viasna on patreon

Папаўненне ў "тэрарыстычным" спісе, новыя суды для палітвязняў: хроніка пераследу 1 лютага Дапоўнена

2023 2023-02-01T11:55:00+0300 2023-02-02T09:46:41+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/cihanouski_98w.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 1 лютага 2023 года збірае факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

У «тэрарыстычны спіс» дадалі яшчэ шэсць беларусаў — цяпер у ім больш за тысячу чалавек

Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці» — там з'явіліся прозвішчы яшчэ сямі чалавек.

Сярод іх грамадзянін Пакістану Абдул Рахман Маккі, а таксама беларусы Аляксандр Лыцін, Таццяна Карповіч, Сяргей Мацюхевіч, Андрэй Шульгат, Дзмітрый Лагодзіч, Сяргей Захаранка.

Цяпер у «тэрарыстычным спісе» 1003 чалавекі, з іх 256 — беларусы.


Палітвязня Анатоля Латушку перавялі ў наваполацкую калонію

Стала вядома, што стрыечнага брата палітыка Паўла Латушкі нядаўна этапавалі ў наваполацкую калонію № 1.

Нагадаем, у судзе Цэнтральнага раёна Мінска 20 верасня Анатолю Латушку прысудзілі 6 гадоў калоніі, Ліліі Ананян — 5 гадоў "хатняй хіміі", Алене Маліноўскай — 4 гады калоніі. Іх затрымалі 31 студзеня за маляванне па трафарэце на паштовых скрынях у пад'ездах герба "Пагоня" і змясцілі пад варту. На судзе Латушка і Маліноўская віну не прызналі, Ананян — прызнала цалкам.

Анатоль Латушка

Пасля затрымання Латушкі было вядома, што яго збівалі. Падчас суда, які праходзіў у адкрытым рэжыме, былі агучаныя падрабязнасці прымянення фізічнай сілы да яго ў Цэнтральным РУУС. Жонку Анатоля таксама асудзілі праз тры тыдні пасля мужа. Алене прысудзілі 2,5 гады "хатняй хіміі".


Палітвязня Сяргея Ціханоўскага пачнуць судзіць 14 лютага

Сяргей Ціханоўскі падчас пікету на Камароўскім рынку

Нядаўна стала вядома, што супраць Сяргея Ціханоўскага ўзбудзілі новую справу паводле ч.2 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі турмы). Па дадзеных следства, палітвязень падчас адбыцця тэрміну «сістэматычна дапушчаў непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, правакаваў канфлікты, у тым ліку з сукамернікамі. За гэта неаднаразова падвяргаўся спагнанням».

Справу яго пачнуць разглядаць ужо 14 лютага ў судзе г. Жодзіна. Працэс будзе весці суддзя Іван Грынкевіч.

Нагадаем, палітвязню, асуджанаму да 18 гадоў калоніі, у жніўні ўзмацнілі пакаранне і перавялі ў Жодзіна на турэмны рэжым. Там яго бесперапынна змяшчалі ў ШІЗА.

Падтрымаць Сяргея лістамі салідарнасці і паштоўкамі: Турма № 8. 222163, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А, Сяргей Леанідавіч Ціханоўскі.


Telegram выдаліў каналы беларускіх сілавікоў, дзе публікавалі "пакаяльныя" відэа

Знікла ўся сетка Telegram-каналаў, звязаных з ГУБАЗіК - Галоўным упраўленнем па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю МУС, які з 2020 года займаецца рэпрэсіямі ў адносінах да апанентаў Лукашэнкі.

Менавіта на гэтых каналах публікавалі "пакаяльныя" відэа, дзе людзі вымушана прызнаваліся ўдзеле ў пратэстах, падпісцы на "экстрэмісцкія медыя", агучвалі свае заробкі. Там жа публікавалі фота разгромленых кватэр, якія з'ехалі за мяжу, пагрозы і абразы.


Паўлу Мажэйку падоўжылі тэрмін утрымання пад вартай

31 студзеня павінен быў скончыцца тэрмін утрымання пад вартай гарадзенскага журналіста і культурнага дзеяча, а цяпер палітвязня, Паўла Мажэйкі. Аднак журналіста не вызвалілі, а тэрмін утрымання працягнулі яшчэ на адзін месяц.

Павел Мажэйка знаходзіцца за кратамі ўжо пяць месяцаў. З канца снежня 2022 года Паўлу перасталі выдаваць вітаміны і лекі ад родных. Яшчэ раней яму абмежавалі пасылкі і бандэролі.

Павел Мажэйка быў затрыманы і арыштаваны 30 жніўня ў Гародні, калі вярнуўся туды з Беластоку. Цяпер ён знаходзіцца за кратамі ў СІЗА гарадзенскай турмы. За што — дакладна невядома дагэтуль, яго адвакат знаходзіцца пад жорсткай падпіскай аб неразгалошванні.


Чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў

У яго трапілі Facebook-старонка «Кропка» і Telegram-суполка «Радошковичи».

Рашэнні, аб прызнанні іх інфармацыйнай прадукцыі «экстрэмісцкімі матэрыяламі», прынялі, адпаведна, суд Ленінскага раёну Брэста і суд Маладзечанскага раёну.


Арыштаваны старэйшына баптысцкай царквы «Новая Зямля» Андрэй Мамойка

Затрымалі таксама яго жонку Веру Мамойка. Прычынай для арышту, верагодна, сталіся апублікаваныя фатаздымкі з пратэстаў 2020 году. На Мамоек была заведзена крымінальная справа паводле «народнага» артыкула 342 Крымінальнага кодэкса. Сям’ю змясцілі пад варту ў ІЧУ на Акрэсціна.

Андрэй і Вера таксама з’яўляюцца вядомымі музыкамі, якія прынялі ўдзел у запісы некалькіх альбомаў хрысціянскай музыкі. На дадзены момант Мамойка працаваў распрацоўшчыкам у адной з ІТ-кампаній у Беларусі, паведамляе @christianvision.


Затрыманыя чатыры работнікі ААТ"Гомельтранснафта Дружба"

Як паведаміла крыніца Флагштока, знаёмая з сітуацыяй, прычынай сённяшніх затрыманняў стала наведванне работнікамі прадпрыемства з працоўных кампутараў інтэрнэт рэсурсаў, якія рэжым Лукашэнкі прызнаў"экстрэмісцкімі". Прозвішчы затрыманых пакуль невядомыя.


У Гомель затрыманы першакурснік

Сілавікі абвінавацілі хлопца ў тым, што ён папулярызаваў Гітлера. Насамрэч ён выступаў супраць савецкай акупацыі, піша "Гомельская вясна".

Імя затрыманага пакуль невядома праваабаронцам, але «Тэлеграм»-канал, звязаны з сілавікамі паведаміў, што на маладзёна завялі шэраг крымінальных справаў, у прыватнасці: арт.130 (распальванне варожасці) і арт. 130-1 (рэабілітацыя нацызму) Крымінальнага кодэксу.


Медыяменеджару  прад’явілі абвінавачванне, справу неўзабаве перададуць пракурорам

Як піша @bajby, дырэктару газеты "Белорусы и рынок" Канстанціну Залатых прад'явілі шэраг крымінальных артыкулаў, у тым ліку "распальванне варожасці". Канстанціну пагражае да 10 гадоў турмы.

Залатых затрымалі ў траўні 2022 года, сутнасць прэтэнзій да яго дагэтуль невядомая.


ГУБАЗіК апублікаваў «пакаяльнае відэа» з жыхаром Ліды з-за татуіроўкі «Пагоня»

Паводле сілавікоў, жыхар Ліды Аляксандр Пячко атрымаў у сацсетках папярэджанне пра тое, што мае на руках «экстрэмісцкую» татуіроўку — герб «Пагоня». Мужчына прыйшоў у міліцыю, дзе з ім запісалі «пакаяльнае відэа» і прымусілі паабяцаць пазбавіцца ад яе.

Інфармацыя дапаўняецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства