viasna on patreon

Тэрміны Марфы Рабковай і Андрэя Чапюка скарочаныя на тры месяцы. Разгледзелі апеляцыйныя скаргі дзесяці палітвязняў

2023 2023-03-01T13:19:00+0300 2023-03-01T12:21:11+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/marfa_sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

28 лютага ў Вярхоўным судзе ў закрытым рэжыме адбыўся разгляд апеляцыйных скаргаў вясноўцаў Марфы РабковайАндрэя Чапюка, а таксама васьмі палітвязняў па справе "Рэвалюцыйнага дзеяння". Нагадаем, 6 верасня ў Мінску абвясцілі прысуд адразу дзесяці палітычным вязням. Суддзя Сяргей Хрыпач прызначыў ім наступныя тэрміны: Аляксандр Францкевіч — 17 гадоў, Акіхіра Гаеўскі-Ханада — 16 гадоў, Марфа Рабкова — 15 гадоў, Аляксей Галаўко — 12 гадоў, Павел Шпетны, Мікіта Дранец, Аляксандр Казлянка, Андрэй Чапюк — па 6 гадоў, Андрэй Марач, Даніла Чуль — па 5 гадоў. Судовая калегія пад старшынствам суддзі Аляксея Рыбакова пакінула без задавальнення скаргі шасці фігурантаў, а тэрміны вясноўцаў Марфы Рабковай і Андрэя Чапюка, а таксама актывістаў анархісцкага руху Акіхіры Гаеўскага-Ханады і Аляксандра Францкевіча былі скарочаныя на тры месяцы. Прысуд уступіў у сілу і палітвязняў хутка этапуюць у калоніі.

Палітзняволеныя на судзе 25 красавіка
Палітзняволеныя на судзе 25 красавіка 2022 года

Такім чынам, прысуд уступіў у сілу:

  • Аляксандру Францкевічу — 16 гадоў і 9 месяцаў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў ці больш за 8 800 даляраў);
  • Акіхіру Гаеўскаму-Ханаду — 15 гадоў і 9 месяцаў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў ці больш за 8 800 даляраў);
  • Марфе Рабковай — 14 гадоў і 9 месяцаў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў ці больш за 8 800 даляраў);
  •  Андрэю Чапюку — 5 гадоў калоніі і 9 месяцаў ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф у памеры 500 базавых велічыняў (16 000 беларускіх рублёў ці больш за 6 300 даляраў);
  • Аляксею Галаўко — 12 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў ці больш за 8 800 даляраў);
  • Паўлу ШпетнамуМікіту ДранцуАляксандру Казлянку — па 6 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф у памеры 500 базавых велічыняў (16 000 беларускіх рублёў ці больш за 6 300 даляраў);
  • Андрэю МарачуДанілу Чулю — па 5 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф у памеры 500 базавых велічыняў (16 000 беларускіх рублёў ці больш за 6 300 даляраў).

Акрамя гэтага, Марфе Рабковай і Аляксандру Францкевічу "Белтэлерадыёкампанія" выставіла пазоў у суме 2 344 рубля 65 капеек. Таксаме Марфе налічылі дзяржаўную пошліну — 117 рублёў 23 капейкі і працэсуальныя выдаткі ў памеры 5 168 рублёў і 82 капейкі.

За што асудзілі палітвязняў?

Працэс праходзіў у закрытым рэжыме чатыры з паловай месяцы, паколькі "ў матэрыялах крымінальнай справы маюцца матэрыялы экстрэмісцкай скіраванасці". Агулам прайшло 70 працэсаў па 158 тамах матэрыялаў крымінальнай справы. Як вядома з паведамленняў Следчага камітэту, пракуратуры і праўладных СМІ, палітзняволеных Марфу Рабкову, Андрэя Чапюка, Акіхіра Гаеўскага-Ханаду, Аляксандра Францкевіча, Аляксея Галаўко, Аляксандра Казлянку, Паўла Шпетнага, Мікіту Дранца, Андрэя Марача, Данілу Чуля абвінавацілі ў арганізацыі, кіраўніцтве ці ўдзеле ў анархісцкіх групах: "Революционное действие", "Народная самооборона", "Революцiйна дiя", і будуць судзіць за падзеі перыяду 2016-2020 гадоў.

Што паказальна, інтэрнэт-рэсурсы "Революционное действие / Народная самооборона / Революцiйна дiя" МУС прызнаў экстрэмісцкім фарміраваннем 2 лістапада 2021 года — толькі пасля 8-15 месяцаў пасля затрымання ўсіх дзесяцярых фігурантаў справы. Але, нягледзячы на гэта, некаторыя з іх абвінавачваюцца ў стварэнні і ўдзеле ў экстрэмісцкім фарміраванні (ч. 1 і 3 арт. 361-1 КК).

Трох палітзняволеных, у тым ліку Марфу Рабкову, СК характарызаваў як арганізатараў і кіраўнікоў шэрагу "арганізаваных злачынных групаў, што мелі аўтаномныя ячэйкі ў рэгіёнах Беларусі са сваімі лідарамі".

“Для супрацьпраўнай дзейнасці фарміраваліся "общаки", была створаная інтэрнэт-крама па рэалізацыі на тэрыторыі Беларусі, Украіны і Расіі экстрэмісцкай літаратуры, адзення і іншай атрыбутыкі. У свае шэрагі лідары падбіралі схільную да экстрэмізму моладзь, актыўных удзельнікаў фанацкага руху, шукалі асобаў з дапамогай сацсетак, якія адмініструюцца імі экстрэмісцкіх інтэрнэт-рэсурсаў і Telegram-каналаў”, — заявіў СК.

У выніку дзесяць чалавек, у залежнасці ад ролі, абвінавацілі паводле 10 артыкулаў Крымінальнага кодэкса:

  • ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў) — Аляксандр Францкевіч, Марфа Рабкова і Акіхіра Гаеўскі-Ханада;
  • ч. 1 арт. 13 ч. 2 арт. 293 (падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках) — Аляксандр Францкевіч, Марфа Рабкова, Акіхіра Гаеўскі-Ханада, Андрэй Чапюк;
  • ч. 3 арт. 293 (навучанне асобаў да ўдзелу ў масавых беспарадкаў) — Аляксандр Францкевіч, Марфа Рабкова і Акіхіра Гаеўскі-Ханада;
  • ч. 1 арт. 285 (стварэнне і кіраванне злачыннай арганізацыі) — Акіхіра Гаеўскі-Ханада, Аляксандр Францкевіч, Аляксей Галаўко, Марфа Рабкова;
  • ч. 2 арт. 285 (удзел у злачыннай арганізацыі) — Андрэй Чапюк, Андрэй Марач, Павел Шпетны, Аляксандр Казлянка, Мікіта Дранец, Даніла Чуль;
  • ч. 3 арт. 361 (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі або глабальнай камп'ютарнай сеткі Інтэрнэт) — Акіхіра Гаеўскі-Ханада, Аляксандр Францкевіч, Марфа Рабкова;
  • ч. 1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і ўдзел у ім) — Акіхіра Гаеўскі-Ханада, Аляксандр Францкевіч, Аляксей Галаўко, Марфа Рабкова;
  • ч. 1 арт. 342 (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) (за "Марш недармаедаў" 5 сакавіка 2017 года) — Павел Шпетны, Аляксандр Казлянка, Мікіта Дранец, Аляксей Галаўко, Андрэй Марач, Аляксандр Францкевіч, Акіхіра Гаеўскі-Ханада;
  • ч. 1 арт. 342 (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) (за перакрыцце трасы М1 на выездзе з горада Берасця ў 2018 годзе) — Акіхіра Гаеўскі-Ханада, Аляксандр Казлянка, Аляксандр Францкевіч, Мікіта Дранец, Аляксей Галаўко, Даніла Чуль;
  • ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці) —  Андрэй Чапюк;
  • ч. 3 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці групай асобаў)— Акіхіра Гаеўскі-Ханада, Аляксандр Францкевіч, Марфа Рабкова;
  • ч. 2 арт. 339 (злоснае хуліганства) (за лямпачкі з фарбай, кінутыя ў рэкламныя шчыты ДАІ ў 2016 годзе і за лямпачкі з фарбай, кінутыя ў будынак БТРК у 2016 годзе) — Марфа Рабкова, Аляксандр Францкевіч;
  • ч. 2 арт. 339 (злоснае хуліганства) (за дымавую шашку, кінутую ў будынак брэсцкага ГУБАЗіКа ў 2016 годзе) — Павел Шпетны, Аляксандр Францкевіч, Марфа Рабкова, Акіхіра Гаеўскі-Ханада;
  • арт. 341 (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці) (першамайскае графіці ў Брэсце ў 2020 годзе) — Аляксей Галаўко, Андрэй Марач, Аляксандр Францкевіч, Марфа Рабкова, Акіхіра Гаеўскі-Ханада;
  • арт. 341 (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці) (графіці супраць Еўрапейскіх гульняў у 2019 годзе) — Акіхіра Гаеўскі-Ханада, Андрэй Чапюк, Аляксандр Францкевіч, Марфа Рабкова;
  • ч. 3 арт. 218, ч. 3 арт. 339, ч. 2. арт. 295-3 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснаванае на выкарыстанні гаручых рэчываў, учыненыя групай асоб) (падпал гомельскай падатковай інспекцыі і рэкламнага шчыта ўпраўлення прымусовага выканання пакарання ў Івацэвічах у 2017 годзе) — Аляксандр Францкевіч, Марфа Рабкова, Акіхіра Гаеўскі-Ханада.

Паводле інфармацыі Аляксандра Казлянкі, па справе з дзесяці чалавек — восем адмовіліся даваць паказанні. У асобную вытворчасць вылучана крымінальная справа ў дачыненні да тых, хто з’ехаў за мяжу, — Дзмітрыя ЛяўчукаАртура КандратовічаРамана Халілава і Яўгена Жураўскага, а таксама "нявызначаных асобаў". 

Чытаць моцныя апошнія словы палітвязняў па справе:

Марфа ў апошнім слове: "Калі мы дапамагаем адно аднаму, выказваем салідарнасць — мы набліжаем надыход нашай Беларусі"

Праваабаронцам "Вясны" перадалі прамову, якую Марфа Рабкова рыхтавала да апошняга слова — публікуем яе цалкам.

"158 тамоў кажуць не пра нашу вінаватасць, а пра палітычную матываванасць працэсу", — Аляксандр Казлянка ў апошнім слове

Апошняе слова палітзняволенага Аляксандра Казлянкі.

"Такое прадстаўленне не вартае нават пухавіцкага палаца культуры", — Акіхіра Гаеўскі-Ханада ў апошнім слове

Праваабаронцам перадалі прамову, якую 22-гадовы палітвязень Акіхіра Гаеўскі-Ханада падрыхтаваў да апошняга слова.

Андрэй Чапюк у апошнім слове: "Праўда, аб'ектыўнасць і справядлівасць мацнейшыя за бандыцкія метады МУС і КДБ"

Праваабаронцам перадалі прамову, якую 26-гадовы палітвязень Андрэй Чапюк падрыхтаваў да апошняга слова.

"Я ведаю і веру — мы ўбачым увасабленне дэмакратыі", — у апошнім слове Францкевіч

Тэлеграм-канал "Рэвалюцыйнага дзеяння" апублікаваў моцнае апошняе слова 32-гадовага палітзняволенага анархіста Аляксандра Францкевіча, асуджанага ўчора да рэкорднага турэмнага тэрміну па гэтай справе.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства