Тры гады "хатняй хіміі" за ўдзел у двух акцыях пратэсту ў 2020 годзе
На тры гады абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу асуджаны за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе падсобны рабочы аднаго з мінскіх прадпрыемстваў Юрый Працкевіч.
Справа разглядалася 27 лютага ў судзе Партызанскага раёна Мінска. Суддзя – Міхаіл Макарэвіч.
Працкевіча затрымалі 18 снежня 2022 года і да суда змясцілі ў следчы ізалятар.
Па матэрыялах абвінавачання, Юрый Працкевіч двойчы прымаў удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушылі грамадскі парадак, а таксама пацягнулі парушэнне працы транспарту і прадпрыемстваў (ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса). Так, у першым выпадку ён рухаўся па праезнай частцы вуліцы Далгабродскай у складзе калоны працаўнікоў прадпрыемстваў, у другім выпадку па праспектах Незалежнасці і Пераможцаў.
Быў апазнаны па вопратцы, а затым у ягоным тэлефоне следчыя знайшлі фотаздымкі з акцый пратэсту.
У судовым пасяджэнні сваю віну Працкевіч прызнаў цалкам.
Суд пакараў яго трыма гадамі “хатняй хіміі”.
Працкевіч быў вызвалены з-пад арышту ў залі суда.