23 сакавіка ў Слоніме былі затрыманыя міліцыяй прадстаўнікі Народнай кааліцыі “Пяцёрка плюс”
23 сакавіка ў Слоніме былі затрыманыя міліцыяй прадстаўнікі Народнай кааліцыі “Пяцёрка плюс” – намесьніца старшыні Партыі камуністаў беларускай Алена Скрыган, старшыня партыі БНФ Вінцук Вячорка і сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Паўлаў.
Яны разам прыехалі ў Слонім па запрашэньні дэпутата мясцовага савету Івана Шэгі на сутрэчу з выбаршчыкамі. Плянавалася правесьці сустрэчу ў школе, але яна была зачыненая. Было вырашана праводзіць сустрэчу ў школьным двары, на лаўках. Аб тым, што адбылося далей, распавёў у інтэрвію Радыё Рацыя Вінцук Вячорка: “Як толькі мы, менскія госьці, пакінулі сустрэчу на машыне, нас затрымала міліцыя і канваявала да Раённага аддзелу ўнутраных справаў. Каля РАЎСа нас пратрымалі дзьве з паловай гадзіны, забралі ў нас пашпарты й спрабавалі зацягнуць у памяшканьне, каб скласьці пратаколы – мы адмовіліся. Урэшце рэшт, нам вярнулі пашпарты, але паабяцалі што будуць складзеныя пратаколы паводле артыкулу Адміністратыўнага кодексу167-1 (парушэньне парадку ды арганізацыі мітынгаў і сходаў – РР). На момант нашага выезду са Слоніму дэпутат Іван Шэга заставаўся ў РАЎСЕ. Я ацэньваю гэта як спробу прадухіліць цэлую сэрыю сустрэчаў мясцовых дэпутатаў, сяброў партыяў Народнай кааліцыі “Пяцёрка плюс” з выбаршчыкамі, у якіх бралі б удзел і выбаршчыкі, і госьці зь Менску, палітычныя лідэры. Гэта, так сказаць, першая спроба, якая робіцца насуперак заканадаўству, якое дазваляе дэпутату праводзіць сустрэчу дзе й калі ён хоча – гэта яго работа й абавязак”.