viasna on patreon

Былога "тэрарыста" з Гомеля Ігара Альхова судзяць за спробу ўцёкаў з псіхіятрычнай лякарні

2023 2023-03-18T08:52:00+0300 2023-03-18T10:51:03+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/alhou-igar.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ігар Альхоў

Ігар Альхоў

Не зусім звычайная крымінальная справа  разглядаецца Мінскім раённым судом у дачыненні да 31-гадовага жыхара Гомеля Ігара Альхова. Мужчыну абвінавачваюць ва ўцёках з папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі, арыштнага дома або з-пад варты (ч. 1 арт. 413 Крымінальнага кодэкса).

Вядома, што суд Цэнтральнага раёна Гомеля 15 жніўня 2022 года вынес вызначэнне, згодна з якім у дачыненні да палітзняволенага Ігара Альхова прымяніў прымусовыя меры бяспекі і лячэння ў выглядзе змяшчэння ў псіхіятрычны стацыянар са строгім наглядам.

Нібыта ён, у стане непрытомнасці, здзейсніў грамадска-небяспечныя дзеянні, а менавіта –  акт тэрарызму (ч.1 арт. 289) і абразу Аляксандра Лукашэнкі (ч.1 арт. 368).

У чым хацелі абвінаваціць Ігара Альхова?

Як палічыла следства, Ігар Альхоў, нібыта хацеў у мэтах перашкоды палітычнай дзейнасці, застрашвання насельніцтва і дэстабілізацыі грамадскага парадку ўзарваць адміністрацыйны будынак у Гомелі па вуліцы Білецкага (вядома, што там месціцца абласное упраўленне КДБ. заўв. рэд), дзеля чаго азнаёміўся на адным з ютуб-каналаў са спосабамі вырабу выбуховых рэчываў. Затым набыў неабходныя кампаненты для іх вырабу, у тым ліку для сумесевых складаў тыпу "акісляльнік плюс гаручае" і прыгатаваў такую сумесь. Пазней спрабаваў набыць радыёпульт для ініцыявання зарадаў самаробных выбуховых прылад на адлегласці, аднак ягоная супрацьпраўная дзейнасць была спыненая праваахоўнымі органамі.

Ён жа, публічна ў непрыстойнай форме абразіў, прынізіў гонар і годнасць дзеючага прэзідэнта ў сувязі з ажыццяўленнем ім сваіх паўнамоцтваў. Альхоў уласнаручна напісаў тэкст, агучыўшы і зафіксаваўшы яго з дапамогай неўстаноўленай відэазапісваючай прылады, пасля чаго адаслаў дадзены відэазапіс  не менш, чым двум карыстальнікам месэнджара Tэлеграм.

Гомельскага "тэрарыста" Альхова накіравалі ў псіхіятрычную лякарню са строгім наглядам

Пасля вынікаў псіхіятрычнай экспертызы, у Альхова былі выяўленыя парушэнні ў псіхічнай сферы, на час здзяйснення злачынства ён не мог усведамляць значэнне сваіх дзеянняў.

Судовы працэс над Альховым пачаўся яшчэ яшчэ 26 траўня і з доўгімі перапынкамі доўжыўся да 15 жніўня 2022 года. У выніку суддзя Цэнтральнага раёна Гомеля Сяргей Кармановіч вынес вызначэнне аб накіраванні яго ў РНПЦ псіхічнага здароўя ў Навінкі. Паколькі пасля вынікаў псіхіятрычнай экспертызы, у Альхова былі “выяўленыя парушэнні ў псіхічнай сферы, і на час здзяйснення злачынства ён не мог усведамляць значэнне сваіх дзеянняў быў не здольны да адэкватнага ўспрымання рэчаіснасці”.

Манавіта ў Навінках, на тэрыторыі РНПЦ, існуе псіхіятрычны стацыянар са строгім наглядам. З развіцця падзей вынікае, што Альхоў паспрабаваў здзейсніць адтуль пабег.

navinki-psih.jpg
Псіхіятрычны стацыянар са строгім наглядам у Навінках.

Самае строгае месца, куды накіроўваюць па рашэнні суда людзей з парушэннямі ў псіхічнай сферы – Рэспубліканская псіхіятрычная бальніца “Гайцюнішкі”. Па меркаванні некаторых сведак – фактычна гэта турма з камерамі, рашоткамі і аховай.

Альхоў – былы “тэрарыст”

Прозвішча Ігара Альхова яшчэ перад пачаткам судовага працэсу над ім, 20 траўня 2022 года было ўнесена КДБ у “Спіс арганізацый і асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці” за нумарам 796. Зараз гэтага нумара ў табліцы не існуе, як і прозвішча, відаць, ужо былога “тэрарыста”.

Новую крымінальную справу па факце ўцёкаў з псіхіятрычнага стацыянара са строгім наглядам разглядае ў Мінскім раённым судзе Ігар Іглікаў.

Альхова судзяць як "асобу, якая здзейсніла грамадска небяспечнае дзеянне, прадугледжанае крымінальным законам, у стане бессвядомасці або якая захварэла пасля здзяйснення злачынства псіхічным захворваннем (п. 13 арт. 6 КПК)". Пасядждэнне прызначанае на 27 сакавіка.


Артыкул 413, частка 1. Уцёкі з папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі, арыштнага дома або з-пад варты караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін да трох гадоў. Але крымінальнае пакаранне ў гэтым выпадку прыменена не будзе,  да Альхова будуць прымяняць прымусовыя меры бяспекі і лячэння.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства