Пракурору “хатняй хіміі” падалося мала – падаў пратэст, а ў выніку жыхара Чэрыкава накіруюць у калонію
Судовая калегія па крымінальных справах Магілёўскага абласнога суда задаволіла днямі пратэст пракурора Чэрыкаўскага раёна аб змене прысуду ў дачыненні да мясцовага жыхара Дзмітрыя Іванова, прызнанага вінаватым у публічнай абразе прадстаўніка ўлады і асуджанага па арт. 369 Крымінальнага кодэкса да аднаго года і шасці месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу і штрафу ў памеры 50 базавых велічынь.
Як было ўстаноўлена судом, 43-гадовы Іваноў у лістападзе 2021 года ў адным з дэструктыўных Telegram-каналаў размясціў каментары з абразамі ў адрас супрацоўніка органаў унутраных спраў. Апроч гэтага Дзмітрый Іваноў падпісаўся на шэраг экстрэмісцкіх чатаў і каналаў, неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за правапарушэнні экстрэмісцкага характару да і пасля здзяйснення злачынства.
Таксіста з Чэрыкава асудзілі на 1,5 года "хатняй хіміі" за каментар у бок міліцыянта
Не пагадзіўшыся з прызначаным пакараннем з прычыны ягонай мяккасці, пракурор Чэрыкаўскага раёна прынёс апеляцыйны пратэст.
Вызначэннем судовай калегіі па крымінальных справах Магілёўскага абласнога суда Іванову прызначана больш строгае пакаранне – пазбаўленне волі ў выглядзе 1 года 6 месяцаў з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму са штрафам у памеры 100 базавых велічынь.