Ператрус у рэдакцыі газеты, затрыманні страйкбалістаў, знікненне ўкраінца: хроніка пераследу 15 сакавіка Дапоўнена
У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 15 сакавіка збірае факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Палітзняволеную Вольгу Ялцэвіч у СІЗА змяшчалі ў падвал на 50 сутак
Суд Маскоўскага раёна Брэста ў ліпені асудзіў жыхарку Докшыцаў да 2 гадоў калоніі за "фінансаванне пратэстнай дзейнасці" (ч. 2 арт. 342 КК).
Былая палітзняволеная распавяла праекту «Палітвязынка» пра ціск на Вольгу ў СІЗА:
«У берасцейскім СІЗА Воля некалькі разоў трымала галадоўку на знак пратэсту супраць цяжкіх умоў. З-за гэтага яе садзілі ў карцар. А потым ўвогуле ў падвальнае памяшканне пасадзілі. Яно выглядала як камера, але па факту — падвал. Воля правяла ў ім каля 50 сутак. Умовы там жудасныя: толькі халодная вада, вельмі вільготна. Там нават печыва або вафлі немагчыма было есці, бо ўсе прадукты адразу ж рабіліся вільготнымі. Праз гэта ў Волі вельмі пагоршылся здароўе. Зараз яна ў гомельскай калоніі і яна трымаецца. Я была ўражаная стойкасцю Волі».
Падтрымайце Вольгу: ПК № 4, 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3, Ялцэвіч Вольга Міхайлаўна
"Нясе пагрозу Рэспубліцы Беларусь". У Кобрыне затрымалі грамадзяніна Украіны Арцёма Макавея
Арцёму 23 гады, ён працаваў дыджэем, ездзіў з выступамі па Беларусі. Па словах маці Іны, Макавей жыў у Беларусі з 2009 году, меў тут дазвол на жыхарства. Яна расказвае, што ў студзені 2023 году сына выклікалі ў міграцыйную службу і «прапаноўвалі там прайсці паліграф», піша блог «Галасы».
«У канцы студзеня да яго стукалі ў дзверы незнаёмыя ў цывільным, ён баяўся ім адчыняць, бо не ведаў, хто гэта. 27 студзеня Арцём знік, перастаў адказваць мне на паведамленні», – кажа Іна Макавей.
Жанчына даведалася, што затрымлівалі не толькі сына, але і ягоных сяброў. Іх у выніку адпусцілі з-пад варты. Нядаўна Іна сама прыехала ў Беларусь.
«Мне проста нічога не адказваюць, ухіляюцца ад адказу. Нават сказалі: «Адкуль вы ўзялі, што мы забралі?». Адзінае, што паведамілі: «Ён нясе пагрозу Рэспубліцы Беларусь». Больш ніякіх тлумачэнняў», – кажа ўкраінка.
У рэдакцыі газеты "Інфа-Кур’ер" у Слуцку сёння адбыўся ператрус
Трое супрацоўнікаў рэдакцыі затрыманыя, піша @bajby. Таксама няма сувязі з галоўным рэдактарам выдання Сяргеем Станкевічам.
UPD. Праваабаронцам стала вядома, што пасля сённяшняга ператрусу ў рэдакцыі, на волю так і не выйшлі трое супрацоўнікаў выдання «Інфа-Кур’ер». Гаворка ідзе пра галоўнага рэдактара Сяргея Станкевіча, а таксама пра Глеба Рулёва і Алега Рубчэню.
Сілавікі адсправаздачыліся аб закрыцці "дэструктыўнай ячэйкі страйкбалістаў" у Салігорску
У праўладным тг-канале з'явілася пакаяльнае відэа з двума затрыманымі жыхарамі Салігорска. Іх называюць «ячэйкай страйкбалістаў» і абвінавачваюць у экстрэмісцкай дзейнасці.
Таксама сцвярджаецца, што хлопцы «задумвалі штосці супрацьпраўнае і мелі замежныя сувязі».
БАЖ стала вядома, што ў доме галоўнага рэдактара «Рэгіянальнай газеты» Аляксандра Манцэвіча ў Вілейцы сёння раніцай адбыўся ператрус
З Аляксандрам і яго жонкай Нінай знікла сувязь. Дзе яны цяпер, невядома.
