viasna on patreon

Затрыманні і іншыя факты пераследу 14 сакавіка Дапоўнена

2023 2023-03-14T21:32:00+0300 2023-03-15T11:50:55+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/shadko_1.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 14 сакавіка збірае факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Затрыманне ў Паставах

Паведамляецца пра затрыманне 48-гадовай Наталлі Яраслаўцавай. Прычыны пакуль невядомыя.


У Мінску разам з жонкай затрыманы фатограф і журналіст Дзмітрый Баяровіч — праваабаронцы маюць відэа таго, як гэта адбывалася

Раніцай у Бараўлянах адбылося затрыманне сям'і Баяровічаў — Дзмітрыя і Валерыі. На відэа з камер назірання бачна, як хлопца, які выйшаў на вуліцу ў 8:11, паклалі на зямлю сілавікі. Бачна, што да затрыманага хутка падбегла яго жонка. Потым сілавікі разам з Дзмітрыям і Валерыяй пайшлі ў кватэру, дзе пазней адбыўся ператрус.

Праз 10 хвілін — у 8:22 — сілавікі вывелі Дзмітрыя і пасадзілі ў бусік. Праз 40 хвілін — у 9 раніцы — з пад'езда вывелі і Валерыю. Яе таксама пасадзілі ў бусік і кудысьці павезлі (у праваабаронцаў маецца відэа).

Праваабаронцам вядома, што раней Дзмітрый Баяровіч працаваў на СТВ, але ў 2020 годзе звольніўся адтуль.


Хваля затрыманняў па ўсёй Беларусі

Прапагандысцкая газета "СБ. Беларусь сегодня" публікуе "пакаяльныя" відэа, піша "Наша Ніва". На мінулым тыдні яны апублікавалі каля дзясятка відэа затрыманняў. 

Адным з затрыманых стаў 66-гадовы Аляксандр Леаненка з вёскі Рамаўцы Бабруйскага раёна. Яму закідаюць удзел у пратэсце 30 жніўня 2020 года. У яго дома, як паведамляецца, таксама знайшлі шмат беларускай сімволікі.

Затрымалі таксама 41-гадовага Паўла Эціна з Гомеля. Ён працуе загадчыкам навукова-даследчай лабараторыі «Транспартныя сродкі» ў Беларускім дзяржаўным універсітэце транспарту. Яго абвінавацілі ў "экстрэмісцкім" рэпосце на старонцы ў фэйсбуку і прысудзілі 15 сутак арышту.

Таксама выйшла відэа з 27-гадовым Вячаславам Архіпенкам. Ён родам са Жлобіна, некалі праходзіў службу ў спецназе. Мужчыну закідаюць "распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў".

Затрымалі і 28-гадовага чыгуначніка з Гомеля Сяргея Філева. Невядома, у чым яго абвінавацілі, але ў відэа ён кажа, што некалі быў падпісаны на "дэструктыўныя каналы" і схадзіў на пару мітынгаў, але "перастаў цікавіцца палітыкай".

44-гадовы фатограф з Мазыра Дзмітрый Зоцікаў таксама быў затрыманы. У мужчыны ёсць малы сын. У відэа сілавікоў ён распавядае, што нібыта быў падпісаны на "каналы і рэсурсы, прызнаныя дэструктыўнымі", "дасылаў інфармацыю ў чат-бот "Голас"", а таксама дагэтуль падпісаны на незалежную прэсу.

Яшчэ адным затрыманым стаў пенсіянер Мікалай Бельскі. Мужчына распавядае, што быццам некалі чытаў "экстрэмісцкія каналы", але пасля перастаў.


Стала вядома пра затрыманне ў Мінску навукоўца Юрыя Адамава 

Сувязь знікла з ім на мінулым тыдні. Пра затрыманне паведамілі калегі Юрыя. Прычына затрымання невядомая.

Юрый Aдамаў — удзельнік беларускай супольнасці за свабоднае праграмнае забеспячэнне, а таксама сустваральнік навукова-папулярнага самвыдата “Pamylka”.


У Гродне ідзе "зачыстка" фанатаў хакейнага "Нёмана" — затрымалі лідара руху Сяргея Емяльянава і яшчэ каля 10 актыўных заўзятараў

"З 9 сакавіка ідзе поўная зачыстка па Гродне. Затрымалі вельмі многіх, кагосьці адпускалі, а хтосьці дагэтуль затрыманы. Ва ўсіх правяралі тэлефоны і нешта шукалі. Сярод вялікай групы затрыманых ёсць хакейныя фанаты "Нёмана".

Гэта актыўныя фанаты, у тым ліку і жанчыны. Па нашай інфармацыі да гэтага часу застаюцца ў зняволенні каля дзясятка фанатаў "Нёман". Можа, і больш, няма дакладных лічбаў",пракаментаваў сітуацыю выданню MOST прадстаўнік фанацкага руху.


У Полацку зноў затрымалі актывіста Віктара Стукава 

Віктар Стукаў

Паведамляецца, да гэтага была затрымана яго жонка. На Віктара былі складзены два пратаколы, аднак па якой справе пратаколы пакуль невядома.


Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў cпіс "асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці" — там з'явіліся прозвішчы яшчэ адзінаццаці чалавек.

Сярод іх Максім Ярашэнка, Барыс Кім, Сяргей Савіч, Арцём Воўна, Юры Калодны, Мікалай Даніш, Рыгор Грыг, Павел Мякіш, Валер Барзенка, Андрэй Касцоў і грамадзянка Расіі Сафія Сапега.

Цяпер у "тэрарыстычным спісе" 1026 чалавек, з іх 278 — беларусы.


У Беларусі адбываюцца масавыя затрыманні псіхатэрапеўтаў і псіхіятраў

Паводле звестак "Белых халатаў", у Беларусі прайшлі масавыя затрыманні псіхатэрапеўтаў і псіхіятраў. Частку з іх пасля допытаў адпусцілі, частку не. Колькі чалавек застаюцца пад вартай — невядома. Паводле ініцыятывы, можна казаць аб затрыманні не менш за 20 спецыялістаў.

Таксама стала вядома, што падчас допытаў ад спецыялістаў патрабуюць парушыць закон аб медычнай таямніцы і дакладваць аб «нядобранадзейных» пацыентах, якія прыходзілі да іх на прыём.


Затрыманні за данаты

Праваабаронцам паведамляюць пра тое, што супрацоўнікі КДБ працягваюць затрымліваць людзей за данаты ў фонды салідарнасці.


Улады прызналі "экстрэмісцкімі" кнігу Бахарэвіча, нумары часопіса "Наша Гісторыя" і кліп Sumarok

Сёння ў чарговы раз папоўніся Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. У яго трапілі:

  • Часопіс «Наша Гісторыя» (нумары: № 2 (19) – 2020 г., № 8 (25) – 2020 г., № 9 (26) – 2020 г., № 3 – 2018 г., № 5 – 2018 г., № 4 (9) – 2019 г., № 1 (18) – 2020 г., № 3 (20) – 2020 г., № 11 (28) – 2020 г.);
  • Часопіс «Arche Пачатак» (нумары: № 4 (163) – 2019 г., № 3 (166) – 2020 г., № 4 (159) – 2018 г.);
  • Кніга «Апошняя кнiга пана А» Альгерда Бахарэвіча (Прага-Мiнск «Вясна» — «Янушкевiч»);
  • Календар «Не маўчы па-беларуску 2021 з малюнкамi i словамi»;
  • Відэакліп «Sumarok — Чэрцi»;
  • Telegram-чат «Копыль».

Відэааператара Паўла Падабеда затрымалі за рэпосты 2012 года, а цяпер яму інкрымінуюць "садзейнічанне экстрэмізму" 

Як стала вядома БАЖ, мінскага журналіста Паўла Падабеда, які супрацоўнічаў з шэрагам незалежных СМІ, падводзяць пад артыкул 361-4 Крымінальнага кодэкса — “садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці”.

Неўзабаве будзе два месяцы ад моманту затрымання фрылансера Паўла Падабеда, які цяпер утрымліваецца ў СІЗА №1 Мінска. Па першым часе з улікам кепскага ліставання і абмежавання ў кантактах з роднымі заставалася незразумелай прычына цікавасці да 43-гадовага мужчыны. Нагадаем, яго затрымалі 20 студзеня і пакаралі 15 суткамі адміністрацыйнага арышту.

Аднак Беларускай асацыяцыі журналістаў удалося высветліць, што фармальнай прычынай аказаліся даўнія спасылкі ў ягоных сацсетках на публікацыі ў медыях, прызнаных уладамі "экстрэмісцкімі матэрыяламі". Прычым, рэпосты датаваныя ажно 2012 годам — за 10 гадоў да таго, як незалежныя СМІ ў Беларусі павальна сталі "экстрэмістамі". Іншымі словамі, спатрэбілася любая зачэпка, каб пакараць чарговага хранікёра драматычных падзеяй 2020-га.


Затрыманаму журналісту Вячаславу Лазараву інкрымінуюць "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці"

Нагадаем, затрыманне Вячаслава адбылося 9 лютага. Спачатку Лазарава павезлі ў Следчы камітэт, і амаль суткі родныя не ведалі пра далейшы ягоны лёс. Стала вядома, што яго абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 361-4 КК (сайдзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Цяпер яго ўтрымліваюць у віцебскім СІЗА-2

Падтрымайце Вячаслава грашовымі пераводамі, пасылкамі, тэлеграмамі: СІЗА-2. 210026, Віцебск, Гагарына, 2, Вячаслаў Дзмітрыевіч Лазараў


З'явілася інфармацыя пра затрыманне памочніка Мясніковіча Дзмітрыя Шадко 

13 сакавіка СМІ паведамлялі, што мужчына знік і яго не могуць знайсці тры дні. Па інфармацыі "Вясны", Дзмітрый быў, імаверна, затрыманы на працы ў Маскве. Як сцвярджаюць нашыя крыніцы, мужчына доўгі час быў звязаны з "ралевікамі" і час ад часу, па магчымасці, прымаў удзел у іх мерапрыемствах — ён асабіста ведаў некаторых людзей, што былі затрыманыя па справе дыверсіі ў Мачулішчах.

Шадко займаў пасаду памочніка Міхаіла Мясніковіча, старшыні Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі (орган Еўразійскага эканамічнага саюза, куды ўваходзяць Арменія, Беларусь, Кыргызстан, Расія, Казахстан). Да траўня 2019 году ён быў намеснікам Міністра сувязі і інфарматызацыі Беларусі.


Падчас аблавы ў Гомелі сілавікі "праверылі" больш за 30 чалавек "на прадмет садзейнічання экстрэмісцкім фармаванням"

Праўладныя крыніцы паведамілі, што сілавікі падчас аблавы "выявілі сувязі замежных удзельнікаў экстрэмісцкіх фармаванняў і прыцягнулі больш за дваццаць чалавек да адказнасці".

Фотаздымкі і фрагменты "пакаяльных" відэа з удзелам затрыманых апублікавалі праўладныя тэлеграм-каналы. Затрыманым прыгразілі адказнасцю "ў адпаведнасці з заканадаўствам Беларусі", піша Zerkalo.io.


У Гродне затрыманы супрацоўнік "Гродна Азот" і сябра незалежнага прафсаюза 

Гэта 44-гадовы Максім Сеннік. Мужчыну ўзялі пад варту і змясцілі ў СІЗА турмы №1 Гродна, піша @nebovkletku. На "пакаяльным відэа" мужчына кажа, што "прытрымліваўся апазіцыйных поглядаў і ўдзельнічаў у акцыях пратэсту ў 2020 годзе. Таксама з'яўляўся сябрам незалежнага прафсаюза ААТ “Гродна Азот”".

Таксама ён нібыта ў Telegram-каналах абражаў Лукашэнку, прадстаўнікоў улады, міліцыянтаў, перадаваў інфармацыю тэлеканалу "Белсат".


ГУБАЗіК ладзіць "рэйды" на сем’і і знаёмых байцоў Палка Каліноўскага

Начальнік ГУБАЗіК МУС Андрэй Ананенка заявіў, што сілавікі адпрацоўваюць сувязі беларусаў, якія трапілі ў спісы так званых "экстрэмістаў і тэрарыстаў". 

Паводле яго, "удзельнікі экстрэмісцкіх і тэрарыстычных арганізацый, якія знаходзяцца за мяжой, такіх, як Полк Каліноўскага і іншых узброеных фармаванняў, выношваюць планы па дэстабілізацыі абстаноўкі ў Беларусі". ГУБАЗіК лічыць, што паколькі ў Беларусі ў тых, хто з'ехаў за мяжу, засталіся сувязі (у тым ліку "сваякі і знаёмыя"), яны могуць садзейнічаць "экстрэмісцкай дзейнасці".

"Сувязі беларускіх наймітаў, якія ваююць у складзе незаконных узброеных фармаванняў на тэрыторыі Украіны, зафіксаваныя і сістэмна адпрацоўваюцца на прадмет падрыўной дзейнасці ўнутры краіны і аказання садзейнічання замежным радыкальным ініцыятывам. Работа ў гэтым напрамку ўсімі падраздзяленнямі органаў унутраных спраў працягваецца", — паведамляе МУС.

Паводле МУС, з пачатку мінулага года да крымінальнай адказнасці прыцягнутыя 11 чалавек за спробу выезду з Беларусі для ўступлення ў ваенізаваныя фармаванні ва Украіне.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства