Мужчыну асудзілі да "хатняй хіміі" за фотаздымак з Маршу
13 лютага 2023 года ў судзе Партызанскага раёну Мінску Дзмітрыя Ступакевіча асудзілі за ўдзел у паслявыбарчых ацыях пратэсту ў 2020 годзе. Яго прызналі вінаватым паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу і асудзілі да 2,5 гадоў абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ — "хатняй хіміі".
Нагодай для затрымання стаў фотаздымак, які міліцыянты знайшлі ў інтэрнэце. Прысуд агучыў суддзя Міхаіл Макарэвіч. Абвінавачаны знаходзіўся пад вартай да абвяшчэння прысуду і быў вызвалены ў зале суда.
Дзмітрыя прызналі вінаватым ва ўдзеле ў адным з мінскіх Маршаў у 2020 годзе. Згодна з абвінавачаннем, ён выйшаў на праезную частку вуліцы Леніна і праспекта Незалежнасці, чым заблакаваў рух транспарту. Мужчына прызнаў віну цалкам і пацвердзіў, што выходзіў на праезную частку, фатаграфаваўся на фоне супрацоўнікаў міліцыі. Вядома, што фотаздымак Ступакевіча з Маршу міліцыянты знайшлі падчас маніторынгу сайтаў навінаў.