«Рэгіянальная газета» — вядучае недзяржаўнае грамадска-палітычнае выданне Маладзечна і рэгіёна. У 2022 годзе ўлады прызналі матэрыялы сайта выдання «экстрэмісцкімі матэрыяламі», з таго часу выданне выходзіць у сацыяльных сетках.
Віцебчука арыштавалі за лозунгі "Слава Украіне" ў пад'ездзе дома — так ён адрэагаваў на расійскі сцяг на дзвярах кватэры незнаёмага
У лютым у Віцебску па скарзе "неабыякавага грамадзяніна" затрымалі мясцовага жыхара Антона — нібыта ён выкрыкваў "неанацысцкія лозунгі". У выніку на яго склалі пратакол паводле арт. 24.23 КаАП за тое, што ён у пад'ездзе дома правёў пікетаванне, выказваючы грамадска-палітычныя і асабістыя інтарэсы, а таксама пратэст супраць нападу Расіі на Украіну, і выкрыкваў пратэсныя лозунгі.
На судзе Антон віну не прызнаў і пацвердзіў, што падчас гутаркі з невядомым чалавекам, які жыве ў кватэры, на ўваходных дзвярах якой была размешчана выява сцяга Расіі, выкрыкваў лозунгі, якія выкарыстоўваюцца ўкраінцамі падчас вайны. Ён адзначыў, што не лічыць гэтыя лозунгі неанацысцкімі. А таксама заявіў, што выказваў іх, бо супраць вайны. Доказам яго віны стала нібыта размешчаная ў сацсетках "нацысцкая сімволіка".
Суддзя Міхаіл Юрчанка прызнаў Антона вінаватым і асудзіў хлопца на 15 сутак арышту.
Сілавікі затрымалі жыхара Кармы Валера Варганава
Фотаздымкі затрымання апублікавалі праўладныя тэлеграм-каналы. Што інкрымінуецца Валеру — пакуль невядома.
Гродненца затрымалі за каментары ў тэлеграме
У пакаяльным відэа мужчына кажа, што працуе ў краме інструментаў. У каментарах ён выказваўся на адрас АМАПу і ўладаў.
Чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў
У яго трапілі:
Telegram-чат «Ельскае сяброўства»;
Старонка карыстальніка «Ігар Палынскі» ва «Укантакце».
У Бабруйску Андрэя Сініцу арыштавалі на 15 сутак
Андрэя затрымалі раніцай 10 сакавіка пасля ператрусу. 5 дзён яго ўтрымлівалі ў ІЧУ і толькі сёння над ім адбыўся суд. Яго абвінавацілі ў "распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў" паводле арт. 19.11 КаАП. Суддзя Алена Гормаш прызнала Андрэя вінаватым і арыштавала на 15 сутак.
Вядома, што Сініцу неаднаразова адпраўлялі на «суткі» па палітычных матывах у 2020 і 2021 гадах.
Сёння раніцай сілавікі прыходзілі да бацькоў вядомай опернай спявачкі Маргарыты Ляўчук
Пра гэта Маргарыта распавяла ў сваім Instagram.
Паводле яе, супрацоўнікі крымінальнага вышуку горада Брэста прыйшлі да бацькоў у 6:30 раніцы. Яны распытвалі ў іх пра Маргарыту і даведаліся яе кантакт у Telegram.
Нагадаем, спявачку абвясцілі ў Беларусі ў вышук год таму — ён інкрымінаваны арт. 370 КК (Здзек з дзяржаўных сімвалаў). Бацькоў Маргарыты затрымлівалі ў мінулым траўні — тады ім прызначылі па 70 базавых штрафу кожнаму.
Полацкага актывіста Віктара Стукава арыштавалі на 15 сутак
Актывіста Свабоднага Прафсаюзу Беларускага Віктара Стукава затрымалі ўчора ў Полацку. Сёння суддзя Уладзімір Бясецкі прызнаў яго вінаватым у "распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў" і арыштаваў яго на 15 сутак.
Жонку актывіста Святлану Стукаву затрымалі 27 лютага наўпрост на працы. 1 сакавіка полацкая суддзя Яніна Марцулевіч прызнала Святлану вінаватай і асудзіла да 15 сутак арышту. Падставай для адміністрацыйнай справы стала падпіска жанчыны ў Фэйсбуку на "BySol". Учора жанчына выйшла на волю.