viasna on patreon

439 дзён у няволі і на волі. Гісторыя Дзяніса Дземуха — былога палітвязня, які хоча памятаць усё

2023 2023-03-15T16:33:32+0300 2023-03-17T12:28:09+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/dzemuh_kalazh.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

9 сакавіка для Дзяніса Дземуха своеасаблівая гадавіна — у гэты дзень у 2021 годзе яго асудзілі па пратэсным артыкуле. Храналогію гэтага дня Дзяніс добра памятае і цяпер. Напрыклад, тое, што яго суд пачаўся роўна ў 11:00, а скончыўся ў 17:37. За гэты час суддзя Алег Каляда паспеў разглядзець крымінальную справу і вынесці прысуд — паўтара года калоніі. Дзяніс адсядзеў, выйшаў і пераехаў у Літву. Прайшло 14 месяцаў, як Дзяніс на волі — амаль столькі ж ён адсядзеў. Цяпер хлопец пераасэнсоўвае свой вопыт і памятае кожны дзень свайго зняволення.

"Вясна" распавядае пра Дзяніса Дземуха — былога палітвязня, які хоча памятаць усё.

dzemuh_kalazh.jpg
Дзяніс Дземух адразу пасля вызвалення (злева) і цяпер, праз 14 месяцаў (справа)

Паветра на волі становіцца іншым

У Літву Дзяніс вырашыў пераехаць адразу пасля заканчэння тэрміну — на волю палітзняволены выйшаў 27 снежня 2021 года. Гэты дзень "Вясна" папрасіла ўспомніць. Вось як Дзяніс яго апісвае:

"Гэта была эйфарыя. Але перад вызваленнем, у чаканні я сябе наганяў быццам: вось я выйду, але праз 15-20 хвілін мяне закруцяць — і зноў па новым артыкуле...

Калі я стаяў перад выхадам на КПП [кантрольна-прапускны пункт — Заўв.] каля паўгадзіны, я выпаліў чатыры цыгарэты. Я проста не адчуваў, што куру адну за адной. Напэўна, на гэта паўплывала паветра. Яно ж адрозніваецца: тое, што было ў калоніі, і тое, калі ты адразу выйшаў. Яно быццам адразу ж змяняецца, становіцца іншым.

Калі я выходзіў, у мяне проста пачалі трэсціся рукі, учасцілася сэрцабіццё. Было адчуванне, што быццам раней ты быў у купале: там, дзе проста іншы свет — і там, дзе паветра зусім іншае. Але ты выходзіш і проста ўдыхаеш гэтае свежае паветра — і галава адразу ж пачынае кеміць: гэта не там, дзе ты знаходзіўся на працягу гэтага часу... і ты ўжо выйшаў быццам на зусім іншую паверхню.

Як толькі я прыехаў дадому, першым жа чынам лёг на свой ложак, вырашыў заплюшчыць вочы — і сэрца білася ўдвая часцей. Я паспрабаваў яго кантраляваць, але не атрымлівалася. А калі я праз некалькі дзён ехаў у аўтобусе, то было такое пачуццё: ты глядзіш — а там твары новых людзей, не тых, якіх ты бачыў на працягу калоніі і пад следствам. І быццам ты адчыніў новы партал і ўвайшоў у гэты новы свет. Я ўявіў людзей, якія па 25 гадоў знаходзяцца ў калоніі, што яны адчуваюць, калі вызваляюцца? Іх пачуцці, пэўна, у некалькі разоў інтэнсіўней за мае.

Я не мог паверыць, я не мог адысці ад таго, што я на волі. Я проста думаў, што гэта нейкі сон, што мяне зараз з яго рэзка вырвуць — і я апынуся на тым жа месцы, дзе я быў раней. Але потым, калі ўжо крыху адаптуешся (мне хапіла прыкладна паўтара тыдня), то я ўжо пачынаў разумець, што ўсё са мной будзе добра, ніхто мяне не затрымае".

dzjanis_dzemuh_fota_dzmitryja_dzmitryeva
Дзяніс Дземух адразу пасля вызвалення. Фота: Новы час

Але потым было змяненне Канстытуцыі і рэферэндум

"У той дзень [27 лютага 2022 года — Заўв.], калі людзі пачалі выходзіць супраць вайны ва Украіне, для мяне гэта было як быццам я вярнуўся назад у жнівеньскія падзеі [2020-га]. Я ішоў [па Менску] і бачыў, як аўтазак мінае — мяне аж перакалаціла. Падумаў: зараз мяне туды закінуць — і я зноў тую ж самую выяву буду бачыць.

Аўтазак крыху далей праехаў, і, калі я ўбачыў, што яны зноў пачалі ссаджвацца, бегчы з дубінкамі і з шчытамі ў бок Якуба Коласа, я схапіўся за галаву — у мяне быццам дэжавю: што гэта ўжо было, а зараз яно зноў адбудзецца. Я пайшоў па праспекце Незалежнасці ад Плошчы Перамогі да Плошчы Леніна — і ўбачыў зноў "карціну Рэпіна "Прыплылі"": 6 аўтазакаў, усе вось такімі групкамі бегаюць то ўлева, то ўправа — мяне ўзварухнула. Я думаў: трэба нешта зрабіць, каб адпомсціць, то бок я хацеў адпомсціць за ўсіх і за ўсё, што з намі зрабілі. Але, як кажуць, адзін нешта можа зрабіць, але, калі на цябе навальваецца натоўп, ты ўжо нічога не можаш зрабіць...

Потым з часам я супакоіўся, але шарахаўся ад таніраваных бусаў.

А роўна праз паўгады пасля вызвалення я атрымаў выклік з незнаёмага нумара.

Кажуць:

— Вас Фрунзенскае РУУС непакоіць.

Я:

— Так, слухаю.

— Да нас трапіла вельмі важная папера, вы праходзіце сведкай па вельмі важнай справе, вы павінны явіцца да нас, пажадана ў пятніцу.

Я кажу:

— Позву.

Ён:

— Я вам з працоўнага нумара тэлефаную.

— Позву, без позвы не яўлюся.

— Вы ж разумееце, я з працоўнага нумара тэлефаную, праз новае заканадаўства магу вам паведаміць нават з працоўнага тэлефона.

— Пачакайце, вы мне са свайго асабістага тэлефануеце ці з працоўнага?

— З працоўнага.

А я гляджу — нумар мабільны. Кажу:

— Дык з якога вы працоўнага тэлефануеце, калі нумар мабільны.

— Дык гэта мой асабісты.

— Добра, давайце зробім так: вы мне позвачку — я яўляюся, няма позвы — я не прыязджаю.

— Ну вы ж разумееце: калі не прыедзеце, мы абвясцім вас у вышук.

— Ну на здароўе. Атрымліваецца, асабіста хто хочаш можа патэлефанаваць: сябар, брат, сват, — а калі супрацоўнікі — дык давайце працаваць па законе. Вы хочаце, каб я прыехаў — на здароўе, закон ёсць закон.

— Я разумею, што вы цяпер толькі нядаўна вызваліліся...

— Тут гэта не галоўнае — дзе я знаходзіўся і за што мяне затрымалі, але ў мяне было дастаткова часу, каб падвучыць закон.

Позвы мне больш не прыходзілі, але, наколькі я зразумеў, усплылі мае ўдзелы 9, 10 і 11 жніўня 2020 года.

Я вырашыў у тэрміновым парадку з'ехаць. І ўспомніў, што перад гэтым я спрабаваў заехаць у Грузію праз Расію — мяне не прапусцілі. Але тады я гэтаму не надаў сэнсу. Цяпер я зразумеў, што мне дагэтуль не дазволілі выязджаць з краіны.

Я перайшоў мяжу з Літвой нетрадыцыйным чынам".

dzianis_dzemuh2.jpg
Дзяніс Дземух праз 14 месяцаў пасля вызвалення

Супрацоўніка ГУБАЗіКа цікавілі тыя, хто займаўся "каляфутболам"

Праз 14 месяцаў на волі Дзяніс пераасэнсоўвае сваё затрыманне і крымінальную справу.

Хлопца затрымалі 4 кастрычніка 2020 года пасля ўдзелу ў "Маршы вызвалення палітзняволеных". Дзяніса павезлі ў Цэнтральнае РУУС і сфатаграфавалі ўсе яго татуіроўкі (іх было 8), а затым адвялі ў кабінет да супрацоўніка ГУБАЗіКа. Той назваўся Андрэем.

"Ён вельмі добра пра мяне ведаў. Не ведаю, як і чаму, але ён ведаў пра ўсіх маіх сяброў, з якімі я быў у "каляфутболе". Першым чынам ён спытаў: "Вашы каляфутбольнікі былі [на маршы]?" А я тады за "Гарадзею" заўзеў. Ён кажа: "Гарадзейскія заўзятары былі?"

І толькі потым з часам у мяне пачала выява выбудоўвацца, што гэты чалавек па нас ужо вельмі даўно працуе. Таму што калі ты каляфутбольны заўзятар, то цябе ўносяць у базу, каб цябе калі што маглі спакойна вылічыць. І я падумаў: хутчэй за ўсё, калі ён ведае пра каляфутбольнікаў, то ён падчапіў нас у гэтай базе. І пачаў [працаваць] па кожнаму, хто разам з намі быў у гэтым сектары".

Знаходжанне ў кабінеце Дзяніс успамінае як гульню ў "добрага і дрэннага паліцыянта". Супрацоўнік, які назваўся Андрэем, быў "добрым".

"Ён казаў спакойным голасам: "Будзем з табой шчырыя: пачнём з таго, навошта ты выходзіў, хто цябе спансіраваў". Я сказаў, што выходзіў, бо палічыў патрэбным, гэта маё асабістае меркаванне. І ніхто мяне не спансіруе. Ён сказаў: "Ты мне п*здзіш?" Я: "Вы ж хочаце праўду, я вам кажу праўду". А ён: "Да, па вачах бачу, што ты сапраўды такі".

Я расслабіўся. Праз паўгадзіны размовы адчыняюцца дзверы і залятае, нібы раз'юшаны дзік, яго калега. І пачынае на мяне сапці. Кажа: "Ты альбо мне зараз усё распавядзеш, альбо я зараз пальцы павыламваю і ты расколешся". Я працягваю руку і кажу: "Давай".

Потым разам кудысьці сышлі".

У ІЧУ ў Дзяніса адбыўся яшчэ адна размова ў кабінетах супрацоўнікаў.

"5-га кастрычніка мне ўжо прад'яўляюць адміністрацыйнае парушэнне, па артыкуле 23.34. Суд прайшоў па Скайпу.

Праз паўгадзіны мяне закідваюць спачатку ў адзін кабінет, дзе быў звычайны аператыўны працаўнік. І ён мяне пачынае пытаць: "Ці ведаеш такога?"

Гэта быў мой знаёмы, які раскалоўся. Іначай я тады адмазаўся б толькі адміністрацыйкай. 

Я ўхіляўся ад адказу.

Потым мяне павялі ў іншы кабінет. Адчыняюцца дзверы, карціна маслам: прыехалі тыя ж самыя — "добры" і "дрэнны" паліцыянты. Сказалі: "Абірай"".

Сілавікі прапанавалі Дзянісу супрацоўніцтва: "сказаць, як ёсць", а іначай — пагражалі шасцю гадамі зняволення.

"Ты вырашаеш гэта банальна, неяк абдумваеш усё — і мы табе даем паўгады якога-небудзь арышту, іначай ты прысаджваешся за артыкул. Мы цябе можам пасадзіць за любы, — успамінае словы сілавікоў Дзяніс. Я кажу: "Ну давайце, папрацуем па законе".

Прайшло дзесьці сем дзён. Тады прыйшоў афіцыйна чалавек з ноўтбукам і ўжо запісаў сведчанні нейкія, альбо "левыя". Нешта было сказана паводле маіх слоў, а нейкія моманты былі завуаляваныя так, каб я не зразумеў. І калі я перачытваў [пратакол допыту], быццам гэта мае словы, але потым гэта ўсё вельмі "прыгожа" адгукнулася мне на судзе. Гэта ўсё каласальна абярнулася супраць мяне".

Пра свае жартаўлівыя фармулёўкі ў адказах супрацоўніку ГУБАЗіКа потым Дзяніс пашкадаваў.

"Калі да мяне прыйшоў адвакат, мы склалі план дзеянняў — імкнуліся зрабіць так, каб мне ў выніку далі "хатнюю хімію". Але потым у выніку ў судзе гэты план пайшоў не па плане. Не атрымалася праз тое, што на допыце былі ўзятыя словы, якія я тады яму казаў і якія ён там перафразаваў і перарабіў. І ўжо потым на судзе, калі я ўсё там абмазгаваў, я тады пачаў разумець, што ўсё. Слова — не верабей, і ўжо не вярнуць той момант. Для мяне гэта было крыху такім урокам, што трэба было хаця б разумець, з кім маеш справу. Як кажуць, жарты жартамі, але... Я пажартаваў разам з імі, але потым гэта ж яны ўрэшце смяяліся, а я ўжо, атрымліваецца, і "плакаў": мне ж далі паўтара года".

Дзяніс Дземух
Дзяніс Дземух да зняволення

Адзін дзень зняволення

Як адзначае Дзяніс, ён добра памятае кожны дзень свайго жыцця.

"Мабыць, гэта праз тое, што [ў раннім узросце] я страціў бацькоў. І так склалася, што я запамінаю ўсе найменшыя дэталі. Напрыклад, чалавека я фатаграфую вачамі — і праз 10 гадоў магу сказаць, дзе я яго бачыў".

Напрыклад, Дзяніс памятае, калі пачаў займацца валейболам.

"Мне было 14 гадоў, у кадэцкай вучэльні было спаборніцтва паміж узводамі. Праз тое, што ў мяне вялікі рост, мне прыйшлося граць у валейбол. І я яго палюбіў. Мне стала цікава. Тым летам я паехаў у Італію і пабачыў алімпіяду. Зборная Італіі тады заняла другое месца — і я натхніўся. Ёсць такія ўспаміны вельмі вострыя, калі ты ўсё літаральна памятаеш з першага моманту да апошняга. І гэта для мяне і вельмі добра. Мне адзін чалавек сказаў: "Не забывай, дзе ты знаходзіўся. Калонія, турма — ты не павінен гэта забываць. Бо калі чалавек забудзе, дзе ён быў — і што з гэтага?""

"Вясна" папрасіла Дзяніса апісаць адзін дзень з яго зняволення — 12 верасня 2021 года (дата абраная выпадковым чынам). Вось ён:

"Я ўжо знаходзіўся ў калоніі. Мы пачалі хадзіць на прамзону. У 6 раніцы — зарадка на пяць хвілін. Пасля чаго ўсе пастроіліся і пайшлі на сняданак. Пасля сняданку мы прыйшлі ў баракі, заправілі пасцель. Потым быў час прагляду тэлеперадачы да ранішняй праверкі. Потым праверка хвілін 15. І мы высунуліся на прамзону. У 8:30 — праверка перад уваходам на прамзону. У 9:00 мы пачалі працаваць. Нам выдалі ўсе інструменты. Адпрацавалі ўсю змену да пяці вечара. З часу да двух — абед. У 17 гадзін мы вярнуліся ў атрады. З 17 да 18 — тэлевізар і гульня ў нарды. У 18 гадзін у нас вечаровая праверка. Потым вячэра. Вярнуліся ў баракі і займаліся сваімі справамі. Я тады яшчэ адказваў на лісты. Мне ў той дзень прыйшло тры лісты ад двух сяброў — і я тады на гэтыя лісты і пачаў адказваць. Пасядзеў, пачытаў кнігу — апошнюю частку "Гульні тронаў". З 19 да 20 у нас былі навіны (з 19 да 19:30 — расійскія, а з 19:30 да 20 — беларускія, Азаронак). З 20 і да 21:30 мы глядзелі серыял "Улада ў начным горадзе". Я на яго вельмі падсеў. Вось такі дзень у мяне быў 12-га верасня".

dzianis_dzemuh3.jpg
Дзяніс Дземух праз 14 месяцаў на волі

Новае жыццё: ад палітвязня да кіраўніка рэстарана

Дзяніс ужо восем месяцаў жыве ў Вільнюсе і працуе намеснікам дырэктара ў італьянскім рэстаране. Яго кар'ерны шлях быў хуткім. У гэтым дапамагло і дасканалае валоданне італьянскай мовай — хлопец ведае яе дзякуючы прыёмнаму бацьку з Італіі.

Дырэктар рэстарана — з Італіі. Ён ведае, што яго падначалены быў у зняволенні.

"Я яму распавёў усё ад "а" да "я". Усё, што адбылося. Ён не засуджвае мяне за гэта і разумее, у якім становішчы знаходзіцца Беларусь. Кажа: "Вы паспрабавалі — у вас не атрымалася"".

У сваім старым інтэрв'ю выданню "Новы час", якое выйшла неўзабаве пасля вызвалення Дзяніса, той падзяліўся сваімі планамі: напісаць кнігу "439 дзён у няволі". "Вясна" спытала ў Дзяніса, ці атрымалася ў яго гэта ажыццявіць:

"З кнігай — ужо плюс-мінус 200 дзён напісаныя. Калі я задумаў кнігу, скажу шчыра, было вельмі цяжка падысці да гэтага. Бо кожны дзень [зняволення] — і ты пачынаеш усё з нуля, пачынаеш успамінаць усё даслоўна, да кожнай секунды. І кожны дыялог, які адбываўся, павінен гэта перадаць, каб чалавек, які чытае гэтую кнігу, прыкладна мог зразумець, што адбываецца, і адчуць гэта на сабе. Але мэта кнігі, якая будзе яшчэ шмат разоў перапрацоўвацца, — данесці да людзей праўду. Шматлікія ж людзі не ведаюць, што такое беларуская калонія і зняволенне. Яны сабе гэтага не ўяўлялі, і не дай божа, калі такое здарыцца з гэтым чалавекам. Але ён павінен будзе ведаць — ага, вось з чалавекам такое адбылося, і гэта не так, як у амерыканскіх фільмах, дзе ўсё прыгожа. Людзі павінны ведаць праўду.

Чаму я вырашыў напісаць гэтую кнігу — я натхніўся Святланай Алексіевіч і яе "Малітвай Чарнобыля" ["Чарнобыльская малітва"]. Я яе 4 разы перачытваў на італьянскай. Яна мяне вельмі моцна натхніла. Калі мой прыемны бацька набыў гэтую кнігу, то сказаў: "Я табе раю прачытаць, бо ты шмат чаго не ведаеш". І тое, што ад нас утойвалі і дагэтуль утойваюць, Алексіевіч у адной кнізе напісала. Тое ж самае хачу зрабіць і я. Людзі не ведаюць.

І тут, у Літве, калі я гутарыў з людзьмі — пачынаеш распавядаць, што адбывалася, і чалавек: "Ці такое магчыма?" І ты думаеш: быццам не чужая краіна, у цябе пад межамі гэта адбываецца, а ты не ведаеш".

"Ці вы не баіцеся даваць інтэрв'ю?"

"Шмат хто пытае, як маё жыццё змянілася, калі я пераехаў у Літву. Першым чынам, гэта цяжка. Хоць я раней жыў у Італіі і я разумею, што такое Еўропа. Але калі ты ў 200 кіламетрах да сваёй краіны, да свайго горада, і ты туды не вернешся, пакуль усё не скончыцца і не зменіцца... І ты сядзіш і думаеш: так, я ў Літве, я ў бяспецы; але я ўсё роўна не адчуваю сябе тут як дома. Такія думкі не пакідаюць.

А калі людзі пытаюць "Якая ў цябе мара?", а я думаю: у мяне была мара і я яе тут у Літве амаль ажыццявіў. Мара быць валейбалістам на дадзены момант вельмі важная, але ніхто ніколі мне не верыў, што я хачу падпрацоўваць дыджэем. І ў мяне слых ёсць. Мой Дзень народзінаў 1-га красавіка, і да гэтай даты ў мяне ёсць час, каб ажыццявіць мару — набыць сабе дыджэйскі кантролер. Так, у Літве можна прасунуцца дзе хочаш. Найгалаўнейшае — мець жаданне. Калі ты стараешся, імкнешся ісці, нягледзячы ні на што, ты заўсёды да чагосьці прыйдзеш. Я чалавек рэлігійны. Твая праца заўсёды ацэньваецца. І, калі ты стараешся, ты будзеш узнагароджаны за гэта.

Іншыя мне кажуць: "А ці вы не баіцеся даваць інтэрв'ю? Чаму вы так вольна гаварыце?" Я кажу: а каго мне баяцца? Я заўсёды спрабаваў данесці людзям праўду, каб людзі даведаліся пра тое, што адбываецца ў нас. Калі мы будзем маўчаць і нічога не будзем рабіць, то канешне ў нас нічога не атрымаецца. Людзі будуць да гэтага часу казаць: "Былі гэтакія, але нічога не атрымалася". А тое, што адбываецца ўжо далей, пасля ўсіх падзей, ніхто не ведае, ніхто не цікавіцца. І чым лепей мы будзем гэта ўсё асвятляць, тым лепей свет будзе ведаць, як гэта ўсё адбывалася. Мабыць, у дадзены момант для тых, хто знаходзіцца за межамі нашай краіны, і для тых, хто знаходзіцца ў няволі, — для іх гэта вельмі важна. Людзі, якія там знаходзяцца — яны ж не па сваёй волі туды трапілі, а таму што іх туды пасадзілі". 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства