viasna on patreon

У Мінску пачынаецца завочны суд над Валерыем Цапкалам – прэтэндэнтам у кандыдаты на прэзідэнцкіх выбарах

2023 2023-03-01T09:56:00+0300 2023-03-03T10:09:15+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/capkala-valer-4.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Валерый Цапкала

Валерый Цапкала

Мінскі абласны суд 1 сакавіка ў парадку спецыяльнай вытворчасці пачынае разгляд крымінальнай справы аднаго з кандыдатаў на прэзідэнты пад час выбарчай кампаніі 2020 года, былога дыпламата, ініцыятара і стваральніка Парка высокіх тэхналогій Валерыя Цапкалы. Абвінавачаны па 12 крымінальных артыкулах Цапкала ў ноч з 23 на 24 ліпеня 2020 года разам з дзецьмі таемна пакінуў Беларусь, таму суд над ім будзе праходзіць завочна.

Судовы працэс прызначаны весці суддзя Сяргей Епіхаў.

Валерый Цапкала вылучаўся кандыдатам у прэзідэнты Беларусі у 2020 годзе, аднак, як і іншыя прэтэндэнты не быў зарэгістраваны ЦВК. Падставай для адмовы ў рэгістрацыі стала недастатковая колькасць сапраўдных подпісаў – менш за 100 тысяч. Ён перадаваў у ЦВК амаль 160 тысяч подпісаў, аднак тэрытарыяльныя камісіі іх масава анулявалі. У выніку яму залічылі крыху больш за 78 тысяч подпісаў.

Ён з’ехаў з Беларусі пасля таго, як праваахоўныя органы пачалі супраць яго праверкі, а 6 снежня 2022 года ў дачыненні да палітыка Галоўным ўпраўленнем па расследаванні злачынстваў у сферы арганізаванай злачыннасці і карупцыі Следчага камітэта была ўзбуджаная спецыяльная вытворчасць. Следства па справе завяршылася 28 снежня і матэрыялы былі перададзены ў суд.

У кастрычніку 2022 года МУС прызнаў Валерыя Цапкалу “экстрэмісцкім фармаваннем” на падставе таго, што  “група грамадзян, аб'яднаных пад агульным кіраўніцтвам Цапкалы, у тым ліку праз шэраг інтэрнэт-рэсурсаў, ажыццяўляе экстрэмісцкую дзейнасць”.

Таксама “экстрэмісцкім” прызнаны лагатып у выглядзе “фатаграфічнай выявы Цапкалы В". 

У чым абвінавачваюць палітыка?

Валерыю Цапкалу ставяць у віну здзяйсненне злачынстваў па 12 крымінальных артыкулах:

  • ч. 2 арт. 367 (паклёп у дачыненні да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь);
  • ч. 2 арт. 368 (абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь);
  • арт. 369-1 (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларус);
  • ч. 3 арт. 361 (заклікі да мер абмежавальнага характару, іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь);
  • ч. 1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім);
  • ч. 1 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы);
  • ч. 1 арт. 123 (прапаганда вайны);
  • ч. 2 арт.361-2 (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці);
  • арт. 188 (паклёп);
  • ч. 2 арт. 424 (злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі);
  • ч. 3 арт. 430 (атрыманне хабару);
  • ч. 1 арт. 400 (загадзя ілжывы данос).

Акрамя ўсяго адміністрацыя Парку высокіх тэхналогій  выставіла Цапкалу (які раней быў дырэктарам ПВТ) пазоў на кампенсацыю маёмаснай шкоды на суму больш як 6 тысяч рублёў.

Спецыяльная вытворчасць – вытворчасць па крымінальнай справе ў дачыненні абвінавачванага, які знаходзіцца па-за межамі Рэспублікі Беларусь і ўхіляецца ад яўкі ў орган, які вядзе крымінальны працэс.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства