, да пазбаўлення волі на тэрмін 2 гады ў папраўчай калоніі;

Цімафей Галубко, асуджаны паводле ч. 1 арт. 130 КК за распальванне іншай сацыяльнай варажнечы да трох гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбывання пакарання.

Ацэньваючы ўсе гэтыя выпадкі крымінальнага пераследу, мы прыходзім да высновы аб існаванні ў кожным з іх палітычнага матыву пераследу абвінавачаных. Судовыя рашэнні прынятыя паводле палітычных матываў у парушэнне асноватворных прынцыпаў справядлівага правасуддзя.

У чарговы раз падкрэсліваем, што ў шэрагу пералічаных выпадкаў характар дзеянняў абвінавачаных быў вынікам сістэматычных шырока распаўсюджаных парушэнняў правоў чалавека, адсутнасці магчымасці свабоднага выказвання меркавання, быў выкліканы адсутнасцю расследавання злачынстваў у дачыненні да мірных пратэстоўцаў і іншых ахвяраў жорсткага абыходжання і катаванняў, расчараваннем у здольнасці ўладаў выкарыстоўваць сілу закона дзеля абароны парушаных правоў грамадзян, адсутнасцю справядлівага суда і ўмоваў для дэмакратычнай і канстытуцыйнай змены ўлады на сапраўдных выбарах.

У адпаведнасці з Кіраўніцтвам па вызначэнні паняцця "палітычны вязень", палітычным зняволеным з'яўляецца асоба, пазбаўленая волі, калі пры наяўнасці палітычных матываў яе пераследу мае месца хаця б адзін з наступных фактараў:

  1. a) пазбаўленне волі было ўжыта ў парушэнне права на справядлівае судовае разбіральніцтва, іншых правоў і свабод, гарантаваных пактам або Еўрапейскай канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод;
  2. d) асоба пазбаўлена волі выбіральна у параўнанні з іншымі асобамі.

Мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, заяўляем аб прызнанні палітычнымі зняволенымі Таццяны Колас, Паўла Петручэні, Аляксандра Грыдзюшкі, Уладзіслава Аўчыннікава, Дмітрыйса Міхайлаўса, Вячаслава Бяганскага, Іллі Краўчэўскага, Віталя Енаровіча, Цімафея Галубко.

У сувязі з гэтым мы патрабуем ад уладаў Беларусі:

  • перагледзець вынесеныя ў дачыненні да названых палітвязняў прысуды пры выкананні права на справядлівае разбіральніцтва і ліквідацыі фактараў, якія паўплывалі на кваліфікацыю дзеянняў, від і памер пакарання;
  • вызваліць згаданых палітвязняў, ужыўшы іншыя меры для забеспячэння іх яўкі ў суд;
  • неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, перагледзець палітычна матываваныя прысуды і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

Беларускі ПЭН;

Прававая ініцыятыва;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства