viasna on patreon

"Крыміналізацыя дапамогі ахвярам палітычных рэпрэсій — амаральная і нечалавечая". Як праходзіць суд па справе "Вясны" 

2023 2023-01-29T10:40:15+0300 2023-01-31T16:08:16+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sud_viasna_89.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Ленінскага раёна Мінска больш за тры тыдні ідзе разгляд крымінальнай справы супраць старшыні "Вясны" і Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага, ягонага намесніка і віцэ-прэзідэнта FIDH Валянціна Стэфановіча, каардынатара кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзіміра Лабковіча і праваабаронцы Дзмітрыя Салаўёва (завочна). Працэс знаходзіцца на стадыі даследвання пісьмовых матэрыялаў справы — на судзе агучылі ўжо 213 тамоў справы з 284. Распавядаем, што адбывалася на судзе над праваабаронцамі "Вясны" на гэтым тыдні.

"Няхай канкрэтна скажуць, што ПЦ "Вясна" з'яўляецца арганізаванай злачыннай групіроўкай, а то не зразумела хто мы"

У пісьмовых матэрыялах справы ўтрымліваецца вялікая колькасць дакументаў, якая тычыцца дзейнасці Праваабарончага цэнтра "Вясна", а таксама дадзеных з "Пасажырпаток" пра перасячэнні дзяржаўнай мяжы Беларусі ў розныя гады з 2016 года сябраў "Вясны". Але, як адзначыў на судзе старшыня "Вясны", у абвінавачвання няма звестак, што выяўленыя следствам 89 чалавек перамяшчалі праз мяжу грашовыя сродкі, а не выязджалі з Беларусі па асабістых справах. Палітзняволеныя праваабаронцы называюць гэта "здагадкамі следства". Акрамя гэтага, Алесь Бяляцкі акцэнтуе ўвагу суда, што нідзе не ўзгадваецца, што ён, Лабковіч і Стэфановіч неяк арганізоўвалі перамяшчэнне наяўных грашовых сродкаў праз мытную мяжу. Гэта не вынікае ні з паказанняў сведкаў, ні з перапісак, ні з іншых доказаў, прадастаўленых следствам.

"Няхай канкрэтна скажуць, што ПЦ "Вясна" з'яўляецца арганізаванай злачыннай групіроўкай, і тады разглядаюць нашую дзейнасць пад такім судом, а то не зразумела, хто мы. Калі мы кантрабандысты — значыць мы кантрабандысты, калі злачынная групіроўка, то значыць злачынная групіроўка", — кажа Алесь Бяляцкі на судзе.

"Інфармацыя пра зняцце і атрыманне грошай — домыслы следства і не больш за тое"

Старшыня "Вясны" на судзе аналізуе доказы, прадастаўленыя абвінавачваннем, і актыўна тлумачыць іх. Так, напрыклад, ён пракаментаваў выезды за мяжу названых на судзе сябраў "Вясны" Алены Лапцёнак, Аляксея Колчына, Андрэя Палуды:

"Чаму следства вырашыла, што Колчын і Палуда не хадзілі на закупы ў "Акропаліс", як і тысячы беларусаў у тыя гады, а шлі да бухгалтаркі ці яшчэ кудысьці, каб атрымаць гэтыя грошы, — незразумела. Таксама падчас перасячэння мяжы ў большасці сябраў "Вясны" ніякія сумы грошай не былі зафіксаваныя, таму можна меркаваць, што інфармацыя пра зняцце і атрыманне грошай — домыслы следства і не больш за тое, якое нічым не пацвярджаецца. Незразумела, якія сумы і колькі грошай было правезена. Людзі не былі дапытаныя, а тыя, хто былі дапытаныя, не пацвердзілі, што гэтыя грошы былі прывезены. Паездкі маглі мець абсалютна розныя прычыны. Напрыклад, у гэтыя гады ў Аляксея Колчына дачка вучылася ў ЕГУ ў Вільні, таму ён неаднойчы бываў там па сямейных абставінах. Тая ж Алена Лапцёнак пяць гадоў жыла ў Вільні ў 90-х гадах, таму ў яе там сябры, знаёмыя, сваякі. Чаму яна была не ў іх, а займалася перавозам грошай, прычым не сваіх, следства, па сутнасці, так і не даказала. Гэта датычыцца і іншых людзей".

Па гэтым факце на этапе следства была дапытаная ў якасці падазраванай праваабаронца Наста Лойка. Яна адмовілася даваць паказанні наконт дзейнасці Праваабарончага цэнтра "Вясна" і працы яго сябраў. Пры гэтым, яна адмаўляла факты перамяшчэння ёй грашовых сродкаў праз мяжу. Тым не менш, яна фігуруе ў абвінавачванні як удзельніца "арганізаванай групы" паводле ч. 4 арт. 228 Крымінальнага кодэкса ("кантрабанда арганізаванай групай"). Усе прэтэнзіі з яе былі зняты восенню 2022 года.

"Дзіўна чуць, што я нібыта хацеў заблытаць следства, каб выдаць гэтыя грошы за свае"

Уладзь Лабковіч на судзе
Уладзь Лабковіч на судзе

Уладзь Лабковіч звярнуў увагу суда на тое, што ў матэрыялах справы ўтрымліваецца вялікая колькасць дакументаў без подпісаў і пячатак, якія і складаюць доказную базу па справе.

"А значыць яны юрыдычна нікчэмныя", — заўважыў Уладзь на судзе.

Таксама Уладзімір Лабковіч адзначыў, што няправільна лічыць доказамі па справе заяўкі на атрыманне грантаў:

"Гэта толькі значыць, што хтосьці хацеў атрымаць гэтыя грошы, але не факт, што іх атрымалі".

Акрамя гэтага, юрыст узгадаў выпадак у мінскім аэрапорце, які адбыўся з ім і Валянцінам Стэфановічам, па вяртанні з Грузіі 4 ліпеня 2021 года — за 10 дзён да іх затрымання.

"Недарэчная гісторыя адбылася 4 ліпеня 2021 года, калі я быў затрыманы ў мінскім аэрапорце па вяртанні з Грузіі і адпраўлены на мытны кантроль. У мяне з сабой была сума ў 2520 еўра. На судзе мы слухалі допыт супрацоўніка мытнай службы, які ажыццяўляў мой асабісты дагляд і ніякіх заўваг не выказваў. А мая перапіска са Стэфановічам пра тое, што я вельмі шкадую, што ў мяне забралі мой заробак і мне няма за што фізічна жыць, гэта наступствы 4 ліпеня — за два тыдні да майго затрымання. І дзіўна чуць, што я нібыта хацеў заблытаць следства, каб выдаць гэтыя грошы за свае. Хачу звярнуць увагу, што да 14 ліпеня 2021 года, калі я быў затрыманы, я ні разу не выклікаўся на допыт па гэтай справе, я ні разу не прыцягваўся да адказнасці, а па месцы майго жыхарства ні праходзілі ператрусы ці іншыя следчыя дзеянні. Таму 4 ліпеня мне не было вядома пра будучыя следчыя дзеянні ў адносінах мяне. І калі я перапісваўся са Стэфановічам і казаў яму, што ў мяне на мяжы вынялі 2520 еўра мой заробак, то так і было — у мяне забралі мой заробак. Я вельмі спадзяваўся атрымаць яго назад, і мяне пераканалі, што цягам 10 дзён пасля экспертызы гэта будзе магчыма. Таму тлумачыць, што я вёз кантрабандай 2520 еўра, з'яўляецца здагадкай следства", — распавёў на судзе Лабковіч.

Уладзь звярнуў увагу, што ён задэклараваў гэтыя грошы і сплаціў з іх падатак. Але на гэтыя грошы наклалі арышт і прызналі рэчавым доказам.

"Нельга казаць пра грошы, выстаўленыя ў абвінавачванні, як пра агульную суму"

Валянцін Стэфановіч на судзе з адвакатам, студзень 2023 года
Валянцін Стэфановіч на судзе з адвакатам, студзень 2023 года

Згодна версіі абвінавачванні паводле ч. 4 арт. 228 Крымінальнага кодэкса ("кантрабанда арганізаванай групай"), "дзейнічаючы ў складзе арганізаванай групы з 4 красавіка 2016 года да 14 ліпеня 2021 года пад умовай выкарыстання на тэрыторыі Беларусі для незаконнай дзейнасці і фінансавання ПЦ "Вясна", а таксама іншых арганізацый абнаявілі грошы, якія паступілі ад розных структур і фондаў на банкаўскія рахункі кантраляванай імі замежнай арганізацыі. Затым з дапамогай іншых асоб, дзейнічаючы з адзіным намерам, забяспечылі незаконнае перамяшчэнне наяўных на тэрыторыі Літоўскай Рэспублікі наяўных сродкаў у буйным памеры праз мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага саюза ў агульнай суме не менш за 201 тыс. еўра і 54 тыс. долараў ЗША шляхам іх паэтапнага перамяшчэння праз мяжу без дэкларавання".

На судзе Алесь Бяляцкі адзначыў, што тут нельга казаць пра агульную суму:

"Сумы, пра якія ідуць размовы — гэта грошы з розных праектаў розных гадоў, таму гаварыць пра адзіны намер перамяшчэння гэтых сумаў немагчыма. Няма сумы з 2016 па 2021 год, якую нам прад'яўляе абвінавачванне. Нельга казаць пра грошы, выстаўленыя ў абвінавачванні, як пра агульную суму".

"Калі Крымінальны кодэкс ужываецца супраць харататыўнай дапамогі адзін аднаму — гэта антычалавеча"

Алесь Бяляцкі на судзе, студзень 2023 года
Алесь Бяляцкі на судзе, студзень 2023 года

Паводле абвінавачвання, праваабаронцы "Вясны" "наўмысна ажыццявілі падрыхтоўку грамадзян для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама фінансаванне і матэрыяльнае забеспячэнне такіх акцый пад выглядам праваабарончай і дабрачыннай дзейнасці, у тым ліку ад імя ПЦ "Вясна", незарэгістраванага фонду "BY_HELP", у перыяд з траўня 2020 года па 14 ліпеня 2021 года". У прыватнасці, праваабаронцам ставяцца ў віну: аплаты штрафаў, выплаты грашовых кампенсацый за сродкі, затрачаныя на аплату штрафаў; аплаты рахункаў за харчаванне ў месцах адбыцця спагнанняў у выглядзе адміністрацыйных арыштаў, аплаты працы адвакатаў.

"Для інфармацыйнага суправаджэння сваёй дзейнасці яны выкарыстоўвалі інтэрнэт-рэсурсы ПЦ "Вясна" ў сацыяльных сетках і мэсэнджарах", — гаворыцца ў абвінавачванні.

На судзе стала зразумела, што менавіта ставяць тут у віну вясноўцам. Так, напрыклад, доказам віны праваабаронцаў па гэтаму складу стаў збор грашовых сродкаў у верасні 2020 году на аплату штрафаў для беларускіх жанчын спявачкай беларускага фальклору, якая жыве ў Польшчы, Настай Някрасавай. Усё таму, што ў Алеся Бяляцкага знайшлі перапіску на гэты конт з ёй і беларускім паэтам Андрэем Хадановічам, а таксама артыкул пра гэта на сайце "Вясны". Старшыня "Вясны" на судзе вельмі абураўся, што ў віну праваабаронцам ставяць гэты эпізод:

"Крыміналізацыя дапамогі ахвярам палітычных рэпрэсій, якая нечакана адбылася пасля траўня 2020 года, — амаральная і нечалавечая. Яна самаўпраўная, таму шта гэты артыкул — ч. 2 арт. 342 КК — не змяняўся, ён быў такім доўгія гады. І раптам з траўня 2020 года яго пачалі ўжываць супраць гуманітарнай дапамогі пацярпелым людзям. Таму трактаваць гэтую перапіску як нейкае злачынства — гэта проста антыгуманна.

У традыцыях беларускага народу — дапамагаць людзям, якія знаходзяцца ў бядзе. Але калі такім чынам трактуецца Крымінальны кодэкс, які ўжываецца супраць такой харататыўнай дапамогі адзін аднаму — гэта антычалавеча. Вось да траўня 2020 года чамусьці такая дапамога была магчыма, а пасля траўня — яе забаранілі".

Таксама на судзе ўзгадалі перапіску Бяляцкага і Хадановіча. Першы скінуў яму спасылку на артыкул пра збор грошай Някрасавай на сайце "Вясны". Старшыня "Вясны" пракаментаваў і гэта на працэсе:

"Гэта высокамаральныя ўчынкі, якія здзяйсняліся прадстаўнікамі беларускай інтэлігенцыі — вядомай спявачкай Настай Някрасавай. Паслухайце песні Някрасавай, калі не слухалі раней, у інтэрнэце ёсць яе запісы [звяртаецца да суддзі]. І беларускім паэтам Андрэем Хадановічам, вершы якога вы таксама не чыталі, думаю, то пачытайце [зноў звяртаецца да суддзі]. Гэта высокамаральны ўчынак, як і 76 грамадзян Польшчы, якія ахвяравалі на дапамогу беларускім жанчынам. Што тычыцца мяне, то я не перавозіў гэтыя грошы праз мяжу, не арганізоўваў іх збор — больш каментароў у мяне няма".

"Вы парушаеце мае правы як беларускамоўнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь"

Паралельна Алесь Бяляцкі працягвае прасіць пракурора і суд весці працэс па-беларуску і задаваць яму пытанні на беларускай мове, але, як і раней, чуе адмовы.

"Я расцэньваю гэта як пагарду да беларускай мовы з боку суда і пракуратуры. Вы парушаеце мае правы як беларускамоўнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Вы прынцыпова не хочаце размаўляць на беларускай мове. Вы як чыноўнікі павінны гаварыць і па-беларуску, і па-руску ў залежнасці ад таго, на якой мове з вамі гавораць людзі. Я з вамі размаўляю па-беларуску — вы са мной размаўляйце па-беларуску. Учынілі тут двухмоўе!".

Пракурор кпіў з праваабаронцы, што ў перапісках з грантадаўцамі ён камунікуе на рускай мове:

"Я з імі размаўляю і на рускай, і на польскай, бо яны грамадзяне іншых краін і не ведаюць беларускай мовы. І яны не павінны яе ведаць, а вы павінны ведаць, як чыноўнікі".

Наступнае судовае пасяджэнне прызначана на панядзелак, 30 студзеня, на 11:00. Хутка чакаецца допыт праваабаронцаў.

Палітзняволеным праваабаронцам цяпер патрэбная наша салідарнасць! Падтрымайце іх лістамі, пасылкамі і грашовымі пераводаміСІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму, Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу, Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу

Храналогія суда па "справе Вясны":

У Мінску па "справе Вясны" судзяць чатырох праваабаронцаў. Дзень першы

Суд пакуль адкрыты — мы онлайн сочым за ходам судовага працэсу.

Працягваецца суд па "справе Вясны". Другі дзень

У судзе Ленінскага раёна Мінска 6 студзеня працягваецца суд "па справе Вясны".

Трэці суд па "справе Вясны": Уладзю Лабковічу выклікалі "хуткую", праваабаронцы зноў просяць зняць кайданкі з іх

У судзе Ленінскага раёна Мінска 10 студзеня працягваецца суд "па справе Вясны"

Паказанні засакрэчаных сведак і допыт мытнікаў: што адбывалася на чацвёртым і пятым пасяджэннях па "справе Вясны"

Распавядаем, што адбывалася на чацвёртым і пятым пасяджэннях па гучнай справе супраць праваабаронцаў "Вясны".

Ціск у СІЗА, аператыўная відэаздымка ў брэсцкім офісе, сведкі на паперы. Што стала вядома на шостым пасяджэнні па "справе Вясны"

"Вясна" працягвае сачыць за працэсам над палітзняволенымі калегамі і патрабаваць іх вызвалення.

Сёмае пасяджэнне па "справе Вясны": другая "хуткая" за тыдзень і паперы без подпісаў як доказы віны

У судзе Ленінскага раёна Мінска 16 студзеня адбылося сёмае судовае пасяджэнне па "справе Вясны".

60 тамоў з 283 за некалькі дзён. Паскораны рэжым разгляду ў судзе "справы Вясны"

"Вясна" распавядае, як прайшлі восьмае, дзевятае і дзясятае судовыя пасяджэнні, і што новага па справе супраць палітзняволеных калег.

Абое пераследавалі мастака Алеся Пушкіна: што вядома пра пракурора і суддзю па "справе Вясны"

Распавядаем, што вядома пра пракурора і суддзю па "справе Вясны". 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства