“Сродкам выяўлення негатыўнай ацэнкі з’яўляецца лексема Б.”: кобрынца асудзілі на тры гады “хіміі” за абразу Лукашэнкі
У судзе Кобрынскага раёну 16 студзеня асудзілі Уладзіміра Балцянкова паводле ч. 1 арт. 368 (Абраза Лукашэнкі) Крымінальнага кодэкса. Суддзя Таццяна Каберская прызначыла Уладзіміру тры гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую установу адкрытага тыпу (“хіміі”).
Уладзіміра абвінавацілі ў тым, што ён пакінуў абразлівы каментар у сацсетцы “Вконтакте” пад допісам пра Лукашэнку. У допісе было размешчана фота апошняга і тэкст яго выступу “па тэме вайсковых дзеянняў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь”. Уладзімір пакінуў каментар са старонкі і тэлефона сваёй сястры, калі быў у яе ў гасцях.
Мужчына цалкам прызнаў сваю віну. Таксама вядома, што 3 лютага кобрынца ўключылі ў спіс "экстрэмістаў".
Прысуд ужо набыў моц і хлопец адбывае пакаранне.
Уладзіміру Балцянкову 24 гады. Ён мае сярэдне-спецыяльную адукацыю.