viasna on patreon

"Прысуд у дачыненні да майго падабароннага можа быць толькі апраўдальным", — адвакатка Валянціна Стэфановіча

2023 2023-02-12T15:39:20+0300 2023-02-13T08:39:20+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/stefanovich_sud_90.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Ленінскага раёна Мінска ўжо больш за месяц ідзе судовае разбіральніцтва па крымінальнай справе супраць старшыні "Вясны" і Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага, яго намесніка і віцэ-прэзідэнта FIDH Валянціна Стэфановіча, каардынатара кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзіміра Лабковіча і праваабаронцы Дзмітрыя Салаўёва (у парадку спецыяльнай вытворчасці). 9 лютага пракурор Аляксандр Кароль запрасіў тэрміны для праваабаронцаў "Вясны": ад 9 да 12 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Адвакаты настойваюць на невінаватасці праваабаронцаў і просяць апраўдаць іх. Публікуем вытрымкі прамовы ў судовых спрэчках адвакаткі Валянціна Стэфановіча Таццяны Курадавец.

Валянцін Стэфановіч на судзе
Валянцін Стэфановіч падчас суда

Нагадаем, пракурор Аляксандр Кароль прапанаваў суду прызначыць намесніку старшыні Праваабарончага цэнтра "Вясна" і віцэ-прэзідэнту Міжнароднай Федэрацыі за правы чалавека Валянціну Стэфановічу 11 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф у 5000 базавых велічынь. 

"Абвінавачанне, прад'яўленае па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса, не пацвярджаецца"

Абарона ў сваім выступе адзначыла, што аб'ёмы матэрыялаў па справе ўражваюць: у перыяд следства было дапытана больш за 350 сведак, праведзена больш за 120 вобшукаў па ўсёй краіне, сабрана без малога 300 тамоў пісьмовых матэрыялаў.

"Натуральным, у дачыненні да такога працяглага і сур'ёзнага працэсу, з'яўляецца чаканне бездакорна сфармуляванай пазіцыі абвінавачвання, заснаванай на дастатковай сукупнасці дакладных, суадносных і дапушчальных доказаў, якія пацвярджалі б кожнае слова; выверанай і прадуманай да дробязяў пастановы пра прыцягненні ў якасці абвінавачаных. Аднак, вывучыўшы матэрыялы справы, заслухаўшы дапытаных у судовым пасяджэнні сведак і даследаваўшы астатнія доказы, становіцца відавочным, нелагічнасць і вельмі супярэчлівы характар прад'яўленага абвінавачвання, а таксама тое, што доказы, у асноўнай сваёй масе не маюць дачынення да перыяду прад'яўленага абвінавачвання, носяць супярэчлівы характар, з'яўляюцца ксеракопіямі, якія змяшчаюць у сабе шмат супярэчнасцяў.

То абвінавачванне, якое прад'яўлена сёння майму падабароннаму па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса, на мой погляд, не пацвярджаецца. Больш за тое, на працягу амаль усяго перыяду расследавання – больш за год знаходжання майго падабароннага пад вартай — ён абвінавачваўся ў здзяйсненні іншага злачынства, прадугледжанага артыкулам 243 Крымінальнага кодэкса. Аднак, як высветлілася ў наступстве, ніякіх падстаў для прад'яўлення такога абвінавачвання і ўтрымання яго пад вартай па тых падставах — не мелася. І яму было прад'яўлена ўжо зусім іншае абвінавачванне ў самым канцы папярэдняга расследавання па нечакана зусім іншых падставах".

Адвакатка нагадала, што першапачаткова гаворка ішла пра нясплату падаткаў і праводзілася шмат падатковых праверак у дачыненні да Стэфановіча, а "вынікам гэтай тытанічнай, так бы мовіць, працы, з'явілася канстатацыя факту аб налічэнні падатку на суму блізу 200 беларускіх рублёў". Яна таксама падкрэсліла, што ў пастанову аб прыцягненні ў якасці абвінавачанага павінна ўтрымлівацца апісанне інкрымінаванага абвінавачанаму злачынства, з указаннем часу і месца яго здзяйснення, а таксама абставіны, якія падлягаюць доказу, а пры абвінавачванні ў здзяйсненні некалькіх злачынстваў такая пастанова павінна ўтрымліваць указанне на тое, якія канкрэтныя дзеянні па кожным пункце артыкула Крымінальнага кодэкса ставяцца абвінавачанаму.

"Пастанова аб прыцягненні ў якасці абвінавачанага майго падабароннага займае 60 старонак. Пры гэтым значная частка пастановы не адносіцца да апісання інкрымінаваных злачынстваў з указаннем часу, месца іх здзяйснення, іншых абставінаў, якія падлягаюць доказу. У прыватнасці, прыводзіцца апісанне так званай незаконнай дзейнасці ПЦ "Вясна", якая не ўтварае складу якога-небудзь злачынства, ды яшчэ і да даты, калі, на думку следства, было пачата здзяйсненне злачынства.

Сапраўды значныя абставіны, якія органы крымінальнага пераследу абавязаны ўстанавіць у сілу нормаў КПК, устаноўленыя не былі і ў дадзенай пастанове адсутнічаюць.

Так, пры ўказанні аб здзяйсненні абвінавачанымі злачынства, прадугледжанага часткай 4 артыкула 228 Крымінальнага кодэкса, не ўстаноўлена і не прыведзена ў пастанове ні дакладны час, ні месца, ні асобы, якія фактычна перамясцілі, на думку боку абвінавачвання, прадмет злачынства — грашовыя сродкі. Замест гэтага прыводзяцца фармулеўкі "неўстаноўленыя асобы", "у неўстаноўленым месцы", "у неўстаноўлены час".

Кантрабанда — гэта злачынства, аб'ектыўны бок якога выяўляецца ў перамяшчэнне тавару з парушэннем устаноўленага парадку і мытнага афармлення. Азначанае злачынства лічыцца скончаным з моманту фактычнага перасячэння тавару мытнай мяжы, то бок факт перасячэння асобамі мытнай мяжы і перасоўванне прадмета кантрабанды падлягае абавязковаму ўстанаўленню і доказу.

Выснова аб тым, што ўся астатняя сума, указаная ў пастанове як прадмет кантрабанды, наогул увозілася ў Беларусь праз мытную мяжу наяўнымі грашыма, а не была атрыманая іншым шляхам, якіх у XXI стагоддзі можа быць колькі заўгодна, носіць характар здагадкі і з'яўляецца суб'ектыўнай высновай боку абвінавачвання. Разлікі, якія прымяняюцца следствам, зыходзячы з сум выдаткаваных у Беларусі на дзейнасць ПЦ "Вясна", у корані неабгрунтаваныя, а логіка такога разліку — памылковая".

На думку абароны органам крымінальнага пераследу была дапушчана істотная памылка ў тлумачэнні нормаў Падатковага кодэкса ЕАЭС, бо да 1 студзеня 2018 года прадугледжваўся абавязак мытнага дэкларавання ў пісьмовай форме наяўных грашовых сродкаў, калі іх агульная сума пры адначасовым увозе перавышае эквівалент 10 000 долараў. У абвінавачванні ж гаворка ідзе не аб адначасовым ўвозе, а пра паэтапнае перамяшчэнне грашовых сродкаў на працягу пяці гадоў.

"Аб адзіным намеры перамяшчэнне канкрэтнай сумы з парушэннем устаноўленага парадку дэкларавання шляхам яе падзелу на часткі, як мяркуе бок абвінавачвання, можна было б весці гаворку ў выпадку драбнення адной наяўнай у рэчаіснасці сумы, якую асоба або асобы жадаюць адначасова перамясціць, на часткі, якія не перавышаюць 10 000 долараў, і ў наступным перамяшчэнні некалькімі асобамі альбо адной асобай у некалькі этапаў і наступнага акумулявання ў Рэспубліцы Беларусь. Аднак такія абставіны ў гэтай справе адсутнічаюць. Доказы наяўнасці такога адзінага намеру на перасоўванне адной канкрэтнай сумы адначасова — не прадстаўленыя. Такім чынам, у дачыненні да абвінавачвання ў кантрабандзе варта канстатаваць, што не даказана сама падзея злачынства. Тым больш адсутнічаюць доказы ўдзелу майго падабароннага Валянціна Канстанцінавіча да перамяшчэння якіх-небудзь грашовых сродкаў з тэрыторыі замежнай дзяржавы як асабіста, так і з дапамогай іншых асобаў".

"Выплаты рабіліся, даваліся кансультацыі або скаргі складаліся ўжо з-за таго, што асоба была прыцягнутая да адказнасці"

Таццяна Курадавец адзначыла, што названыя ў абвінавачванні па ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса дзеянні па аплаце альбо кампэнсацыі штрафаў, рахункаў за харчаванне, дачы кансультацый, афармленні скаргаў не могуць утвараць складу злачынства, паколькі з'яўляюцца не прычынай, а следствам ужо здзейсненых адміністрацыйных правапарушэнняў ці злачынстваў.

"Дзяржаўны абвінаваўца ў сваім выступе паказаў, што лічыць даказанай віну абвінавачаных у здзяйсненні дадзенага злачынства, паколькі нібыта мела месца загадзя абяцаная выплата названых сродкаў, што паўплывала і сфармавала суб'ектыўнае жаданне ў грамадзянаў прымаць удзел у названых дзеяннях. З матэрыялаў справы вынікае, што ні адно злачынства, прадугледжанае часткай 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса ў дадзеным выпадку, не было здзейснена асобамі з-за таго, што ім ці іншым асобам былі аказаны дадзеныя паслугі. Наадварот, выплаты рабіліся, даваліся кансультацыі або скаргі складаліся ўжо з-за таго, што асоба была прыцягнутая да адказнасці за здзяйсненне правапарушэння або злачынства. Гэта значыць, бок абвінавачвання падмяняе прычыны і следства названых абставінаў".

Далей адвакатка паказвала, што па матэрыялах справы на сайце ПЦ "Вясна" прама ўказваецца, як раз такі, што нельга рабіць пры ўдзеле ў масавых мерапрыемствах: нельга перакрываць і блакаваць рух грамадскага транспарту, нельга паддавацца на правакацыі і ўжываць гвалт, і г.д. Гэта сведчыць, што дзеянні праваабаронцаў не былі накіраваныя на падрыхтоўку асобаў да ўдзелу ў здзяйсненні злачынных дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак.

"І трэцяя прычына, па якой нельга пагадзіцца з прад'яўленым абвінавачваннем у гэтай частцы — гэта тое, што адсутнічаюць доказы ўдзелу асабіста Стэфановіча ў такой дзейнасці".

Адвакатка звярнула ўвагу, што "на гэтым можна было б паставіць кропку і прасіць аб вынясенні апраўдальнага прысуду, але ў пастанове аб прыцягненні ў якасці абвінавачанага выкладзена шмат рознага роду тэзісаў і перакананняў, на якіх будуе сваю пазіцыю бок абвінавачвання", таму яна пракаментавала асобныя з іх.

"Для названых дзеянняў не патрабуецца ні адвакацкай ліцэнзіі, ні дзяржаўнай рэгістрацыі, ні іншых фармальнасцяў або ўмоўнасцяў"

Суд по

У прыватнасці, Курадавец адзначыла, што нібыта абвінавачаныя і іншыя неўстаноўленыя асобы не пазней за 4 красавіка 2016 года аб'ядналіся ў кіраваную і ўстойлівую групу, але зразумець, калі менавіта і з якой мэта была створана арганізаваная група, даволі цяжка. Згодна з заканадаўствам, "пад здзяйсненнем злачынства арганізаванай групай варта разумець наўмысны ўдзел у ім двух або больш асоб, якія папярэдне аб'ядналіся ў кіраваную ўстойлівую групу для сумеснай злачыннай дзейнасці".

"Пры гэтым і ў пастанове, і дзяржаўным абвінаваўцам у судовых спрэчках таксама пазначана, што для злачыннай дзейнасці была зарэгістраваная абвінавачанымі арганізацыя Pavasaris 14 студзеня 2015 года. Але ў далейшым абвінавачванні ўказваецца, што абвінавачваныя аб'ядналіся для сумеснай злачыннай дзейнасці 4 красавіка 2016 года. 

Мы можам канстатаваць, што абвінавачванне ў частцы стварэння арганізаванай групы супярэчлівае: не ўстаноўлена рэальная дата і мэта аб'яднання ў кіраваную і ўстойлівую групу абвінавачаных.

Далей у абвінавачванні ўтрымліваецца апісанне нібыта дзейнасці Стэфановіча ў складзе арганізаванай групы ад імя праваабарончага цэнтра" Вясна", якая называецца як незаконная дзейнасць. У гэтай сувязі лічу неабходным крыху раскрыць паняцце праваабарончай дзейнасці, паколькі падчас гэтага судовага пасяджэння склалася ўражанне, што гэта малавывучаная тэма, неразуменне якой і прывяло да таго, што бок абвінавачвання адносіць яе то да незаконнай па прычыне адсутнасці дзяржаўнай рэгістрацыі альбо ліцэнзіі на права ажыццяўлення адвакацкай дзейнасці, то да забароненай, а то і зусім да злачыннай".

Бок абароны падкрэсліў, што дзейнасць "Вясны" ажыццяўлялася і фінансавалася нашмат раней перыяду абвінавачвання ў здзяйсненні кантрабанды. Таксама з Кіруючых прынцыпаў па абароне праваабаронцаў БДІПЧ АБСЕ адвакатка прывяла вызначэнне паняцця "праваабаронца": любая асоба, якая заахвочвае і імкнецца дапамагчы рэалізацыі правоў чалавека, з'яўляецца праваабаронцам, незалежна ад роду дзейнасці, узросту ці іншага статусу, а таксама ад таго, ці ажыццяўляе яна праваабарончую дзейнасць індывідуальна або сумесна з іншымі, у складзе нефармальнай групы або няўрадавай арганізацыі, у якасці валанцёра або на прафесійнай аснове. І прывяла палажэнне з Дэкларацыі аб праваабаронцах, якім прадугледжана права кожнай асобы індывідуальна або сумесна з іншымі ажыццяўляць праваабарончую дзейнасць: прапаноўваць або прадастаўляць прафесійную кваліфікаваную юрыдычную дапамогу ці іншыя адпаведныя кансультацыі і дапамогу ў абароне правоў чалавека і асноўных свабодаў.

"Гэта як раз тое, чым, як паказана бокам абвінавачвання, займаўся Праваабарончы цэнтр "Вясна": дача кансультацый, складанне скаргаў і да таго падобнае. І мы бачым, што ў адпаведнасці з названай Дэкларацыяй для названых дзеянняў не патрабуецца ні адвакацкай ліцэнзіі, ні дзяржаўнай рэгістрацыі, ні іншых фармальнасцяў або ўмоўнасцяў. Таксама, як ужо гаварылася маім калегам, Камітэтам па правах чалавека было канстатавана, што ліквідацыя ў 2003 годзе Праваабарончага цэнтра "Вясна" парушае права на асацыяцыю, і дзяржава была ў адпаведнасці з рашэннем Камітэта абавязана прыняць меры па недапушчэнні аналагічных парушэнняў у будучыні і перарэгістраваць "Вясну" і выплаціць кампенсацыю.

На думку абвінавачвання, праваабарончая дзейнасць з'яўляецца незаконнай з прычыны таго, што на яе ажыццяўленне павінна была быць атрымана адвакацкая ліцэнзія, — дадзенае сцвярджэнне, мяркую, не заснавана на нормах заканадаўства, і супярэчыць зместу Закона "Аб адвакатуры і адвакацкай дзейнасці".

Адвакатка Стэфановіча звярнула ўвагу і на тое, што праваабарончая дзейнасць "Вясны" з'яўляецца бязвыплатнай насуперак довадам боку абвінавачвання:

"А той факт, што яна фінансуецца за кошт сродкаў грантадаўцаў альбо яшчэ каго-небудзь, не робіць яе платнай для грамадзянаў, паколькі непасрэдна для асобаў, якім такая дапамога аказваецца, яна з'яўляецца бязвыплатнай".

"Усе атрыманыя грашовыя сродкі былі Стэфановічам задэклараваныя ва ўстаноўленыя тэрміны з выплатай падаходнага падатку"

Валентин Стефанович на суде

У абвінавачванні паказваецца, што нібыта ў здзяйсненні кантрабанды арганізаванай групай Стэфановіч дзейнічаў з карыслівых меркаванняў, якія выявіліся ў жаданні атрымліваць для сябе выгаду маёмаснага характару ў выглядзе сістэматычнага атрымання ўзнагароджання за ажыццяўленне незаконнай дзейнасці.

"Дадзенае сцвярджэнне не пацверджана доказамі па справе. Наадварот, зыходзячы з матэрыялаў падатковай праверкі, праведзенай ў дачыненні да Стэфановіча, і іншых матэрыялаў справы, звестак абслугоўваючага банка, Стэфановічам былі атрыманыя сродкі ад арганізацыі Pavasaris за выкананне работ і аказанне паслуг, непасрэдна звязаных з ажыццяўленнем ім праваабарончай дзейнасці, такой як напісанне аналітычных матэрыялаў, удзел у вебінарах і іншых мерапрыемствах, звязаных з правамі чалавека. Пры гэтым асноўная частка дадзеных сродкаў, амаль каля 20 500 еўра і 8 500 долараў ЗША, была атрымана ім на банкаўскі рахунак у безнаяўным парадку. У той жа час наяўнымі, па матэрыялах справы, было атрымана толькі 2050 Еўра і 950 долараў, што абвяргае выснову следства аб зацікаўленасці Стэфановічам у перамяшчэнні якіх-небудзь сродкаў з утойваннем ад дзяржаўных органаў.

Доказаў, якія пацвярджаюць факт атрымання Стэфановічам грашовых сродкаў менавіта з тых, якія былі перамешчаныя ў наяўным выглядзе праз мытную мяжу, і што менавіта з мэтай атрымання дадзеных сродкаў ім здзяйсняліся якія-небудзь дзеянні ў складзе арганізаванай групы, не прадстаўлена. Усе атрыманыя грашовыя сродкі ад арганізацыі Pavasaris былі ім задэклараваныя ва ўстаноўленыя тэрміны ў адпаведнасці з заканадаўствам з выплатай падаходнага падатку".

На думку абароны, нягледзячы на тое, што заснавальнікамі Pavasaris з'яўляліся асобы, якія маюць дачыненне да дзейнасці Праваабарончага цэнтра "Вясна", доказаў таго, што гэтая арганізацыя была створана менавіта для спрыяння нейкай злачыннай дзейнасці не маецца. Наадварот, абвінавачаныя паказалі падчас допыту, што дадзеная арганізацыя з'яўлялася самастойнай юрыдычнай асобай, ажыццяўляла дзейнасць на тэрыторыі Літоўскай Рэспублікі, несла там адпаведныя выдаткі і мела пэўныя крыніцы даходу.

У абвінавачванні таксама ўказана, што дзейнасць "Вясны" фінансавалася замежнымі дзяржавамі, замежнымі і міжнароднымі арганізацыямі, у прыватнасці дзейнасць па назіранні правадзімымі ў Беларусі выбарамі, што ў адпаведнасці з арт. 48 Выбарчага кодэкса забаронена.

"Хачу адзначыць, што ў адпаведнасці з названай нормай Выбарчага кодэкса забарона ўстаноўлена на фінансаванне замежнымі дзяржавамі і арганізацыямі, міжнароднымі арганізацыямі падрыхтоўкі і правядзення выбараў, рэферэндумаў, але не назірання за імі. Гэта значыць дадзеная норма прыведзеная тут, зноў жа, памылкова".

Што тычыцца дзейнасці абвінавачаных па аплаце штрафаў і кампенсацый сродкаў, як парушаючай нормы КаАП і якая цягне вызваленне ад адміністрацыйнага спагнання альбо адміністрацыйнай адказнасці, Таццяна Курадавец указала, што падставы вызвалення ад адміністрацыйнай адказнасці прадугледжаныя гл. 8 КаАП і робяцца па пастанове органа, які вядзе адміністрацыйны працэс:

"Аплата штрафу пасля накладання адміністрацыйнага спагнання не цягне ні вызваленне ад адказнасці, паколькі яна ўжо панесеная, ні вызваленне ад адміністрацыйнага спагнання, паколькі яно ўступае ў сілу і падлягае выкананню".

"Ніводная асоба не пацвердзіла факт перамяшчэння наяўных грашовых сродкаў для дзейнасці "Вясны"

Адвакатка Стэфановіча адзначыла ўнутраную супярэчнасць у пазіцыі дзяржабвінаваўцы: у абвінавачванні пазначана, што перамяшчаліся грашовыя сродкі для дзейнасці ПЦ "Вясна", у той жа час прымяняецца норма мытнага заканадаўства, якая рэгулюе парадак перамяшчэння наяўных грашовых сродкаў для асабістых патрэбаў.

"Таксама маецца супярэчнасць у той частцы, дзе паказваецца, што дадзеныя грашовыя сродкі падлягалі дэклараванню, гэта значыць асобы, якія іх перамяшчалі, нібыта парушылі парадак дэкларавання, у той жа час паказваецца, што схема перамяшчэння была сфарміравана такім чынам, што ў адпаведнасці з нормамі заканадаўства яны вызваляліся ад абавязку дэклараваць дадзеныя грашовыя сродкі, паколькі яны не перавышалі 10 000 долараў ЗША пры адначасовым увозе».

Адносна аб'яднання ўсіх нібыта перамешчаных грашовых сродкаў за перыяд пяці гадоў у адну суму, якая нібыта ахоплівалася адзіным намерам абвінавачаных, не магу не адзначыць неабгрунтаванасць і незаконнасць такога падыходу. Паказаная сума не магла ахоплівацца адзіным намерам, паколькі яна складваецца з зусім розных праектаў, грантаў, а адзін эпізод наогул не мае дачынення да грантаў, а ўяўляе сабой прыватны выпадак, і атрыманне вось гэтай усёй сумы, названай у абвінавачванні, загадзя нікім не агаворвалася і было загадзя невядома. Сумы вылучаліся паэтапна, нават у рамках аднаго гранта, і не было вядома загадзя, будуць яны вылучаныя ці не, у якім памеры. Таксама паэтапна яны траціліся, зыходзячы з тых дакументаў, на якія спасылаецца бок абвінавачвання. І перавозіліся невялікімі часткамі, зыходзячы з патрэбаў, што ўзнікалі".

Вясновцы на суде 5 января

Сцвярджэнні боку абвінавачвання, што Стэфановіч, дзейнічаючы ў складзе арганізаванай групы, ажыццявіў самастойна, а таксама арганізаваў шляхам дачы указанняў, даручэнняў, інструкцый выканання дамоўленасцяў з арганізацыямі, донарамі і іншымі асобамі, таксама узаемадзейнічаў з прадстаўнікамі дзяржаўных органаў Літвы, банкаўскіх устаноў і іншых арганізацый, ажыццявіў адкрыццё банкаўскіх рахункаў Pavasaris, выпуск банкаўскіх картак, забяспечыў магчымасць выкарыстання названых рахункаў і картак, з'яўляюцца галаслоўнымі і не пацверджаны якімі-небудзь доказамі.

"Нічым не пацверджана, што Стэфановіч знайшоў асобаў, а потым шляхам каардынацыі іх дзеянняў і дачы ўказанняў, даручэнняў, інструкцый, саветаў, набыцця для іх праязных білетаў ажыццявіў незаконнае перамяшчэнне з адзіным намерам наяўных грашовых сродкаў у буйным памеры.

Ніякіх доказаў узаемадзеяння Стэфановіча з асобамі, названымі як асобы, з дапамогай якіх былі перамешчаныя грашовых сродкаў, не маецца. Больш за тое, тыя асобы, якія прадстаўленыя як доказ бокам абвінавачвання, у сваіх паказаннях не пацвердзілі факт таго, што яны перамяшчалі якія-небудзь грашовыя сродкі па просьбе абвінавачаных ці іншых асобаў. Шэраг з названых асобаў наогул не дапытаныя, а большасць – не ўстаноўленыя. Таксама той факт, што яны не былі прызнаныя саўдзельнікамі гэтага злачынства, а пазначаныя ў якасці асобаў, з дапамогай выкарыстання якіх здзейснена злачынства, кажа аб тым, што следства прыйшло да высновы, што ім не было вядома пра тое, што яны ўдзельнічаюць у здзяйсненні злачынства. Адпаведна яны не маглі дзейнічаць па ўказанні або даручэнні абвінавачаных. У адваротным выпадку яны павінны быць прызнаныя саўдзельнікамі, а не асобамі, якія не падлягаюць крымінальнай адказнасці".

Як указвалася папярэднім абаронцам, для разліку сумы так званай кантрабанды следства ўзяло за аснову грашовыя сродкі, нібыта выдаткаваныя на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Аднак такі вывад бок абароны лічыць не даказаным:

"Ніводная асоба, дапытаная ў судовым пасяджэнні або на следстве, чые паказанні былі абвешчаныя, не пацвердзіла факт перамяшчэння наяўных грашовых сродкаў для дзейнасці "Вясны". Бок абвінавачвання ў пацверджанне дадзенага факту спасылаецца на паказанні сведак, якія былі абвешчаныя ў судовым пасяджэнні з ужываннем мераў бяспекі – Карповіч і Штырэнка, да якіх варта паставіцца крытычна. Дадзеныя сведкі непасрэдна ў судовым пасяджэнні не дапытваліся, нягледзячы на тое, што іх паказанні фактычна супярэчаць паказанням ўсіх іншых дапытаных сведак і абвінавачаных, абарона не мела магчымасці задаць нейкія пытанні, высветліць больш падрабязна пэўныя абставіны. Пры ацэнцы дадзеных паказанняў, звяртае ўвагу той факт, што яны носяць характар суб'ектыўнага меркаванні. Так яны нібыта распісваюць парадак фінансавання дзейнасці ПЦ "Вясна", тое, для якіх мэтаў стваралася арганізацыя Pavasaris, пры гэтым у пратаколах пазначана, што ніякіх дакументаў з гэтай нагоды ім не давалася, і пэўна яны гэтай інфармацыяй не валодаюць. Акрамя таго, дадзеныя сведак тычацца перыяду толькі да 2018 года".

"Прысуд у дачыненні да Стэфановіча можа быць толькі апраўдальным"

Абарона прыходзіць да высновы, што ў лагічным ланцужку боку абвінавачвання ёсць мноства прабелаў, неўстаноўленых, недаказаных, дадуманых следствам фактаў, само абвінавачванне па ч. 4 арт. 228 КК заснавана на здагадках, а доказаў датычнасці Стэфановіча да падрыхтоўкі і здзяйснення дзеянняў на замах наяўных грашовых сродкаў не маецца.

Валентин Стефанович на суде
Валянцін Стэфановіч у судзе

Таксама Стэфановіч абвінавачваецца ў тым, што ён у перыяд з траўня 2020 года па 14 ліпеня 2021 года, атрымліваючы са СМІ, сеткі Інтэрнэт і іншых крыніц інфармацыю аб наяўнасці асобаў, гатовых прымаць удзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак, у мэтах падрыхтоўкі гэтых асобаў для ўдзелу ў такіх дзеяннях, фінансаванні і іншым матэрыяльным забеспячэнні аб'яднаўся з Бяляцкім, Лабковічам, Салаўёвым, Сацункевіч, Стрыжаком, Лявончыкам і іншымі асобамі ў кіраваную ўстойлівую арганізаваную групу.

"У дадзеным выпадку ўжо іншая арганізаваная група прадстаўлена як па складзе, так і па мэтах, і такім чынам сцвярджаецца, што Стэфановіч прымаў удзел адразу ў двух арганізаваных групах. Далей у абвінавачванні прыводзіцца практычна аналагічнае абгрунтаванне ажыццяўленне дзейнасці гэтай арганізаванай групы, заснаванай на цеснай ўзаемасувязі, наяўнасці кіраўнікоў і іншых абставінах, як ужо паказвалася, што характарызуе дзейнасць у рамках ПЦ "Вясна", але не злачынную. Сцвярджэнні, што ў ходзе гэтай дзейнасці ўдзельнікі хацелі дасягнуць агульнай мэты ў выглядзе здзяйснення злачынства, планавалі яго здзяйсненне – бяздоказныя, таксама доказы ўзаемадзеяння Стэфановіча з іншымі, названымі ў якасці членаў дадзенай арганізаванай групы, па пытанні падрыхтоўкі, фінансавання і іншага забеспячэння асобаў для ўдзелу ў групавых дзеяннях, бокам абвінавачвання не прадстаўленыя.

З сабраных па справе доказаў вынікае, што тыя групавыя дзеянні, што груба парушаюць грамадскі парадак, якія мелі месца ў 2020 годзе, з'яўляліся рэакцый грамадства на падзеі, якія адбываюцца ў краіне, і не былі звязаны з загадзя абяцанымі кім-небудзь выплатамі або аказаннем юрыдычнай дапамогі. Большасць сведак, дапытаных у справе, паказалі, што такое рашэнне прынялі самастойна, ніхто іх да гэтага не падштурхоўваў, інфармацыя пра тое, што ім можа быць кампенсаваны альбо аплочаны штраф, альбо складзеная скарга, ніяк не паўплывала на такое рашэнне.

Таксама ў абвінавачванні адсутнічае апісанне канкрэтных злачынстваў, звязаных менавіта з групавымі дзеяннямі, што груба парушаюць грамадскі парадак, якія на думку боку абвінавачвання былі здзейсненыя ў выніку такой падрыхтоўкі або фінансавання.

Можна рэзюмаваць наступнае: абвінавачванне прад'яўленае майму падабароннаму носіць характар здагадкі, не ўстаноўленыя абавязковыя прыкметы аб'ектыўнага боку злачынства, адсутнічае сама падзея злачынства, прадугледжанага ч. 4 арт. 228 КК, доказаў дачынення майго падабароннага да перамяшчэння наяўных грашовых сродкаў, а таксама да здзяйснення дзеянняў, якія складаюць аб'ектыўны бок злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 342 КК, не прадстаўлена. У сувязі з выкладзеным, мяркую, што прысуд у дачыненні да майго падабароннага Валянціна Стэфановіча можа быць толькі апраўдальным па абодвух артыкулах прад'яўленага яму абвінавачвання. Прашу ўлічыць выкладзеныя мной абставіны, даць належную ацэнку доказам і вынесці адзіна законны і справядлівы прысуд у дачыненні да майго падабароннага".

Нагадаем, 9 лютага пачаліся судовыя спрэчкі, на якіх пракурор Аляксандр Кароль запрасіў для вясноўцаў наступныя тэрміны пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ва ўмовах узмоцненага рэжыму:

  • старшыні "Вясны" і Нобелеўскаму лаўрэату Алесю Бяляцкаму — 12 гадоў калоніі;
  • намесніку старшыні "Вясны" і віцэ-прэзідэнту FIDH Валянціну Стэфановічу — 11 гадоў калоніі;
  • каардынатару кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзіміру Лабковічу — 9 гадоў калоніі;
  • праваабаронцу "Вясны" Дзмітрыю Салаўёву — 10 гадоў калоніі завочна.

А таксама кожнаму — штраф у 5000 базавых велічынь (185 тысяч беларускіх рублёў або 73 200 долараў).

Палітвязняволеныя праваабаронцы выступяць з апошнім словам 13 лютага ў 11:00.


Праваабаронцам "Вясны" цяпер патрэбная наша салідарнасць!

Падтрымайце іх лістамі, пасылкамі і грашовымі пераводамі па адрасе: 

СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2
Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму,
Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу, У
ладзіміру Мікалаевічу Лабковічу

Выступы іншых адвакатаў па справе "Вясны" у спрэчках бакоў:

"Дзейнасць майго падабароннага адпавядала стандартам праваабарончай дзейнасці", — адвакатка Алеся Бяляцкага

Публікуем вытрымкі адвакацкай прамовы ў судовых спрэчках абаронцы Алеся Бяляцкага Наталлі Івановай.

"Ягоны энтузіязм у праваабарончай дзейнасці атрымаў прадузятую ацэнку з боку абвінавачвання", — адвакатка Уладзіміра Лабковіча

Публікуем вытрымкі адвакацкіх прамоваў у судовых спрэчках абаронцаў Уладзіміра Лабковіча Андрэя Доўнара і Галіны Тарнаўскене.

"Прашу Высокі суд пастанавіць справядлівы прысуд", – прызначаная следствам адвакатка праваабаронцы, якога судзяць завочна

Публікуем прамову абаронцы Дзмітрыя Салаўёва Людмілы Іванаўны Траяноўскай і расказваем, што вядома пра адвакатку з юрыдычнай кансультацыі Партызанскага раёна Мінска.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства