viasna on patreon

Затрыманні і выклікі ў КДБ за данаты: хроніка пераследу 16 лютага Дапоўнена

2023 2023-02-16T18:49:00+0300 2023-02-16T18:55:06+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/pavel_vinagradau.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 16 лютага  збірае факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Затрымалі адміністратара чата «Ружаны 97%» Паўла Дурэйку

Мужчыну абвінавачваюць у тым, што ён быў адміністратарам чата «Ружаны 97%», які ў студзені 2022 года прызналі экстрэмісцкім. Увогуле, чат выглядае як закінуты ўжо доўгі час — туды рэпосцяцца праўладныя медыя і відэа сілавікоў, але ніхто іх не выдаляе.

Акаўнт мужчыны не быў схаваны з пераліку адміністратараў, на аватарцы стаяць яго фота і імя, а таксама нікнэйм, піша «Наша Ніва».


Затрымалі журналістку Intex-press

15 лютага ў рэдакцыі прайшоў ператрус. Карэспандэнтку, якая размаўляла з гараджанамі на вуліцах Баранавічаў, выклікалі на 10.00 16 лютага ў Баранавіцкі ГАУС. Пазней у Баранавіцкім ГАУС супрацоўнікам рэдакцыі адказалі, што яе затрымалі на 72 гадзіны. Прычыны не вядомыя, піша Intex-press.


За размову ў чат-рулетцы затрымалі жыхара Пружанаў — у размове з правакатарам Ігарам Канюшыкам ён выказваўся супраць Лукашэнкі ды адзначаў, што менавіта праз яго ва Украіну ляцелі ракеты

У блізкім да берасцейскага ГУБАЗіКу тэлеграм-канале з'явілася паведамленне пра крымінальнаю справу супраць чарговага ўдзельніка чат-рулеткі. Гэтым разам гаворка пра 35-гадовага Сямёна.

Паводле сілавікоў, на мужчыну завялі крымінальную справу па арт. 368 КК за публічную абразу Лукашэнкі.

Як адзначае @viasna_brest, гэтым разам падставай для крымінальнай справы з-за размовы ў чат-рулетцы з правакатарам і былым сілавіком Ігарам Канюшыкам.


Былога сілавіка, які хацеў звольніцца на знак пратэсту, будуць судзіць за «здраду дзяржаве»

У Гродзенскім абласным судзе 20 лютага пачнуць разглядаць справу Андрэя Шкляра. Яго абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 356 (здрада дзяржаве) і арт. 407 КК (разгалошванне дадзеных папярэдняга следства ці закрытага судовага пасяджэння). Яго справу будзе разглядаць суддзя Васіль Скок.

Вядома, што мужчына быў затрыманы ў снежні 2021 году і ўжо больш за год знаходзіцца за кратамі. Як паведамляе @Grodno_grab, Андрэй працаваў інспектарам крымінальна-выканаўчай сістэмы Кастрычніцкага РАУС Гродна, незадоўга да арышту падаў рапарт на звальненне з-за нязгоды з тым, як працуе сістэма.

Падтрымайце Андрэя: Турма № 1, 230023, Гродна, Кірава, 1, Андрэй Віктаравіч Шкляр


Анкахворага палітвязня, затрыманага пасля вяртання з-за мяжы, пачнуць судзіць 21 лютага

У сярэдзіне снежня ў Баранавічах быў затрыманы 28-гадовы Анатоль Пугач. Затрыманне адбылося амаль адразу пасля вяртання з Польшчы. Анатоль прыехаў у Беларусь, каб прайсці абследванне: у яго знайшлі анкалагічнае захворванне. У студзені суд адмовіў у змене Анатолю меры стрымання, бо ў яго ёсць польскі від на жыхарства.

Яго абвінавачваюць у абразе Лукашэнкі паводле арт. 368 КК. Суд над ім распачнецца 21 лютага ў Баранавічах. Справу будзе разглядаць суддзя Аксана Літвінчык.

Падтрымаць Анатоля: СІЗА-6. 225413, Баранавічы, Брэсцкая, 258 В, Пугач Анатоль Барысавіч


Павел Вінаградаў вылечыўся ад сухотаў. Яго вярнулі ў звычайную калонію ў Ваўкавыску

Павел Вінаградаў

Пра гэта паведаміла жонка палітвязня Святлана:

"Дарагі Фэйсбук, Павел Вінаградаў вылечыўся ад туберкулёзу і паехаў назад у ПК-11".

Нагадаем, напрыканцы ліпеня блогера і актывіста, асуджанага да 5 гадоў калоніі, перавялі ў аршанскую калонію, вядомую тым, што там утрымліваюцца і лечацца асуджаныя, хворыя на актыўную форму сухотаў. Але па прыбыцці яго закінулі ў ШІЗА на месяц, а потым на шэсць месяцаў перавялі ў «спецыяльную палату» — «памяшканне камернага тыпу» для хворых на сухоты.

Падтрымайце Паўла: ПК № 11. 231900, г. Ваўкавыск, вул. Ракасоўскага, 118, Павел Юр'евіч Вінаградаў


Затрыманні на Віцебшчыне

Праваабаронцам «Вясны» стала вядома пра затрыманні ў Наваполацку і Расонах напрыканцы студзеня.

24 студзеня быў затрыманы супрацоўнік «Паліміра» Канстанцін Яўтушэнка. Яго асудзілі паводле арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне) на 15 сутак. Вядома, што яго звольнілі з завода.

У гарадскім пасёлку Расоны 24 студзеня быў затрыманы Мікалай Машарскі. Яго асудзілі па двух пратаколах на 25 сутак. Мужчына ўтрымліваецца ў ЦІП Наваполацку.


"Яўка з павіннай ці турма": беларусаў масава працягваюць выклікаць у КДБ за данаты ў 2020 годзе

У раённыя аддзелы КДБ Мінска беларусаў выклікаюць на размовы наконт данатаў у фэйсбуку ў 2020 годзе. Гэта людзі розных прафесій і заняткаў. Як праваабаронцам распавядаюць тыя, хто хадзіў на такія размовы, супрацоўнікі КДБ паказваюць скрыншоты нібыта пераліку грошай у фонд салідарнасці і ставяць ультыматум: яўка з павіннай ці турма. Дарэчы, любы перавод за мяжу праз фэйсбук у 2020—2021 гадах сілавікі могуць трактаваць як перавод у фонды.

Калі чалавек піша яўку з павіннай, дзе сам прызнаецца ў тым, што пераводзіў грошы ў фонд салідарнасці на падтрымку палітвязняў, то яго абавязваюць пералічыць грошы (500 ці 1000 даляраў) на нейкі рахунак. Людзей адпускаюць дадому, але пагражаюць, што да іх яшчэ прыйдуць з ператрусам.

Нагадваем, што размова ў КДБ — гэта не працэсуальнае дзеянне, вы можаце не сведчыць супраць сябе, спаслаўшыся на арт. 27 Канстытуцыі, часта прадастаўленыя скрыншоты не з'яўляюцца доказам пераліку грошай у канкрэтныя фонды, а падпісанне яўкі з павіннай — не гарантыя таго, што супраць вас не будзе ўзбуджаная крымінальная справа.

Інфармацыя дапаўняецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства