"Досыць, трэба спыняць гэтую грамадзянскую вайну!" Праваабаронцы "Вясны" выступілі на судзе з апошнімі словамі Аўдыё
У судзе Ленінскага раёна Мінска скончылася судовае разбіральніцтва па крымінальнай справе супраць старшыні "Вясны" і Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага, яго намесніка і віцэ-прэзідэнта FIDH Валянціна Стэфановіча, каардынатара кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзіміра Лабковіча і праваабаронцы Дзмітрыя Салаўёва (завочна). 9 лютага пракурор Аляксандр Кароль запрасіў тэрміны для праваабаронцаў "Вясны": ад 9 да 12 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Вясноўцы не прызналі сваёй віны. 13 лютага праваабаронцы выступілі з апошнімі словамі — на беларускай мове. Прысуд па справе "Вясны" будзе сімвалічна абвешчаны на пачатку вясны — 3 сакавіка ў 12:00. Публікуем апошнія словы на судзе нашых калегаў — у аўдыё і тэкставай версіях, а таксама працягваем патрабаваць іх вызвалення.
Алесь Бяляцкі: "Трэба пачаць шырокі грамадскі дыялог, накіраваны на нацыянальнае прымірэнне"
Першым з апошнім словам выступіў старшыня "Вясны" і лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі:
"Крымінальная справа супраць нас — праваабаронцаў "Вясны" — палітычна матываваная. Уся гэтая эпапея на 284 тамы, сотні вобшукаў і допытаў па ўсёй краіне не мае нічога агульнага з папярэднім следствам, плюс палітычны падтэкст.
А за ім не было і справядлівага судовага разбіральніцтва. Паўтара года цягнулася расследаванне гэтак званай крымінальнай справы. З чатырох адвакатаў, якія на розных этапах абаранялі мяне, адзін з іх — Віталь Брагінец, які апынуўся ў турме і быў зняволены на восем гадоў, яшчэ двое былі пазбаўленыя ліцэнзіі цягам апошніх месяцаў, і толькі адна дайшла да фініша. Такі беспрэцэндэнтны ціск на адвакатаў паказвае, у якіх цяжкіх і небяспечных умовах ім прыходзіцца абараняць сваіх кліентаў.
Відавочна, калі мы азнаёміліся з некаторымі тамамі так званай крымінальнай справы, следства выконвала пастаўленую перад імі задачу: зняволіць праваабаронцаў "Вясны" любым коштам, знішчыць "Вясну" і спыніць нашую працу. Так можна патлумачыць нечаканую змену абвінавачвання з "нявыплаты падаткаў" (яно існавала фактычна 13 месяцаў фактычна са дня нашага затрымання) на "кантрабанду арганізаванай злачыннай групіроўкай", якую зрабілі з "Вясны". Відавочна, што ўлады парушаюць узятыя на сябе міжнародныя абавязкі ў галіне абароны праваабаронцаў у межах аб'яднаных пагадненняў ААН і АБСЕ.
Асобна трэба адзначыць моцна негатыўную суб'ектыўную ацэнку праваабаронцаў "Вясны" падчас папярэдняга расследавання з боку дзяржаўных СМІ: розных тэлеканалаў і газеты "Беларусь сёння", заснавальнікамі якой з'яўляецца адміністрацыя прэзідэнта. Так, ужо ў верасні мінулага году ў тэкстах сцвярджалася, што "праваабаронцы распаўсюджвалі экстрэмісцкія матэрыялы, а таксама фінансавалі пратэсты".
Асобна выбрас у два кашы розных плётак, хлусні, маны быў зроблены за апошні тыдзень і ўчора [12 лютага] гэта ўсё актыўна дэманстравалася і паказвалася па дзяржаўных тэлеканалах, дзе нас абвінавачвалі ў розных грахах, да якіх не дадумвалася нават следства і пракуратура. Мне тут бачыцца парушэнне прэзумпцыі невінаватасці, прамога ціску на суд, бо нас яшчэ не асудзілі, але дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі ўжо называюць нас злачынцамі.
Надзвычайна склалася сітуацыя з мовай у судзе: абвінавачванне і суд катэгарычна адмовіліся размаўляць па-беларуску, нягледзячы на тое, што я, як абвінавачаны, з'яўляюся беларускамоўным у жыцці чалавекам. Я размаўляю, пішу, думаю на беларускай мове. Нагадваю, што беларуская мова з'яўляецца дзяржаўнай мовай, і вы, як дзяржаўныя чыноўнікі, павінны ведаць дзве дзяржаўныя мовы, у тым ліку і беларускую, а не пыкаць і бэкаць. Таму вы абавязаны размаўляць адпаведна з беларускамоўнымі грамадзянамі па-беларуску. Напрыклад так, як гэта прадугледжвае Закон "Аб зваротах грамадзян": калі ты пішаш на беларускай, то любое чыноўніцкае ведамства адказвае табе на беларускай мове. Гэтым самым мяне паставілі ў няроўнае становішча з бокам абвінавачвання. Мне не далі магчымасці грунтоўна і падрабязна патлумачыць сваю пазіцыю, аспрэчваць несправядлівае бязглуздае абвінавачванне.
Абвінавачванне і суд практычна адмовіліся ад допыту, ад пытанняў, якія іх цікавілі падчас працэсу і майго допыту. Складаецца ўражанне, што ні пракуратуру, ні суд увогуле не цікавіць праўда, для іх усё было зразумела з самага пачатку яшчэ да суда.Нагадваю, што ні пракуратура, ні суд так і не далі мне магчымасці азнаёміцца з усімі 284 тамамі так званай крымінальнай справы.
Пра палітычную падаплёку гэтай крымінальнай справы супраць праваабаронцаў "Вясны" сведчыць і агульная сітуацыя ў краіне, прасякнутая масавымі рэпрэсіямі і татальнымі парушэннямі правоў чалавека, якія абрынуліся на грамадства падчас і пасля выбарчай кампаніі ў 2020 годзе. Замест таго, каб пачуць голас народу, у Беларусь прыйшла мацнейшая рэакцыя. Відавочна, палітычным рашэннем уладаў было разграміць і знішчыць грамадзянскую супольнасць Беларусі. Пад катком рэпрэсій апынуліся незалежныя журналісты і блогеры, самастойныя аналітыкі і палітолагі, прафсаюзныя актывісты з незалежных прафсаюзаў, лідары і актывісты палітычных партый і рухаў, актывісты выбарчых штабоў кандыдатаў у прэзідэнты, як і самі кандыдаты ў прэзідэнты, дзеячы беларускай культуры, пісьменнікі, музыкі, мастакі, выкладчыкі і студэнты, спартсмены, шараговыя ўдзельнікі мірных пратэстаў ды і проста выпадковыя людзі. У краіне сёння паўтары тысячы палітычных зняволеных. Сотні за апошнія два з паловай гады ўжо прайшлі праз турмы і пасля пакарання выйшлі на волю. Дзясяткі тысяч мірных актывістаў былі арыштаваныя і асуджаныя за гэты час па адміністрацыйных справах. Нічога дзіўнага, што ў гэты час, калі ў Беларусі паляцелі ў тартарары правы чалавека і праваабаронцы таксама апынуліся ў турме. Гэта кіраўніца Валанцёрскай службы "Вясны" Марфа Рабкова, валанцёр Андрэй Чапюк, гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка, валанцёрка Таццяна Ласіца і іншыя валанцёры, якія дапамагалі ахвярам масавых рэпрэсій.
Рэпрэсіі ў краіне працягваюцца і сёння. Пра гэта сведчаць усё новыя і новыя палітычныя зняволеныя, якія з'яўляюцца ў СІЗА. Так, нядаўна была арыштаваная праваабаронца Наста Лойка. Чарадою ідуць судовыя працэсы па палітычна матываваных крымінальных справах. Неверагодныя, неўяўляльныя і нябачныя дагэтуль узровень рэпрэсій, усемагчымага ціску на грамадства з боку ўладаў! У нашай гісторыі такое было толькі ў царскія і сталінскія змрочныя гады аж да смерці Сталіна ў 53-м годзе. Напачатку 80-х гадоў, калі ў СССР быў пік змагання з дысідэнтамі, праваабаронцамі, актывістамі нацыянальных і рэлігійных рухаў, палітзняволеных было каля трох тысячаў на ўсю агромністую савецкую імперыю, у якой жыло 250 мільёнаў чалавек. А зараз на адну Беларусь — паўтары тысячы палітзняволеных.
Я перакананы, што курс узяты ўладамі на татальны кантроль грамадства і жорсткае падаўленне іншадумства, поўную адмову ад плюралізму думак, пераўладкаванне дзяржаўнага ладу па ўзору таталітарнага грамадства а-ля "Савецкі саюз 70-х гадоў" зусім бесперспектыўны. Свет ідзе наперад — у постіндустрыяльную эпоху. Ужо вырасла новае пакаленне, і мільёны беларусаў, якія маюць інакшае ад яшчэ той савецкай эпохі цывілізацыйныя каштоўнасці. Яны не хочуць жыць у савецкай казарме. Для іх мала скіркі хлебы палітай вадой і пасыпанай цукрам, ці сала пасмажанае на ражончыку. Яны хочуць і патрабуюць, каб іх голас быў пачуты, улічаным і палічаным. Яны хочуць жыць у эканамічна развітай дэмакратычнай і незалежнай Беларусі.
Падзеі 2020-га году, масавыя пратэсты супраць фальсіфікацый вынікаў выбараў, супраць парушэнняў правоў чалавека выразна паказалі лепей за любую сацыялогію. Багата для каго гэтыя падзеі былі нечаканасцю, а для ўладаў — непрыемным сюрпрызам. Трэба прызнаць, што грамадства і людзі ў краіне моцна падзеленыя ідэалагічна, каштоўнасна, ментальна, але тым, хто жыве ў грамадстве, відаць, што гэты падзел ідзе па ўзросце, па месцы пражывання, па ўзроўню адукацыі, хаця нічога дзіўнага, адметнага і ўнікальнага ў гэтым няма. Па ўсім свеце грамадствы неаднародныя. Яны складаюцца з розных людзей розных поглядаў, іхныя інтарэсы прадстаўляюць палітычныя партыі, а сапраўды справядлівыя выбары даюць магчымасць адносіцца з больш-менш пэўным даверам да ўлады. Падзел беларускага грамадства не фатальны. З ім і грамадства, і дзяржава могуць жыць, але яго існаванне трэба ясна ўсведамляць, а не заплюшчваць вочы і не будаваць сабе ўтульны свет, так, як камусьці хацелася б. Мільёны беларусаў думаюць і разважаюць, урэшце жывуць, вось так, а мільёны — па-іншаму. І не так важна, каго сёння больш. І адных, і другіх мільёны. Важна зразумець, што такі ўнутраны падзел грамадства надоўга. І з гэтым падзелам нам усім — усяму беларускаму грамадству незалежна ад нашых поглядаў і перакананняў — прыйдзецца яшчэ доўга жыць. У гэтай сітуацыі курс на канфрантацыю, калі адная частка — сілавыя структуры, спецслужбы, пракуратура, следчы апарат, суды — цісне і душыць другую, небяспечны і бесперспектыўны. Ён вядзе ў нікуды. Гісторыя краінаў Лацінскай Амерыкі XX стагоддзя — Чылі, Аргенціна, Гаіці і іншых краін — гэтаму пацверджанне. Хунты Бананавай рэспублікі, дыктатуры не маюць перспектывы для доўгага жыцця і развіцця. Вынікі такой палітыкі нецярпімасці, канфрантацыі і поўнай адмовы ад палітычнага плюралізму — гэта няспынны грамадска-палітычны, сацыяльны, эканамічны крызісы, масавая міграцыя. Усё гэта туга завязана паміж сабой.
Сітуацыя поўнамаштабнага крызісу ў дзяржаве моцна небяспечная для суверэнітэту Беларусі. Перад намі агромністыя геапалітычныя выклікі — краіна зайшла ў тупік. Як казалі нашыя продкі: "Той самы нерат, з якога ні ўзад, ні ўперад". Адзіным магчымым выйсцем з усебаковага крызісу, у якой апынулася Беларусь, бачыцца пастаянны доўгатэрміновы пошук кансэнсусу, раўнавагі ў грамадстве з улікам інтарэсаў розных слаёў грамадства. Дзеля захавання Беларусі як дзяржавы, дзеля будучыні нашага народу, нам усім, а найперш — уладам, трэба праявіць мудрасць і дальнабачнасць. Я згадваю наш заклік, Праваабарончага цэнтра "Вясны", перад выбарамі 2020-га году, які быў апублікаваны на нашым сайце і ў іншых сродках масавай інфармацыі. У ім мы заклікалі ўлады не ўжываць гвалт супраць мірных дэманстрантаў. Ужылі — і чым гэта скончылася?
Трэба пачаць шырокі грамадскі дыялог, накіраваны на нацыянальнае прымірэнне, як бы гэта цяжка не здавалася бы камусьці пайсці на гэта. Перадумовай такога дыялогу мусіць быць вызваленне ўсіх палітычных зняволеных, правядзенне шырокамаштабнай амністыі, спыненне рэпрэсій, бо няма сэнсу ў амністыі, калі адной рукой людзей вызваляюць, а другой працягваюць саджаць. У такім дыялогу павінны ўзяць удзел, як прадстаўнікі ўладаў, так і прадстаўнікі шырокай грамадскасці, палітычных партый і рухаў, тыя, хто зараз знаходзіцца ў турмах і тыя, хто ратуецца ад рэпрэсій і вымушаны быў з'ехаць за мяжу. Гэта рэальная прапанова, абы было жаданне і палітычная воля. Грамадска-палітычны крызіс у Беларусі не ўнікальны. Вось проста зараз выхадам з падобных крызісаў займаюцца іншыя краіны ў розных кутках свету. Улады і грамадскасць у Казахстане, у Венесуэле і нават у Іране. Трэба ясна ўсвядоміць, што лепей цяжкія перамовы і паступовы выхад з крызісу, чым бязлітаснае супрацьстаянне, якое можа прывесці да вельмі сур'ёзных наступстваў: да беднасці і жабрацтва, да гвалту і несправядлівасці, якія спустошаць Беларусь. Калі мы думаем пра Беларусь, як пра нашу супольную для ўсіх беларускіх грамадзянаў Радзіму, у якой нягледзячы на розныя палітычныя погляды і геапалітычныя прыхільнасці, ёсць месца ўсім. Калі мы не хочам пагрузіць краіну ў галечу, калі мы не хочам дапусціць масавы вымушаны выезд беларусаў у свет па лепшую долю, калі мы хочам атрымаць шанец на эканамічнае, сацыяльнае, грамадска-палітычнае, экалагічнае развіццё нашага народу, мы павінны распачаць гэты грамадскі дыялог. Досыць, трэба спыняць гэтую грамадзянскую вайну! Я спадзяюся, мяне пачуюць".
Валянцін Стэфановіч: "Я яшчэ раз заяўляю, што мой пераслед звязаны выключна з маёй праваабарончай дзейнасцю — легітымнай і мірнай"
Пасля Алеся з апошнім словам выступіў намеснік старшыні "Вясны" і віцэ-прэзідэнта FIDН Валянцін Стэфановіч:
"У чацвер я палову дня слухаў пракурора і не пачуў аніякіх доказаў. Толькі агульныя доказы і фантазіі следства, якія мы атрымалі з боку абвінаваўцы. Паўтаруся, ніводнага ўстаноўленага факта здзяйснення злачынства мной і маімі калегамі. Я не буду паўтараць аргументы адвакатаў-абаронцаў, толькі падкрэслю, што ад самага пачатку моманту свайго затрымання, я займаў прынцыповую і паслядоўную пазіцыю па непрызнанні віны. Нагадаю, што справа была ўзбуджана па ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры). І фактычна больш за год я абвінавачваўся менавіта па гэтым артыкуле. Яшчэ ў снежні 2021 года ў МПЗ Партызанскага раёна Мінска ў дачыненні да мяне была распачата праверка, якая была спыненая дзесьці ў траўні 2022 года, і па выніках якой не было не тое, што падставаў для крымінальнай адказнасці, а нават для адміністрацыйнай. 13 гадоў не было ўстаноўлена перавышэнне выдаткаў над даходамі. А я нагадаю, што ў 2008 годзе праводзілася падатковая праверка, якая таксама не ўстанавіла ніякіх парушэнняў заканадаўства і перавышэння даходаў над выдаткамі. То бок фактычна з 2008 года да 2022 я пастаянна правяраюся падатковымі інспекцыямі, якія не выяўляюць ніякіх парушэнняў.
Урэшце рэшт крымінальная справа больш за год утрымання мяне пад вартай па арт. 243 КК была спыненая, і было прад'яўленае абвінавачванне па ч. 4 арт. 228 і арт. 342 КК. Віну па новых прад'яўленых абвінавачваннях я таксама не прызнаў. Пасля азнаямлення з матэрыяламі справы падчас папярэдняга следства мной было напісана хадайніцтва аб спыненні крымінальнага пераследу ў дачыненні да мяне і неадкладнага вызвалення мяне з-пад варты. Вядома, мне было адмоўлена ў задавальненні майго хайдайніцтва. У сваім адказе следчы Каляга ўказаў, што, на яго думку, я аказваю садзейнічанне ў здзяйсненні злачынства па агульным складзе інкрымінаванага абвінавачвання. То бок фактычна, на думку следства, я з'яўляўся саўдзельнікам у форме пасобніка, калі б гэта не было арганізаванай групай, і кваліфікавалася праз арт. 16 КК. Але паколькі нам інкрымінуецца "арганізаваная група" — гэта значыць, што ўсе саўдзельнікі з'яўляюцца савыканаўцамі незалежна ад іх ролі. Але паўтаруся, што ніякіх доказаў наяўнай арганізаванай групы няма.
Што тычыцца ч. 2 арт. 342 КК, то тут абвінавачванне было відавочна перапісана з Дэкларацыі аб праваабаронцах. То бок нам інкрымінуюць ажыццяўленне легітымнай праваабарончай дзейнасці. Але нават па гэтых абвінавачваннях следствам не было прадстаўлена ніякіх доказаў маёй датычнасці да здзяйснення гэтага злачынства.
Што тычыцца самога судовага працэсу, то адзначу, што ён ад самага пачатку праходзіў з парушэннем нашых правоў: прымяненнем абыходжання, прыніжаючых чалавечую годнасць, парушэннем прэзумпцыі невінаватасці, парушэннем роўнасці правоў. Так, абвінавачаныя праваабаронцы былі пазбаўленыя магчымасці допытаў большасці заяўленых сведкаў па справе, у тым ліку так званых "залегендаваных сведкаў", паказанні якіх пракурор прапануе пакласці ў аснову прысуду, што не дзіўна. Улічваючы той факт , што адна з іх з'яўляецца ні кім іншым, як няўдалым агентам спецслужб у праваабарончай супольнасці. Гэта ўсім вядомы факт. Ну а цяпер спецслужбы "Савецкай Беларусі" Алена Красоўская, якая ўвесь час прысутнічала ў зале судовага пасяджэння, нягледзячы на тое, што была сведкай, актыўна каментавала яшчэ да пачатку судовага працэсу, падчас судовага працэсу. Выклала фактычна свае паказанні ў адным з выпускаў "Савецкай Беларусі" да пачатку судовага працэсу. Натуральна, што я лічу, што такія паказанні не з'яўляюцца дапушчальнымі і не могуць легчы ў аснову прысуду. Да і па сутнасці, паказаннямі гэта не назавеш, гэта так, зборнік нейкіх плётак, чутак, як кажуць у народзе: "Як адна баба сказала".
Ну і асобна хацелася б адзначыць асвятленне працэсу ў сродках масавай інфармацыі да вынясення прысуду. Кім нас толькі там ні называлі: і махлярамі, і аферыстамі, і тое, што мы фінансавалі дзяржаўны пераварот, і тое, што мы фінансавалі масавыя беспарадкі і яшчэ шмат-шмат чаго. Прэзумпцыя невінаватасці — гэта канстытуцыйная гарантыя, яна належыць усім абвінавачаным, ня важна па якіх артыкулах. Вяртаючыся да таго, што выказваў падчас прамовы пракурор: ўсе роўны перад законам. Мы таксама роўныя перад законам і маем такія ж правы, як і ўсе астатнія грамадзяне, у тым ліку на прэзумпцыю невінаватасці.
Я, канешне, не маю ніякіх ілюзій адносна гэтага прысуду і спадзявацца на справядлівае судовае разбіральніцтва ва ўмовах, калі ўся краіна вяртаецца фактычна да нашага "светлага" мінулага — да камуністычнага таталітарызму. Тут, канешне, не ўгадаю, наколькі ў такіх сітуацыях судовая сістэма не з'яўляецца незалежнай, а пасля жніўня 2020 года знаходзіцца проста ў дэградаваным становішчы. Гэтак званыя наглядныя органы законнасці цяпер жывуць па прынцыпу "иногда не до законов".
Нагадаю, што свабода ад катаванняў з'яўляецца адным з двух неабмежаваных правоў чалавека. То бок яны [абмежаванні] недапушчальныя ні пры ніякіх абставінах: ні пры вайсковых становішчах, ні пры вайне, ні пры іншых нейкіх катаклізмах. І канешне, каб абараняць людзей ад катаванняў і сваволляў, трэба мець прафесійную годнасць і смеласць. Але тым не менш я бачыў у СІЗА людзей, якія засталіся верныя сваёй прысязе і прафесійнаму ўзроўню: такія як памочнік пракурора Першамайскага раёна Мінска капітан юстыцыі Яўген Бабак, з якім сядзеў у ІЧУ, а потым больш чым паўгода ў адной камеры СІЗА, і іншыя прадстаўнікі пракуратуры і Следчага камітэту.
А тым часам катаванні працягваюцца. Людзі, якія трапляюць у СІЗА, распавядаюць пра тое, што ў нас адбываецца ў ІЧУ на Акрэсціна, як у людзей выбываюць паролі, як іх б'юць электрашокерамі, запіхваюць у двухмесныя камеры па 30 чалавек і людзі вымушаны спаць на падлозе без матрацаў, без цёплых рэчаў — усё гэта працягваецца. І бараніць гэтых людзей няма каму.
Крызіс унутры краіны, які пачаўся ў жніўні 2020 года, працягваецца. Але паўнавартаснага дыялогу, як мы бачым, няма і не прадбачыцца. Усё гэта нагадвае, як я ўжо казаў, наша таталітарнае мінулае — са з'езда КПСС, якіх не абіраюць прамым галасаваннем... Карацей кажучы, як казаў адзін герой фільма "Покровские ворота": "Живи и радуйся и делай, что тебе говорят".
Што тычыцца "Вясны", то пагрозы ў наш адрас былі заўсёды, і, прычым, чамусьці гэта супадала з электаральнымі кампаніямі. Ёсць у нас такая рацыянальная пазіцыя ў краіне: садзіць тых, хто ўдзельнічаў у выбарах, а цяпер больш шырокае кола: прадстаўнікоў незалежных СМІ і грамадзянскай супольнасці. Так было і ў 2001-м годзе, 2006-м, 2010-м і ў 2020-м годзе. "Вясна" была ліквідавана праз два гады пасля прэзідэнцкіх выбараў 2001 года. У 2006-м была сітуацыя падобная на гэту, калі анансавалі па тэлебачанні тых, хто дзейнічае без рэгістрацыі, як ворагаў Рэспублікі Беларусь. Потым праходзіў час, змяняліся палітычныя ўказанні, і ўжо ў 2009-м я ўдзельнічаў у дэлегацыі праваабаронцаў, якая сустракалася з тадычаснай першай намесніцай главы адміністрацыі прэзідэнта Наталляй Пяткевіч.
Ніхто за гэты перыяд да крымінальнай адказнасці за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі не быў прыцягнуты. А чаму? Таму што нашыя праваахоўныя органы кусаюць толькі па загадзе. Няма загаду — ніхто не кусае.
Я яшчэ раз заяўляю, што мой пераслед звязаны выключна з маёй праваабарончай дзейнасцю — легітымнай і мірнай. Гэты пераслед з'яўляецца выключна палітычна матываваным. Але дзейнасць "Вясны" гэта ніякім чынам не спыніць. Мы пражылі не дарма жыццё — мы падрыхтавалі сабе замену. Прыйшлі новыя пакаленні беларускіх праваабаронцаў, якія нашую дзейнасць працягваюць, і яна працягваецца. Ну а хаду натуральнага жыцця спыніць немагчыма: пасля зімы наступае Вясна, і Вясна прыйдзе незваротна".
Уладзь Лабковіч: "Усе мае думкі цяпер з маёй сям'ёй"
Коратка з апошнім словам выступіў каардынатар кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" і юрыст Праваабарончага цэнтра "Вясна" Уладзь Лабковіч:
"Я не займу шмат часу, бо я даволі шмат выказваўся па гэтай справе падчас папярэдняга следства, так і на працягу ўсяго суда. Я ўспрымаю той тэрмін, які быў запрошаны дзяржаўным абвінаваўцам асабіста да мяне, як непераадольны. І на дадзены момант усе мае думкі цяпер з маёй сям'ёй: з маёй маці, дзецьмі, якіх завуць Адэля, Адам і Ян, з маёй жонкай Нінай, якая прайшла праз вялікія выпрабаванні за ўвесь гэты час. І да выступаў маіх абаронцаў мне няма чаго дадаць па гэтай справе, і іх пазіцыю я падтрымліваю. Дзякуй".
На суд падтрымаць праваабаронцаў прыйшлі каля 15 чалавек, сярод іх — нават былыя палітзняволеныя і сваякі палітвязняў. Напрыканцы судовага пасяджэння Алесь Бяляцкі падняў абедзве рукі ў кайданках над галавой і сказаў: "Дзякуй". Яму ў адказ людзі адказалі: "Дзякуй вам", і запляскалі ў далоні.
Нагадаем, 9 лютага пачаліся судовыя спрэчкі, на якіх пракурор Аляксандр Кароль запрасіў для вясноўцаў наступныя тэрміны пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ва ўмовах узмоцненага рэжыму:
- старшыні "Вясны" і Нобелеўскаму лаўрэату Алесю Бяляцкаму — 12 гадоў калоніі;
- намесніку старшыні "Вясны" і віцэ-прэзідэнту FIDH Валянціну Стэфановічу — 11 гадоў калоніі;
- каардынатару кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзіміру Лабковічу — 9 гадоў калоніі;
- праваабаронцу "Вясны" Дзмітрыю Салаўёву — 10 гадоў калоніі завочна.
А таксама кожнаму — штраф у 5000 базавых велічынь (185 тысяч беларускіх рублёў або 73 200 долараў).
Прысуд па "справе Вясны" будзе абвешчаны 3 сакавіка ў 12:00 у адкрытым рэжыме.
А тут можна паслухаць апошнія словы на судзе вясноўцаў:
Viasna96 · Апошнія словы праваабаронцаў “Вясны” на судзе
Чытаць выступы абаронцаў вясноўцаў на судовых спрэчках:
"Прысуд у дачыненні да майго падабароннага можа быць толькі апраўдальным", — адвакатка Валянціна Стэфановіча
Публікуем вытрымкі прамовы ў судовых спрэчках адвакаткі Валянціна Стэфановіча Таццяны Курадавец.
"Дзейнасць майго падабароннага адпавядала стандартам праваабарончай дзейнасці", — адвакатка Алеся Бяляцкага
Публікуем вытрымкі адвакацкай прамовы ў судовых спрэчках абаронцы Алеся Бяляцкага Наталлі Івановай.
"Ягоны энтузіязм у праваабарончай дзейнасці атрымаў прадузятую ацэнку з боку абвінавачвання", — адвакатка Уладзіміра Лабковіча
"Прашу Высокі суд пастанавіць справядлівы прысуд", – прызначаная следствам адвакатка праваабаронцы, якога судзяць завочна