viasna on patreon

Рыс-магіла і экскурсіі. Успаміны былой зняволенай Валадаркі

2023 2023-03-16T18:47:49+0300 2023-03-16T18:55:13+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/siza-1_budynak-valadarka.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Аляксандра (імя зменена) адсядзела на "Валадарцы" (СІЗА-1) па палітычнаму крымінальнаму артыкулу з траўня па чэрвень 2022 года. "Вясна" запісала тры незвычайных успаміны дзяўчыны пра сваё зняволенне. Аповед прыводзіцца ад першай асобы.

СІЗА-1, у якім Марфа Рабкова ўтрымліваецца з 7 верасня 2020 года
СІЗА-1 у Мінску (Валадарка)

Торт і арэхі

Тры чалавекі, якія пакінулі для мяне глыбокі след: Марфа Рабкова, Іра Леўшына і Людміла Волкава. Мы нават святкавалі ў камеры Дзень народзінаў Люды, ёй спаўнялася 30 гадоў. Мяне дзяўчынкі навучылі рабіць торт з печыва, сметанковага масла, арэхаў, халвы і згушчонкі. Торт, дарэчы, вельмі класны. І заўсёды ў мяне добра атрымліваўся — я яго разы тры ўжо рабіла, калі была ў камеры.

Праўда, дагэтуль я не магу глядзець на арэхі і сухафрукты — мне аж блага становіцца.

Рыс-магіла і 3D-каша

Гэта было ў нашым меню.

Мы складалі меню: калі пачынаецца новы месяц, першы тыдзень мы стараліся запісваць, што ў нас сёння на абед.

Дзяўчынкі адкрывалі меню: "Сёння рыс-магіла". Усе цяпер здзіўляюцца, калі я распавядаю пра магілу — а гэта вараныя карасі, іх проста навальваюць на агульную талерку з горачкай — а там усё: і хрыбты, і скура, і вочы. То бок гэта проста вараная рыба, але выглядае яна як братэрская магіла. Мы так і пісалі ў меню — "рыс-магіла".

Альбо 3D-каша — гэта каша з трох каш: аўсянка, прасянка і яшчэ штосьці. Альбо 2D-каша была. Заўсёды было свята, калі прыносілі катлету. Яна была раз на тыдзень. У чэрвені, напрыклад, па суботах — і мы заўсёды вельмі радаваліся. А там рэальна катлета, больш-менш мясная, а не нешта незразумелае.

Чаму меню? Кожны дзень кожнага тыдня паўтараецца на працягу месяца. Калі сёння, у панядзелак, прынеслі рыс-магілу, а ўвечары 3D-кашу з каўбасой, то ў наступны панядзелак будзе тое ж самае. І таму мы запісвалі гэта — і так складалі меню. Вельмі зручна: ты ж паглядзіш у меню і ведаеш, ці трэба табе сёння заварыць грэцкія камякі альбо аўсянку зрабіць сабе на абед, ці ты пачакаеш — і пад'еш вось гэтай ежы з меню, калі яна табе больш-менш падабаецца.

Экскурсіі

Улетку, калі шпацыруеш у прагулачным дворыку (ён знаходзіцца ўнізе, пад клеткай), там зверху часта вадзілі экскурсіі з мужчынамі — і ты адчуваеш сябе як малпачка ў заапарку. Калі была спякота — а ты не можаш хадзіць па вуліцы ў замкнёным дворыку ў 30 градусаў — то дзяўчынкі здымалі з сябе вопратку, заставаліся ў топіках. А гэтыя зверху стаяць і на цябе глядзяць.

Неяк хтосьці спытаў у дзяўчынак з суседняга дворыку, і адна адказала, што тут куча палітычных. "У нашай краіне палітычных зняволеных няма!" — сказаў той, хто прыйшоў на экскурсію. А мы ўсе: "Да лаадна!"

Вадзілі экскурсіі і тады, калі мы былі ў камеры. Зазіралі да нас — таксама сябе як у заапарку адчуваеш. Проста ў дзверцах там вочка маленькае. І ты чуеш, як яно — шух! — калі хтосьці адчыняе і зазірае. І калі мы, дзяўчынкі, пераапранаемся, нехта можа ўзяць і зазірнуць.

На гэтых экскурсіях у асноўным былі мужчыны. Альбо такія супер-дзядзечкі ў касцюмах, у кашулях з кароткімі рукавамі, альбо нейкія супер-маладыя хлопцы, якія, мабыць, вучацца і, мабыць, збіраюцца пайсці далей у следчы камітэт; можа, нехта хоча працаваць на Валадарцы, можа, хтосьці хоча стаць губазаўцам.

За тое, што неабыякавыя беларускі. За што рэжым Лукашэнкі пераследуе жанчын

Жанчыны Беларусі, як і мужчыны, у 2020 годзе і па сённяшні дзень актыўна ўключыліся ў барацьбу за свабоду нашай краіны, за што падвяргаюцца рэпрэсіям.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства