Затрыманні ў Мачулішчах і на мяжы: хроніка пераследу 4-6 сакавіка Дапоўнена
У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 4-6 сакавіка збірае факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Затрыманне ў Полацку
З'явілася інфармацыя аб затрыманні старшыні Свабоднага прафсаюзу Беларускага СПБ Мікалая Шараха. Па словах відавочцаў ён быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі ў сябе дома ў Полацку а 15:30.
Па папярэдняй інфармацыі, яго абвінавачваюць паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў).
Улады прызналі "Брэсцкую Газету" "экстрэмісцкім фармаваннем"
Адпаведнае рашэнне прынятае КДБ 28 лютага.
У Мінскім раёне супрацоўнікі КДБ праводзяць аблавы і хапуны з-за пашкоджанага самалёта ў Мачулішчах
Паведамляецца, што 4 і 5 сакавіка затрымаліваюць усіх, хто пераследаваўся па адміністрацыйных палітычных артыкулах з 2020 па 2023 год. Людзей пасля ператрусаў вязуць у СІЗА КДБ. Праваабаронцам вядома мінімум аб дзясятку такіх выпадкаў.
Дапоўнена. У нядзелю ў вёсках каля Мачулішчаў затрымалі як мінімум 20 чалавек. Па інфармацыі праваабаронцаў, 14 з іх адпусцілі, а 6 — засталіся ў СІЗА. Прычына затрымання гэтых людзей пакуль невядомая.
Нагадаем, 26 лютага каля 9-й раніцы на аэрадроме ў Мачулішчах былі чутныя два выбухі. Паведамлялася, што пацярпеў вельмі каштоўны расійскі самалёт дальняй разведкі ДРЛВ А-50, ён быў падарваны ў двух месцах. Усяго такіх самалётаў у Расіі, спраўных і няспраўных, дзевяць. Ён выкарыстоўваўся для навядзення расійскіх ракет на цэлі ва Украіне.
Выдавец Зміцер Колас знаходзіцца ў КДБ
Як паведаміла Reform.bу крыніца з кніжных колаў, ёсць звесткі, што Зміцер Колас і яго друкар зараз знаходзіцца ў КДБ. Прычына —надрукаваная паўгады таму кніга дакументаў з дзяржархіваў пра рэпрэсіі 1937-39 гадоў "Масавыя рэпрэсіі ў СССР у гістарычных даследаваннях і калектыўнай памяці" (2018). Рыхтаваў кнігу гісторык Алесь Смалянчук з Гродна.
Па рашэнні суда ад 6 студзеня, выдавецтву было забаронена распаўсюджваць выданне. Але мяркуецца, што выдавецтва не паспела прыбраць яго з продажу. З гэтай нагоды Зміцера Коласа выклікалі ў КДБ.
У "Спіс экстрэмістаў" дадалі яшчэ 16 чалавек — цяпер у ім 2503 чалавекі
3 сакавіка МУС чарговы раз абнавіла "Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці". Акрамя іншых, у спіс дадалі былога студэнта ЕГУ Юрыя Хрысталюбава, начальніцу юрыдычнага аддзелу сеткі салонаў «На Связи» Ілону Белавус, студэнта БДУ Аляксандра Буйліцкага.
На мяжы з Літвой затрымалі гродзенца — яго чакае суд
Затрыманне адбылося 3 сакавіка пасля праверкі тэлефона. Мужчыну адвезлі РАУС у Воранава, дзе будуць трымаць да суда, які пройдзе ў панядзелак, 6 сакавіка.
Мужчыну будуць судзіць па арт. 19.11 КаАП (Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў), піша hrodna.lifе.
Праваабаронцам паведамляюць пра затрыманне на беларуска-польскай мяжы
Вядома, што хлопца, які ехаў у ЕС, знялі з аўтобуса супрацоўнікі КДБ пасля "размовы". Пасля сілавікі паехалі дадому да яго, правялі там ператрус і забралі тэхніку.
Паведамляецца, што ў хлопца быў выдалены Telegram, але яго прымусілі яго зноў усталяваць, каб аднавіць перапіскі.
Інфармацыя дапаўняецца.