viasna on patreon

Дайджэст вызваленых: 17 палітвязняў у студзені цалкам адбылі тэрміны, два з іх — больш за 2 гады

2023 2023-02-06T18:08:36+0300 2023-02-09T22:56:09+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/nikicina01.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

На дадзены момант у Беларусі налічваецца 1450 палітвязняў, а колькасць іх павялічваецца штотыднёва. Пры гэтым кожны месяц некалькі дзясяткаў палітвязняў выходзяць з месцаў зняволення або па заканчэнні тэрміну, або пасля суда да накіравання ў ПУАТ ці пачатку адбыцця тэрміну на "хатняй хіміі". Па дадзеных "Вясны", у студзені на волю выйшлі мінімум 22 палітвязні, 17 з якіх цалкам адбылі свае тэрміны, чатыры чалавекі былі асуджаныя да "хатняй хіміі" і вызваленыя з СІЗА, а яшчэ аднаго вызвалілі па амністыі. За што палітзняволеныя адбывалі тэрміны і колькі іх утрымлівалі ў месцах няволі — распавядае "Вясна" ў штомесячным дайджэсце. 

17 палітзняволеных цалкам адбылі тэрмін, яшчэ адзін выйшаў на волю па амністыі

Палітзняволеная Наталля Нікіціна —1 год, 3 месяцы і 7 дзён у зняволенні  

Наталля Нікіціна пасля вызвалення
Наталля Нікіціна пасля вызвалення

Наталля каля 30 гадоў прапрацавала лекаркай. 29 верасня 2021 года жанчыну затрымалі наўпрост на працы — у Мінскім цэнтры дзіцячай псіхіятрыі і псіхатэрапіі. За некалькі гадзінаў да затрымання ёй паведамілі пра звальненне.

Наталлю асудзілі па «справе Зельцэра» на адзін год і 10 месяцаў пазбаўлення волі, а таксама прызначылі штраф у 200 базавых велічыняў (6400 рублёў ці амаль 2500 даляраў). 5 студзеня Наталля выйшла на волю з жаночай калоніі № 4.

Палітзняволеная Таццяна Звярко — 1 год, 4 месяцы і 29 дзён у зняволенні 

Таццяна — жыхарка Ліды, маці ў дэкрэце. Яе асудзілі на 1 год і 6 месяцаў калоніі па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: арт. 369 (Абраза прадстаўніка ўлады) і арт. 368 (Абраза прэзідэнта).

Раней Таццяна працавала ў Лідскім райвыканкаме старэйшым інспектарам у аддзеле дакументацыйнага забеспячэння. Вядома, што прадстаўнік улады, якога абразіла Таццяна ў сувязі з падзеямі жніўня 2020 года, — гэта намеснік начальніка лідскага РАУС Дзяніс Жынко, з якім яна была асабіста знаёма.

Жанчыну ўзялі пад варту ў зале суда. На момант затрымання яе малодшаму сыну быў 1 год і 8 месяцаў.

4 студзеня Таццяна выйшла на волю з гомельскай жаночай калоніі па заканчэнні тэрміну.

Палітвязень Аляксандр Бычкоўскі — 1 год і 6 месяцаў у зняволенні

Аляксандр Бычкоўскі

Жыхара Ельска асудзілі на год и шэсць месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хімія"). Яго прызналі вінаватым у абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК). Паводле матэрыялаў справы, мужчына эмацыйна выказаў сваё меркаванне пра кіраўніка Дзяржынскага РАУС Мінскай вобласці Яўгена Жылінскага пад адным з пастоў у "Аднакласніках". 

З трэцяга ліпеня 2021 года адбываў тэрмін у круглянскай ПУАТ-46. 3 студзеня Аляксандр выйшаў на волю.

Палітзняволены Уладзімір Няронскі — 2 гады, 8 месяцаў і 6 дзён у зняволенні 

Палітвязень Уладзімір Няронскі ў судзе. Фота: spring96.org

Палітзняволены аўтар YouTube-канала "Слуцк для жыцця" Уладзімір Няронскі быў затрыманы 8 траўня 2020 года.

Суд Лагойскага раёна 2 лютага 2021 года асудзіў палітвязня да трох гадоў калоніі. Суд прызнаў Няронскага вінаватым па двум артыкулам Крымінальнага кодэкса: арт. 369 і ч. 1 арт. 342. Палітвязня абвінавацілі ў закліках у сваіх роліках "Слуцк для жизни" да дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак у Слуцку, Мазыры, Брэсце, Бабруйску, Магілёве. Суд прызнаў, што рабіў ён гэта ў змове з блогерам Сяргеем Ціханоўскім і палітыкам Мікалаем Статкевічам. Таксама Няронскі быў прызнаны вінаватым у публічнай абразе ў яго роліку на ютуб-канале старшыні Слуцкага райвыканкама Андрэя Янчэўскага.

Уладзімір адбываў тэрмін у магілёўскай калоніі № 15, адкуль выйшаў на волю 14 студзеня.

Палітвязень Яўген Чарвінскі — 2 гады, 3 месяцы і 11 дзён у зняволенні

Яўген Чарвінскі пасля вызвалення на фоне лагера ўцекачоў у Польшчы. Фота: spring96.org

Хлопца абвінавацілі ў тым, што з 23 па 24 верасня 2020 года ён узяў удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве на вуліцы Глебкі ў Мінску, а ўцякаючы ад супрацоўнікаў АМАП, распыліў газавы пярцовы балончык (ч. 2 арт. 363 КК). Пацярпелы прапаршчык Сяргей Сяргееў атрымаў хімічны апёк абодвух вачэй. Сям'я перавяла яму 1 500 рублёў за маральную шкоду яшчэ да вынясення прысуду.

Суддзя Андрэй Млечка 24 лістапада 2020 года прызначыў Чарвінскаму 2,5 гады калоніі. Тэрмін хлопец адбываў у віцебскай калоніі № 3. 4 студзеня Яўген выйшаў ка волю па заканчэнні тэрміну.

Вядома, што пры затрыманні яго моцна збілі: зафіксаваныя чэрапна-мазгавая траўма і шматлікія выцятыя месцы на твары. 

Палітвязень Уладзімір Цурпанаў — 1 год, 11 месяцаў і 14 дзён у зняволенні 

Валадар Цурпанаў

Цурпанава, асуджанага раней на «хімію», адправілі ў калонію на 2 гады. Падставай для новай крымінальнай справы супраць палітвязня, асуджанага на тры гады «хіміі», стала «парушэнне правілаў унутранага распарадку ва ўстанове». Нібыта супрацоўнікі не аднойчы бачылі як ён сядзеў і ляжаў на ложку ў недазволены час, не засцілаў належным чынам сваё спальнае месца. Вядома, што яго ў калоніі змяшчалі ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ).

У красавіку 2022 года палітвязню ўзмацнілі пакаранне і перавялі на турэмны рэжым у Гродна. Уладзімір выйшаў на волю 19 студзеня

Палітвязень Алег Мазгоў — 1 год, 11 месяцаў і 8 дзён у зняволенні

Алег Мазгоў

Нагадаем,Алега асудзілі да трох гадоў «хіміі» па ч.1 арт. 342 КК за тое, што 9 жніўня 2020 года ён стаяў у счэпцы і выкрыкваў лозунгі. Суд Мазырскага раёна 6 красавіка прыняў рашэнне аб узмацненні рэжыму палітвязню і пераводзе яго з «хіміі» ў папраўчую калонію на 9 месяцаў і 17 дзён. Падставай для ўзмацнення сталі чатыры «парушэнні правілаў унутранага распарадку ва ўстанове», адно з якіх было ў тым, што Алег нібыта не павітаўся з супрацоўнікам «хіміі».

21 студзеня палітвязень выйшаў на волю, цалкам адбыўшы тэрмін. Агулам Алег адбыў у зняволенні 1 год 11 месяцаў і 8 дзён.

Палітзняволеная Алена Лысковіч — 1 год, 5 месяцаў і 30 дзён у зняволенні 

Алена — фігурантка брэсцкай "справы карагодаў", распачатай паводле падзеяў 13 верасня 2020 года ў горадзе, калі пратэстоўцы выйшлі на праезную частку, а іх разагнаў вадамёт.

У судзе Маскоўскага раёна Брэста 7 траўня 2021 года яе асудзілі да 1,5 года "хіміі". З 26 ліпеня 2021 года пачала адбываць пакаранне ў ПУАТ № 25. У той жа дзень пачала адбываць пакаранне і ейная палітзняволеная дачка — Вікторыя, але яна пазней здолела ўцячы за мяжу. Вядома, што 30 кастрычніка 2022 г. палітзняволеную затрымлівалі на "хіміі". У выніку ёй прызначылі штраф паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП (Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў).

25 студзеня Алена выйшла на волю з гродзенскай папраўчай установы, цалкам адбыўшы тэрмін.

Палітвязень Віктар Акцістаў — 2 гады, 3 месяцы і 10 дзён у зняволенні

Суд Ленінскага раёна 30 снежня 2020 года асудзіў студэнта 4 курса Інстытута прадпрымальніцкай дзейнасці за гвалт у дачыненні да супрацоўніка АМАПу 10 жніўня (арт. 364 КК) да 2,5 гадоў калоніі. У той вечар студэнт хацеў адбіць ад затрымання незнаёмага хлопца каля гасцініцы "Юбілейная" — у выніку гэтага ён нанёс супрацоўніку АМАПу некалькі ўдараў. Пры затрыманні быў моцна збіты, бацькі на працягу некалькіх дзён не маглі знайсці яго.

У межах крымінальнай справы палітвязень быў узяты пад варту 21 верасня 2020 года. Віктар адбываў тэрмін у магілёўскай папраўчай калоніі № 15.

Палітвязень Андрэй Ізотаў —1 год і 8 месяцаў у зняволенні

Індывідуальнага прадпрымальніка з Мінска асудзілі на два гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хімія") за абразу амапаўца (арт. 369 КК). Таксама Ізотаў павінен выплаціць пацярпеламу супрацоўніку 1500 рублёў маральнай шкоды. Акрамя гэтага, пастанавілі знішчыць сім-карту Ізотава. Палітвязня абвінавацілі ў тым, што ён у тэлеграм-чаце "Карнікі Беларусі" напісаў каментар пад размешчанымі дадзенымі: "... тупое, дальше некуда".

Андрэя затрымалі 23 красавіка, калі ён ляцеў у Маскву — наўпрост знялі з рэйса. Да суда яго амаль чатыры месяцы ўтрымлівалі пад вартай. Тэрмін палітвязень адбываў у магілёўскім ПУАТ-43.

Палітвязень Аляксандр Мілашэўскі 1 год, 4 месяцы і 2 дні ў зняволенні

Аляксандр Мілашэўскі

Палітвязня затрымалі 29 верасня 2021 года па крымінальнай справе, узбуджанай за каментары ў інтэрнэце пасля гібелі ў мінскай кватэры супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка і it-спецыяліста Андрэя Зельцэра. Мінскі гарадскі суд 30 лістапада прызначыў яму два гады калоніі.

Палітвязень Андрэй Пятроўскі — 1 год, 5 месяцаў і 6 дзён у зняволенні

Андрэй Пятроўскі

Палітзняволены былы настаўнік гісторыі і грамадазнаўства са Смаргоні быў асуджаны да 1,5 гадоў калоніі за паклёп на Лукашэнку. Судзілі яго за тое, што ён паказаў 11-класнікам на ўроку грамадазнаўства відэаролік з лагатыпам, які прызнаны экстрэмісцкім. Сярод вучняў быў сын мясцовай чыноўніцы, які зняў гэта на мабільны тэлефон і выклаў запіс у “сямейны чат”. Пасля гэтага настаўніка звольнілі і завялі крымінальную справу.

Палітвязень Максім Сілюк 2 гады, 2 месяцы і 4 дні ў зняволенні

Жыхара Брэста затрымалі 28 лістапада 2020 года па справе аб блакаванні чыгуначных шляхоў і развешванні пудзілаў у Брэсце. Яго абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 339 КК за нанясенне надпісу пратэснага характару на гандлёвы павільён і арт. 309 КК за ўстаноўку на чыгуначных шляхах металічнага провада, з прычыны чаго электрацягніку быў пададзены сігнал аб спыненні.

18 траўня 2021 года Максім асуджаны судом Ленінскага раёна Брэста на 2 гады і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Тэрмін палітвязень адбываў у шклоўскай калоніі № 17.

Палітвязень Аляксандр Антанюк — 1 год, 2 месяцы і 26 дзён у зняволенні

Мужчына быў асуджаны да 1,5 года калоніі па брэсцкай «карагоднай справе».

Аляксандр працаваў следчым да 2020 года, пасля чаго звольніўся. Яго затрымалі 2 лістапада 2021 года ў межах "справа карагодаў" паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу за ўдзел у акцыі пратэсту 13 верасня 2020 года ў Брэсце.

Аляксандру прызначылі адзін год і шэсць месяцаў зняволення ў калоніі агульнага рэжыму.

Тэрмін палітвязень быў накіраваны адбываць у віцебскую калонію № 3, адкуль 28 студзеня 2023 года выйшаў на волю.

Палітвязень Дзяніс Краўчук — 1 год, 8 месяцаў і 11 дзён у зняволенні 

Дзяніс Краўчук пасля вызвалення
Дзяніс Краўчук пасля вызвалення

Дзяніс — актывіст, дальнабойнік. Дзяніс быў затрыманы 26 красавіка 2021 года ў межах крымінальнай справы аб замове з мэтай захопу дзяржаўнай улады (арт. 357 Крымінальнага кодэксу), але пазней асудзілі па народным артыкуле 342 КК — за ўдзел у пратэстах. Суддзя Уладзімір Арэшка прысудзіў яму 2,5 гады зняволення ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

На пачатку снежня Дзяніса этапавалі ў шклоўскую ПК № 17, дзе ён 22 дні правёў у ШІЗА. Палітвязень цалкам адбыў тэрмін і 6 студзеня выйшаў на волю.

Палітвязень Давід Збаранскі — 2 гады, 1 месяц і 3 дні ў зняволенні 

Хлопца затрымалі, калі яму было яшчэ толькі 17 гадоў — 30 лістапада 2020-га, адразу пасля вяртання з Польшчы.

Падставай для затрымання, а пазней і крымінальнай справы, стаў удзел у акцыі пратэсту, якая прайшла 10 жніўня 2020 года ў Брэсце. У выніку Давіду прысудзілі 3 гады калоніі.

21 студзеня палітвязень выйшаў на волю з бабруйскай калоніі № 2.

Палітвязень Сяргей Есьмановіч — 1 год, 3 месяцы і 21 дзень у зняволенні

У Гомельскім абласным судзе 22 лістапада Сяргея асудзілі паводле ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса (Распальванне іншай сацыяльнай варожасці). Суддзя Аляксей Хлышчанкоў прызначыў яму 2 гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Першапачаткова Сяргею ставілі ў віну і абразу прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК). Але з судовай пастановы вынікае, пазней гэты артыкул знялі з абвінавачвання.

20 студзеня Сяргей выйшаў на волю, цалкам адбыўшы тэрмін.

Палітвязень Пётр Зіневіч — 1 год, 9 месяцаў і 3 дні ў зняволенні 

Пётр — прадпрымальнік-тэлемайстар з Баранавічаў. Яго асудзілі на два гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хімія") паводле артыкула 188 КК (Паклёп).

Мужчыну асудзілі за тое, што ён ў жніўні на сваёй старонцы "ВКонтакте" апублікаваў фота супрацоўніка Баранавіцкага РАУС з надпісам "Удзельнічаў у разгоне мітынгаў і катаваў людзей". Таксама яму прызначылі заплаціць 1 000 рублёў маральнай кампенсацыі пацярпеламу міліцыянту.

Жонка палітвязня Ірына Красуцкая таксама была асуджана да 2 "хатняй хіміі" за каментар паводле арт. 369 КК (Абраза прадстаўніка ўлады).

З 16 жніўня 2021 года Пётр адбываў тэрмін у віцебскай ПУАТ № 9. 11 студзеня палітвязень выйшаў на волю паводле закона аб амністыі ад 7 снежня 2022 года.

Чатыры палітвязні былі асуджаныя да "хатняй хіміі" і вызваленыя з СІЗА пасля суда  

У студзені беларускія суды ў абсалютнай большасці прызначалі палітвязням пазбаўленне волі. Толькі чатыры чалавекі ў мінулым месяцы выйшлі на волю з СІЗА пасля суда — ім прызначылі "хатнюю хімію". Але гэтыя дадзеныя могуць быць няпоўныя, бо не ўсе вынікі судоў над палітвязнямі пакуль вядомыя праваабаронцам. Гэта:

Дайджэст вызваленых: 24 палітвязні ў снежні цалкам адбылі тэрміны, два з іх — 2,5 гады

За што палітзняволеныя адбывалі тэрміны і колькі іх утрымлівалі ў месцах няволі — распавядае "Вясна" ў штомесячным дайджэсце.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства