viasna on patreon

Супольная заява сябраў FIDH: няма глабальнага міру без справядлівасці ва Украіне

2023 2023-02-24T14:50:53+0300 2023-02-24T14:52:38+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/ukraine_flag.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

24 лютага спаўняецца год з моманту поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну. На сённяшні дзень украінскія арганізацыі, сябры Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Цэнтр грамадзянскіх свабод і Харкаўская праваабарончая група, дапамаглі задакументаваць каля 30 000 меркаваных міжнародных злачынстваў. За гэтымі лічбамі стаяць смерць і гора тысяч ахвяр, а сітуацыя абцяжараная беспакаранасцю расійскага кіраўніцтва. FIDH і арганізацыі, якія ў яе ўваходзяць, ва ўсім свеце заклікаюць міжнародныя ўстановы і ўрады павялічыць эфектыўнасць правасуддзя ў дачыненні да злачынстваў, здзейсненых ва Украіне, як сродак умацавання міжнароднага міру і бяспекі.

Год таму свет прачнуўся ў жаху, калі ўзброеныя сілы Расіі пачалі буйнамаштабны наступ на Украіну, спрабуючы захапіць сталіцу Кіеў і зрынуць дэмакратычна абраны ўрад. Разам з міжнароднай супольнасцю FIDH рашуча асудзіла агрэсію Расіі. Наступ быў паспяхова адбіты ўкраінскім войскам, але пакуты ўкраінскага народа толькі пачыналіся. За адзін год CCL, KHPG і іншыя ўкраінскія няўрадавыя арганізацыі, якія ўваходзяць у кааліцыю "Трыбунал для Пуціна", задакументавалі каля 30 000 выпадкаў меркаваных міжнародных злачынстваў, што ўключаюць сумарныя кары, катаванні, незаконнае пазбаўленне волі, жорсткае абыходжанне, сэксуалізаваны гвалт і іншыя злачынствы. Шматлікія з гэтых выпадкаў жахлівага гвалту прывялі да расследаванняў ва Украіне і іншых краінах і ўжо да некалькіх судовых спраў супраць расійскіх вайскоўцаў за парушэнне законаў і звычаяў вайны.

Дзеля расследавання і прыцягнення да адказнасці за магчымыя парушэнні міжнароднага гуманітарнага права былі створаныя шматлікія міжнародныя механізмы адказнасці, уключаючы Незалежную міжнародную камісію ААН па расследаванні падзей ва Украіне, Спецыяльную маніторынгавую місію арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) ва Украіне, Сумесную следчую групу Еўраюста і расследаванні, праведзеныя больш як дзесяццю нацыянальнымі падраздзяленнямі па ваенных злачынствах, а таксама міжнароднымі мабільнымі групамі правасуддзя. У сакавіку 2022 года Міжнародны крымінальны суд (МКС) распачаў расследаванне сітуацыі ва Украіне. Эфектыўнае супрацоўніцтва ўсіх вышэйназваных арганізацый, а таксама іх канструктыўнае ўзаемадзеянне з ахвярамі і грамадзянскай супольнасцю, будуць мець ключавое значэнне.

МКС не валодае юрысдыкцыяй у дачыненні да злачынства агрэсіі ва Украіне і разгледзіць толькі нязначную частку парушэнняў, якія былі задакументаваныя на гэты момант у сілу свайго мандата як суда, які пераследуе найболей адказных асобаў. Пераважная большасць спраў будзе перададзеная судам Украіны і іншым нацыянальным юрысдыкцыям у адпаведнасці з прынцыпам універсальнай юрысдыкцыі.

Больш за тое, гэтых механізмаў будзе недастаткова, каб выкараніць беспакаранасць расійскага кіраўніцтва за злачынствы, здзейсненыя вайскоўцамі ўзброеных сіл Расіі ці яе прыватнымі фармаваннямі ва Украіне, а таксама ў Сірыі, Малі, Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы (ЦАР), Лівіі і, раней, у Грузіі і Чачні. Прычынай гэтага з'яўляецца мноства фактараў, у тым ліку адсутнасць палітычнай волі і магчымасцяў для судовага пераследу гэтых злачынстваў як на тэрыторыі Расіі, гэтак і на міжнародным узроўні.

Глабальныя наступствы

Тым часам агрэсіўная вайна Расіі ва Украіне не толькі дэстабілізавала сітуацыю ва ўсім рэгіёне, але і прывяла да парушэння глабальных паставак харчавання і імклівага росту інфляцыі, а таксама выклікала сур'ёзныя і працяглыя палітычныя, эканамічныя і сацыяльныя наступствы на ўсіх кантынентах. Уцекачы з Украіны просяць прытулку ў Паўночнай і Лацінскай Амерыцы, а недахоп харчавання праз скарачэнні паставак пшаніцы з Украіны востра адчуваўся ў Ліване, Егіпце,  Інданэзіі і іншых краінах.

Мабілізацыя ў Расіі справакавала выезд расейцаў у краіны Цэнтральнай Азіі, Грузію і Арменію, у той час як агрэсіўнае вербаванне так званай прыватнай вайсковай кампаніі (ПВК) "Вагнер" арыентавалася на выхадцаў з Казахстана, Таджыкістана, Сербіі, а таксама Замбіі і Кот-д'Івуар. Дагэтуль парушэнні правоў чалавека, здзейсненыя ПВК "Вагнер" у Сірыі, ЦАР, Лівіі, Мазамбіку і Малі застаюцца беспакаранымі, што дазваляе Расіі пашыраць свой уплыў у Афрыцы пры дапамозе падтрымкі няўстойлівых ці аўтарытарных рэжымаў у абмен за права на рабаванне прыродных рэсурсаў гэтых краін.

Расія таксама ўмацавала свае сувязі з рэпрэсіўнымі ўрадамі на Блізкім Усходзе і ў Азіі, пашырыўшы гандаль зброяй з Іранам і М'янмай і павялічыўшы экспарт нафты і ўзмацніўшы іншыя формы эканамічнага супрацоўніцтва з Кітаем і Лаосам. Гэта дапамагло Расіі змякчыць разбуральны эфект санкцый і сфармаваць саюз з рэжымамі, якія парушаюць правы чалавека. З прычыны беспакаранасці Расіі гэтыя рэжымы ўзмацняюць рэпрэсіі на сваіх тэрыторыях.

FIDH і арганізацыі, якія ў яе ўваходзяць, салідарныя з украінскім народам

Дзеля больш эфектыўнага ўжывання правасуддзя ва Украіне і ва ўсім свеце неабходна прызнаць і больш рашуча адказаць на няўхільную пагрозу міжнароднаму міру і бяспецы, якая ідзе ад Расіі.

Выказваючы салідарнасць з украінскім народам, FIDH і яе арганізацыі-сябры:

  • заклікаюць улады Расійскай Федэрацыі неадкладна спыніць ваенныя дзеянні супраць Украіны, а Рэспубліку Беларусь спыніць падтрымку гэтых дзеянняў;
  • заклікаюць да ўмацавання супрацоўніцтва і ўзаемадапаўняльнасці паміж існуючымі структурамі, створанымі дзеля расследавання міжнародных злачынстваў, здзейсненых ва Украіне, а таксама да эфектыўнага ўзаемадзеяння з тымі, хто перажыў злачынствы, і грамадзянскай супольнасцю;
  • падтрымліваюць заклік да абмеркаванняў аб стварэнні іншых механізмаў адказнасці за міжнародныя злачынствы, здзейсненыя ва Украіне, такіх як спецыяльны трыбунал па злачынстве агрэсіі і іншых міжнародных злачынствах, здзейсненых ва Украіне;
  • заклікаюць да непахіснага асуджэння ўсіх парушэнняў міжнароднага права, здзейсненых ва Украіне ўсімі бакамі канфлікту;
  • заклікаюць да стварэння эфектыўных механізмаў адказнасці за парушэнні міжнароднага права, здзейсненыя расійскім кіраўніцтвам у іншых кантэкстах, у тым ліку ў Сірыі, Малі і ЦАР, вылучаючы тым самым сувязь паміж аўтарытарызмам і экстэрытарыяльнымі правапарушэннямі;
  • заклікаюць Украіну і іншыя дзяржавы ратыфікаваць Рымскі статут і прыняць адпаведныя нормы заканадаўства, што дазваляюць праводзіць расследаванні і пераслед злачынцаў за здзейсненыя міжнародныя злачынствы;
  • заклікаюць расійскія ўлады спыніць — а міжнародную супольнасць прыкласці далейшыя намаганні, каб спыніць — фальсіфікацыю гісторыі і выкарыстанне Расіяй прапаганды, якая апраўдвае агрэсію супраць Украіны тэрмінам "дэнацыфікацыя".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства