viasna on patreon

Рэпрэсіі за данаты ў фонд BYSOL праз Facebook. Што рабіць?

2023 2023-03-13T10:48:00+0300 2023-04-06T13:06:46+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/viasna_14_cisk-za-danaty-by_sol_facebook.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Хваля рэпрэсій за данаты ў Facebook толькі пачалася, і пакуль незразумела, да чаго тая ці іншая стратэгія паводзінаў прыводзіць на практыцы. Тым не менш, Гарачая Лінія @ViasnaSOS і юрысткі "Вясны" кожны дзень атрымліваюць пытанні пра тое, што рабіць і як сябе засцерагчы. Тут вы ўбачыце адказы на іх.

viasna_14_cisk-za-danaty-by_sol_facebook
Ілюстрацыя: Вольга Пранкевіч

Што рабіць, калі выклікаюць на размову?

У першую чаргу, важна разумець, што ў праваахоўных органаў можа не быць зусім ніякіх пэўных доказаў і падстаў для вашага затрымання, штрафу, спагнання ці крымінальнага пераследу роўна да таго моманту, пакуль вы не дасце ім такую інфармацыю. У большасці вядомых нам выпадкаў людзі прыходзілі на такія размовы, на іх аказвалі псіхалагічны ціск — і яны падпісвалі тлумачальныя, дзе выкрывалі сябе ў “парушэннях”. У выніку з такой тлумачальнай можа пачацца крымінальны пераслед. Мы заўсёды радзім з’яўляцца ў праваахоўныя органы толькі па позве і толькі ў межах афіцыйнай працэдуры — допыту.

Мы рэкамендуем памятаць пра права не сведчыць супраць сябе і сваіх блізкіх (артыкул 27 Канстытуцыі) і карыстацца дадзеным правам. Каб мінімізаваць магчымасць ціску, радзім прыходзіць з адвакатам як на допыт, так і на прафілактычную гутарку (калі вы з нейкай нагоды ўсё ж вырашылі туды пайсці).

Як мінімізаваць рызыкі?

Кіраўнік фонду BYSOL Андрэй Стрыжак каментаваў, што ўцечка інфармацыі пра ахвяраванні тычыцца менавіта беларускіх банкаўскіх картак і, хутчэй за ўсё, не ўтрымлівае звестак пра тое, на карысць каго ажыццяўлялася ахвяраванне. Каманда фонду BYSOL раіць перарэгістраваць акаўнт у Facebook на новую электронную пошту і потым яго выдаліць.

Кааліцыя Пратэстных Двароў распрацавала складанейшую шматступеньчатую інструкцыю пра тое, што рабіць з Facebook-акаўнтам, з якога ажыццяўляліся ахвяраванні ў фонд.

Таксама медыя-рэсурс Zerkalo.io прыводзіць меркаванні адвакатаў, з чым карысна азнаёміцца.

Што, калі патрабуюць "заплаціць" за свой данат?

Калі супрацоўнік праваахоўных органаў патрабуе ў вас праз данат перавесці суму на нейкі дабрачынны рахунак, то выкананне гэтага патрабавання не гарантуе, што крымінальную справу не завядуць.

А што, калі данат быў да прызнання BYSOL экстрэмісцкім фармаваннем?

Юрыстка "Вясны" адзначае, што звычайна прымяненне крымінальнай адказнасці грунтуецца на прынцыпе "закон зваротнай моцы не мае". То бок, не могуць крымінальна пераследавацца дзеянні, якія былі зроблены да моманту ўвядзення за іх крымінальнай адказнасці.

Фонд BYSOL быў прызнаны экстрэмісцкім фармаванне 3 снежня 2021 года па пастанове Міністэрства ўнутраных спраў. І, атрымліваецца, крымінальны пераслед, звязаны з гэтым фактам, дапушчальны толькі за дзеянні, якія былі ажыццёўлены ўжо пасля прызнання фонда экстрэмісцкім.

Аднак у выпадку з экстрэмісцкімі фармаваннямі практыка такая, што экстрэмісцкімі яны прызнаюцца ад самага пачатку сваёй дзейнасці, а не з даты прыняцця пастановы. І гэта дае ўладам прастору для распаўсюджвання новага заканадаўства на старыя выпадкі.

Так, у лістападзе 2022 года стала вядома пра прысуд Аляксандру Зіязэтдзінаву па абвінавачанню ў фінансаванні дзейнасці экстрэмісцкага фармавання (частка 1 артыкула 361-2 Крымінальнага кодэкса) за перавод у траўні 2021 года ахвяравання ў іншы фонд — BYPOL. Фонд быў прызнаны экстрэмісцкай арганізацыяй толькі праз 6 месяцаў пасля таго, як было здзейснена ахвяраванне.

З кропкі гледжання прынцыпаў крымінальнага права (артыкул 9 Крымінальнага кодэкса), а таксама канстытуцыйных гарантый (артыкул 104 Канстытуцыі РБ) і міжнародна-прававых абавязацельстваў Рэспублікі Беларусь (артыкул 15 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах) такая практыка негатыўна ўплывае на прадказальнасць закона і прыводзіць да парушэння шэрага ключавых працэсуальных правоў людзей, якім прад’яўляецца такое абвінавачанне.

На дадзены момант цяжка казаць пра тое, як далей будзе развівацца такая практыка і наколькі стане масавай. Праваабарончы цэнтр "Вясна" адсочвае гэтыя выпадкі і просіць падзяляцца інфармацыяй.

Дапоўнена: "Зеркало" піша пра тое, як у беларуса атрымалася выдаліць інфармацыю са свайго профілю пра дасланы данат праз Facebook. Для таго, каб запытаць выдаленне, трэба скарыстацца дадзенай формай.

Беларус папрасіў у службы падтрымкі Facebook схаваць інфармацыю пра данат у BYSOL у 2020 годзе — і яму дапамаглі

У рэдакцыю "Зеркала" звярнуўся беларус і распавёў, што ў яго атрымалася схаваць у сваім акаўнце Facebook факт данату ў BYSOL у 2020 годзе. Нагадаем, менавіта за такія плацяжы беларусаў масава выклікаюць у КДБ, патрабуюць кампенсаваць суму данату ў мнагакратным памеры, а ў выпадку адмовы пагражаюць крымінальным пераследам за "фінансаванне экстрэмізму". Дазналіся ў нашага суразмоўцы, як у яго атрымалася дамовіцца з Meta, уладальнікам сеткі Facebook, пра скрыванне інфармацыі пра данат са старонкі.

Нашы кантакты:

Instagram: @viasnasos

Telegram: @ViasnaSOS, @SOSViasna

Telegram-bot: @viasna_bot

Email: pierasled@spring96.org

"Увесь я — фармаванне". Распавядаем усё, што трэба ведаць пра "экстрэмісцкія фармаванні"

З 18 лістапада 2021 года ў Беларусі Камітэт дзяржаўнай бяспекі і Міністэрства ўнутраных справаў прызналі больш за 120 "экстрэмісцкіх фармаванняў". Гэта тэлеграм-каналы і чаты, незалежныя СМІ, грамадскія аб'яднанні, полк Кастуся Каліноўскага і нават музыкальны гурт. З Юрыдычнай службай "Вясны" адказваем на актуальныя пытанні пра "экстрэмісцкія фармаванні".

"Да нас прыйшлі", "на брата завялі крыміналку"… З якімі запытамі звяртаюцца на Гарачую лінію "Вясны"?

Гарачую лінію Праваабарончага цэнтра "Вясна" (@ViasnaSOS) стварылі дзеля аператыўнай кансультацыі і падтрымкі людзей, якія сутыкнуліся з парушэннем правоў чалавека. Распавядаем пра тое, з якімі запытамі туды звяртаюцца людзі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства