viasna on patreon

Суткі за "пікетаванне" ў чат-рулетцы і грамадскія працы за "экстрэмісцкі" рэпост: вынікі адміністрацыйнага пераследу ў студзені

2023 2023-02-09T17:41:54+0300 2023-02-09T17:57:33+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/kavaleuski_ill.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Больш за два з паловай гады па ўсёй Беларусі адбываюцца штодзённыя затрыманні, ператрусы, выклікі на "прафілактычныя гутаркі", пасля якіх людзі не выходзяць на волю. У студзені, паводле інфармацыі праваабаронцаў "Вясны", было затрымана не менш за 350 чалавек — прыкладна 11 чалавек у дзень. Суды ў мінулым месяцы разглядзелі мінімум 141 палітычна матываваную адміністрацыйную справу. Беларускімі суддзямі было прызначана не менш за 44 адміністрацыйныя арышты, 10 штрафаў, а таксама зафіксаваны адзін выпадак прызначэння грамадскіх прац на тэрмін 60 гадзін. "Вясна назірае" склала традыцыйны спіс самых дзіўных і недарэчных прычын, па якіх беларусаў судзілі ў студзені.

У Рагачове асудзілі двух мясцовых жыхароў пасля правакацыі ў чат-рулетцы 

lagutenko01.jpeg
Дзмітрый Лагуценка падчас размовы з Юрыем Комарам

У пачатку студзеня ў Рагачове былі затрыманыя мясцовыя жыхары — Дзмітрый Лагуценка і ягоны сябар, прозвішча якога невядомае. Падставай стала іх размова з чатрулетчыкам Юрыем Комарам. Падчас затрымання ім на галаву апранулі БЧБ-сцягі, а пасля прымусілі мыць імі падлогу.

Спачатку іх асудзілі паводле арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне). Згодна з пратаколам сябра Лагуценкі, "падчас гутаркі ў інтэрнэце ён дэманстраваў бел-чырвона-белы сцяг, а відэаролік размовы быў размешчаны ў прапагандысцкім тэлеграм-канале ЖС Premium". Пры гэтым відэа на канале было размешчана днём 4 студзеня, а ўвечары хлопцы ўжо былі затрыманы.

Мужчына часткова прызнаў сваю віну і патлумачыў, што яны з Лагуценкам ужывалі алкаголь, а пазней пачалі размаўляць з незнаёмымі людзьмі ў чат-рулетцы. Пакуль Лагуценка размаўляў з незнаёмцам на тэму вайны ва Украіне, сябар пайшоў па дровы і знайшоў БЧБ-сцяг, які перадаў Дзмітрыю. Той надзеў яго на плечы. У выніку незнаёмец запісаў размову з хлопцамі і выклаў у інтэрнет.

Да матэрыялаў справы міліцыянты далучылі і рапарт супрацоўніка восьмага ўпраўлення ГУБАЗіКа па Гомельскай вобласці. Таксама паводле матэрыялаў справы, "на відэазапісы ідзе размова на тэму вайны ва Украіне і малады чалавек просіць скінуць зброю дронам, далей гэты чалавек вешае на спіну бел-чырвона-белы сцяг, які яму падае сябар".

Суд пастанавіў прызнаць мужчыну вінаватым у пікетаванні перад правакатарам Комарам і арыштаваць яго на 15 сутак. Бел-чырвона-белы сцяг далучылі да матэрыялаў справы, а кампутар канфіскавалі.

Вядома, што Лагуценку ў пачатку студзеня таксама судзілі паводле арт. 24.23 КаАП, але вынік невядомы. Ужо 19 студзеня яго зноў асудзілі, але гэтым разам — за падпіску на "Белсат" паводле арт. 19.11 КаАП. Суд арыштаваў Лагуценку на 15 сутак. Па папярэдняй інфармацыі, супраць Дзмітрыя ўзбудзілі крымінальную справу паводле арт. 130 КК (распальванне іншай сацыяльнай варожасці).

На вулічнага музыку склалі пратакол за выкананне гімна Украіны, але справу спынілі

У студзені ў судзе Маскоўскага раёна Мінска была разгледжана справа супраць хлопца, якога абвінавачвалі паводле арт. 24.23 КаАП. Згодна з пратаколам, хлопец, "знаходзячыся ў падземным пераходзе на праспекце Незалежнасці, прыняў удзел у пікетаванні, шляхам выканання на скрыпцы гімна Украіны з мэтай выказвання грамадска-палітычных інтарэсаў".

Але суд у выніку спыніў справу праз сканчэнне тэрміну — з затрымання прайшло больш за два месяцы.

"Суткі" за фота людзей на акцыях пратэсту ў 2020 годзе

У Віцебску 17 студзеня мясцовага жыхара пакаралі 7-сутачным арыштам паводле арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне). Яго абвінавацілі ў публікацыях на сваёй старонцы ў Instagram фота людзей, якія прымалі ўдзел у пратэстах, малюнкі з пратэснымі сімваламі і лозунгамі, а таксама малюнкі з БЧБ-сцягамі і гербам "Пагоня". У выніку суд Першамайскага раёна Віцебска прызнаў мужчыну вінаватым і арыштаваў яго на 7 сутак.

Яшчэ аднаго віцебчука таксама асудзілі за публікацыі на сваёй старонцы ў "Вконтакте" фота людзей з пратэстаў, малюнкі з пратэснымі сімваламі і лозунгамі, а таксама малюнкі з БЧБ-сцягамі і гербам "Пагоня".

На судзе ён сваю віну не прызнаў і адзначыў, што ў пратэстах не ўдзельнічаў. Вядома, што затрымліваў мужчыну ГУБАЗіК.

У матэрыялах справы таксама пазначана, што, "выказваючы сваю нязгоду з вайной ва Украіне, мужчына размясціў у сябе на руцэ выяву сцяга Украіны, фатаграфаваў сябе з гэтая выявай і размясціў фата ў сябе на старонцы". Вынікам стаў арышт тэрмінам на 15 сутак.

Грамадскія працы за "экстрэмісцкі" рэпост

Суд Лёзненскага раёна 10 студзеня разглядзеў адміністрацыйную справу паводле арт. 19.11 КаАП супраць грамадзяніна РФ. Мужчыну празналі вінаватым у "распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў" у "Аднакласніках" і прызначылі яму 60 гадзінаў грамадскіх прац.

1110 рублёў — за аватарку з Паўлам Севярынцам і бел-чырвона-белай стужкай

Жыхара Шаркоўшчыны Ігара Дземідовіча штрафам у памеры 30 базавых велічыняў (1110 рублёў) пакарала 24 студзеня суддзя Аксана Табола, піша "Віцебская Вясна". Аватарка была ў фэйсбуку яшчэ ў 2020 годзе, але, як сказалі міліцыянты, тут тэрміну даўніны няма. Пратакол на Ігара Дземідовіча складалі шаркоўшчынскія міліцыянты па загадзе з Віцебска тыдзень таму.

Міліцыянты падчас складання пратаколу забралі ў актывіста тэлефон і сказалі, што аддадуць яго толькі пасля аплаты штрафу, які прызначыў суд.

Велізарны штраф за малюнкі ў сацыяльных сетках

Верхнядзвінскую актывісту руху "За Свабоду" Валянціну Болбат затрымалі 22 лістапада. Пазней над ёй адбыліся тры суды запар. Суддзя Зінаіда Балаболава двойчы арыштавала Валянціну на 10 сутак паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў), а на трэці раз прызначыла 320 рублёў штрафу.

За кратамі ў жанчыны пагоршылася здароўе, таму яе вызвалілі на тры дні раней. Па інфармацыі "Віцебскай Вясны", 11 студзеня яе выклікалі ў Верхнядзвінскі РАУС і сказалі прыйсці ў міліцыю ў Наваполацку. Там яе адразу ж затрымалі і адправілі ў ЦІП даседжваць трое сутак. Тады яна абвесціла галадоўку на знак пратэсту супраць несправядлівых абвінавачванняў.

Ужо 13 студзеня адбыўся над ёй чарговы суд. Жанчыну абвінавацілі ў "несанкцыянаваным пікетаванні" па арт. 24.23 КаАП за малюнкі ў сацыяльных сетках. Суддзя Балаболава прызначыла ёй яшчэ 100 базавых велічыняў штрафу (3 700 рублёў).


Калі вы адбывалі адміністрацыйны арышт і сутыкнуліся з бесчалавечным і жорсткім абыходжаннем у ІЧУ і ЦІП, парушэннем правоў чалавека — калі ласка, пішыце на: Telegram: @zvarot96, Email: zvarot@spring96.org

Гэта патрэбна, каб зафіксаваць парушэнні вашых правоў і дапамагчы скласці скаргу. Мы будзем вам вельмі ўдзячныя за дапамогу!

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства