Экспертцы па этыкеце Аксане Зарэцкай прысудзілі 1,5 года калоніі, заснавальніку кампаніі Astronim Багдану Караўцу — 2 гады калоніі
У судзе Маскоўскага раёну Мінска 14 сакавіка асудзілі палітзняволеных Аксану Зарэцкую і Багдана Караўца паводле ч. 1 арт. 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) Крымінальнага кодэкса. Суддзя Кацярына Мурашка прызначыла Аксане адзін год і шэсць месяцаў калоніі агульнага рэжыму, Багдану – два гады калоніі агульнага рэжыму.
Справу пачалі разглядаць 10 сакавіка.
Як паведаміла @rada_vision, падчас судовых спрэчак абаронца падкрэсліла, што парушэнне закону, якое інкрымінуюць Аксане і Багдану адбылося больш за 2 гады таму. З таго часу абвінавачаныя ніякіх законаў не парушалі, працавалі на карысць краіне і не пераехалі, нягледзячы на такую магчымасць. У якасці змякчальных абставінаў абаронца таксама давяла сямейныя складанасці ў абодвух абвінавачаных. У бацькі Аксаны Зарэцкай праблемы са здароўем, Багдан выхоўвае дзіця з інваліднасцю. Таксама ў якасці хадайніцтваў да пісьмовых матэрыялаў справы былі далучаны шматлікія станоўчыя характарыстыкі на абодвух абвінавачаных з розных месц працы.
"Відавочна, Высокі суд бачыў ужо шмат справаў па гэтым артыкуле, і яшчэ больш людзей удзельнічалі ў гэтых мерапрыемствах. Але вы бачыце, што людзі, якіх сёння судзяць, інтэлігентныя і паважаныя. Гэта не злосныя хуліганы, якія прыносяць шкоду грамадству і, відавочна, калі іх пазбавіць волі, то ад гэтага будуць цярпець наступствы дзве сям’і з маленькімі дзецьмі. Высокі суд, зараз як раз у вас ёсць магчымасць праявіць міласэрнасць", – рэзюміравала адвакат.
У сваім апошнім слове Аксана Зарэцкая папрасіла прабачэння ў сям’і за тыя выпрабаванні, якія ім давялося вытрымаць у сувязі з яе пазбаўленнем волі.
"Я думала, што магу перажыць любое пакаранне, але развітанне з роднымі і выпрабаванні для блізкіх – самае складанае", – адзначыла Аксана.
Аксана Зарэцкая — член асноўнага складу Каардынацыйнай Рады, трэнерка па этыкеце і бізнэс-камунікацыях, культуралагіня, магістарка педагогікі. Яна мае дваіх дзяцей.
Багдан Каравец — бізнэсовец, заснавальнік кампаніі Astronim, якая займаецца распрацоўкай сайтаў.
Падтрымайце палітзняволеных грашовымі пераводамі, пасылкамі, тэлеграмамі: СІЗА-1, 220030, Мінск, Валадарскага, 2, Зарэцкая Аксана Анатольеўна, Багдан Уладзіміравіч Каравец