viasna on patreon

Пачаўся суд над палітзняволенымі Валерыяй Касцюговай і Таццянай Кузінай Дапоўнена

2023 2023-02-06T14:55:46+0300 2023-02-06T15:53:24+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/kuzina_kasciuhova.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сёння, шостага лютага 2023 года, у Мінгарсудзе распачаўся суд над палітзняволенымі Валерый Касцюговай і Таццянай Кузінай.

У залежнасці ад ролі кожнай іх абвінавачваюць па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 357 (Дапамаганне дзеянням, учыненым з мэтай захопу ўлады), ч. 3 арт. 361 (Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы) і ч. 3 арт. 130 (Распальванне іншай сацыяльнай варожасці). Сёння іх справу пачынае разглядаць суддзя Мінгарсуда Дзіна Кучук.

Апублікаваны фотаздымак Валерыі на судовым пасяджэнні. 

Былая палітзняволеная Яна Барысовіч распавядала пра сустрэчу з Валерыяй Касцюговай у калідорах СІЗА:

— Я сустракала ў калідоры Валерыю Касцюгову і Паўла Белавуса, і хоць у нас не атрымалася пагаварыць, я зразумела, наколькі гэта прыгожыя душой людзі — гэта было бачна нават па іх усмешках. Сустрэча з імі надала мне бадзёрасці, што было вельмі своечасова, перад гэтым была складаная гутарка са следчым. 

Калектыў SYMPA/BIPART выпусціў зварот, у якім патрабуе спыніць пераслед калегаў-экспертак, праца якіх не можа быць падставай для выстаўленьня супраць іх крымінальных і любых іншых абвінавачанняў. Яны заявілі, што экспертная, выкладчыцкая, а таксама любая іншая прафесійная дзейнасць, якой займаліся Таццяна Кузіна і Валерыя Касцюгова, не мае і не можа мець нічога агульнага з дадзенымі крымінальнымі артыкуламі і ўказанымі ў іх злачынствах. Дзейнасць Таццяны Кузінай і Валерыі Касцюговай заўсёды была звязаная выключна з выкананнем імі сваіх прафесійных абавязкаў. 

Каб выказаць салідарнасць з абвінавачанымі, да будынку суда прыбылі дыпламат амбасады Германіі, а таксама дыпламаты прадстаўніцтваў іншых краінаў Еўразвязу ў Беларусі.  

Шматлікія рэпрэсіі беларускіх улад па палітычных матывах з’яўляюцца парушэннем міжнародных абавязкаў, якія Беларусь сама бярэ на сябе, з’яўляючыся, напрыклад, членам Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе. Федэральны ўрад Германіі патрабуе вызвалення палітычных зняволеных у Беларусі, — падкрэслілі дыпламаты. 

Валерыя Касцюгова — паліталагіня, заснавальніца і рэдактарка сайта экспертнай супольнасці «Наша меркаванне», рэдактарка і аўтарка «Беларускага штогодніка» і кіраўніца групы экспертаў па маніторынгу «Беларусь у фокусе». Яе затрымалі 30 чэрвеня 2021 года.

Таццяна Кузіна — сузаснавальніца школы маладых менеджараў публічнага адміністравання Sympa, экспертка даследчага праекта bipart. Была затрымана ў Мінску ўначы з 28 на 29 чэрвеня 2021 года ў мінскім аэрапорце пры праходжанні пашпартнага кантролю.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства