viasna on patreon

Затрыманне ветэрана Афганістану і гомельскай псіхалагіні, вобшук у журналіста: хроніка пераследу 11-13 сакавіка

2023 2023-03-13T15:22:14+0300 2023-03-13T23:01:42+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/mikalai-zajac.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 11-13 сакавіка збірае факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

11 сакавіка

У гомельскага журналіста Анатоля Гатоўчыца 10 сакавіка ўвечары адбыўся ператрус

Пра гэта Анатоль паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook.


Сілавікі затрымалі мужчыну за тое, што ён здымаў іх дзеянні на камеру — праз гадзіну яго прывезлі ў рэанімацыю бальніцы

Праваабаронцам стала вядома пра выпадак, які адбыўся 9 сакавіка ў Беразіно. Як паведамляюць сведкі, мясцовы жыхар Панцюх Уладзімір на аўтавакзале пачаў здымаць дзеянні супрацоўнікаў ДАІ, які правяралі маршруткі. Мужчына палічыў, што даішнікі паводзілі сябе нахабна і хамілі кіроўцам. Як толькі супрацоўнікі ўбачылі тэлефон, адразу падбеглі, павалілі мужчыну на зямлю і павезлі яго ў аддзел.

Па інфармацыі праваабаронцаў, праз гадзіну Уладзіміра прывезлі ў рэанімацыю з сардэчным прыступам і слядамі збіцця. Зараз мужчына знаходзіцца ў бальніцы пад канвоем. Затрыманы мае 3 групу інваліднасці, у яго 4 перанесеныя інфаркты і 3 аперацыі шунтавання. Нягледзячы на ўсе гэта, Панцюха плануюць судзіць — але па якім артыкуле, пакуль невядома.

Нягледзячы на сведкаў затрымання, версія інцыдэнту ў сілавікоў іншая — нібыта Уладзімір у нецвярозым стане распачаў бойку на вакзале, за што і быў затрыманы. Як высветлілася пазней, збіты сілавікамі беларус - ветэран Афганістану. 

Пазней з'явіліся відэазапісы затрымання Панцюха Ўладзіміра. 


Гродзенскі фатограф Валеры Юдзін знаходзіцца ў ІЧУ

Праўладныя тэлеграм-каналы апублікавалі «пакаяльнае відэа» з затрыманым учора фатографам Валерам Юдзіным. На ім мужчына кажа, што нібыта прайшоў рэгістрацыю ў чат-боце плана «Перамога» і цяпер знаходзіцца ў ІЧУ.

Валеры — фатограф-фрылансер, адзін са стваральнікаў часопіса «Твой горад Гродна». Да гэтага працаваў у прэс-службе УУС і пенітэнцыярнай сістэме. Захоўваў БЧБ-сцяг, які да 1995 года сцяг вісеў на будынку аблвыканкама.


У Гомелі затрымалі псіхалагіню Алёну Дубініну

Прычына затрымання, роўна як і тое, дзе зараз знаходзіцца жанчына, невядома, піша @viasnaHomel.


12 сакавіка

Супраць былога палітвязня Аляксандра Кабанава распачалі новыя крымінальныя справы

Аляксандр Кабанаў

Пра гэта блогер паведаміў у сваім Facebook. Нагадаем, на тыдні ў доме бацькоў Кабанава адбыўся ператрус.

«Ператрус у бацькоў быў звязаны з тым, што на мяне завялі тры, а можа чатыры, а можа і трыццаць чатыры крымінальныя справы. Ды хоць пяцьсот, дэбілы», — напісаў Аляксандр.

Кабанаў быў асуджаны на тры гады пазбаўлення волі. 17 снежня Аляксандр выйшаў на волю, цалкам адбыўшы тэрмін — пасля гэтага экс-палітвязень з'ехаў з краіны.


Як мінімум пяць сілавікоў у поўным абмундзіраванні прыйшлі затрымліваць жанчыну за падпіску на "дэструктыўныя" тэлеграм-каналы

Відэа з затрыманнем паказалі на дзяржаўным тэлебачанні. Паводле прапагандыстаў, затрыманая Алена Зубарава была «ўдзельніцай шматлікіх дэструктыўных тэлеграм-каналаў, адпраўляла відэа, была адміністратаркай чата ў сацыяльнай сетцы».


13 сакавіка

У Гродне затрымалі актывіста і лекара Уладзіміра Пруднікава

Стала вядома, што ў пятніцу, 10 сакавіка, бліжэй да вечара ў Гродне быў затрыманы Уладзімір Пруднікаў. Яго затрымалі проста на працоўным месцы ў дзіцячым шпіталі, дзе Уладзімір працуе лекарам.

Уладзімір — вядомы грамадска-палітычны актывіст, старшыня гарадской арганізацыі Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі, сябра Гродзенскага абласнога савету гэтай партыі.

Прычына затрымання Пруднікава пакуль невядомая, піша «Гарадзенская Праваабарона».


У Мінску затрымалі былога прэс-сакратара Купалаўскага тэатра Мікалая Зайца

Затрыманне адбылося раніцай 13 сакавіка. Прычына затрымання пакуль невядома.

Тэлефон Мікалая недаступны, яго месцазнаходжанне сваякам невядома, піша @dw_belarus.


Інфармацыя дапаўняецца

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства