Наталля Пінчук: "Беларусы гатовы змагацца за свае погляды, але цяпер уся Беларусь, па сутнасці, у турме"
Кіраўнік праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі быў уганараваны Нобелеўскай прэміяй міру падчас знаходжання ў СІЗА-1. На ўрачыстай цырымоніі ў Осла прысутнічала яго жонка: Наталля Пінчук выступіла з прамовай, прысвечанай шматгадовай барацьбе свайго мужа за свабоду, дэмакратыю і правы чалавека. Фактычна, менавіта за гэтую мірную праваабарончую дзейнасць 3 сакавіка вясноўцам прызначылі вялікія тэрміны: Алесю Бяляцкаму — 10 гадоў, Валянціну Стэфановічу — 9 гадоў, Уладзіміру Лабковічу — 7 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. У інтэрв'ю DW Наталля Пінчук распавяла пра вайну і рэпрэсіі, пра Нобелеўскую прэмію і суды над вясноўцамі, пра салідарнасць і цяперашняе жыццё.
— Як вы асабіста перажываеце тое, што адбываецца?
— Прысуд я ўспрыняла цяжка — я ўсведамляю, у якіх умовах знаходзіцца Алесь і іншыя палітзняволеныя. Вопыт першага арышту Алеся хутчэй пагаршае сітуацыю. Ведаеш, што стаіць за гэтым. 10 гадоў — гэта вялізны тэрмін. У Беларусі тым, хто выступаў супраць улады, даюць да 25 гадоў... Для некаторых людзей гэта тэрмін да канца жыцця, калі ўлічваць узрост і невыносныя ўмовы ў турмах. Тэрмін у 10 гадоў накіраваны на падрыў здароўя і знішчэнне чалавека, успрыняць яго спакойна немагчыма.
— Як вы думаеце, ці паўплывала на прысуд Нобелеўская прэмія?
— Адкрыты працэс — хутчэй за ўсё, адказ на атрыманне прэміі, імкненне паказаць, што для ўладаў яна нічога не значыць, кінуць выклік Захаду. Улады імкнуліся выставіць праваабаронцаў крымінальнікамі, паказаць прысуд не палітычна матываваным, а прывязаць да кантрабанды... У іх не атрымалася.
— Ці змяніла нешта прэмія ў адносінах да Беларусі?
— Галоўнае — прэмія прыцягнула ўвагу да таго, якія жахлівыя рэчы адбываюцца ў Беларусі. Штодзённы тэрор, рэпрэсіі, якія не канчаюцца з 2020 года, людзей сотнямі саджаюць у турмы, кожны дзень — затрыманні. Паўтары тысячы палітвязняў — мізэр у параўнанні з рэальнай колькасцю, пра шматлікіх мы не ведаем.
"Прыходзіцца неяк выбудоўваць жыццё. Я пакуль не ў Беларусі"
— Ці можаце вы распавесці пра тое, як цяпер жывяце?
— Сёння надзей на вызваленне Алеся і яго калег з "Вясны" няма. Жонкам, і мне ў тым ліку, прыходзіцца неяк наладжваць жыццё. Мы пражылі з Алесем 35 гадоў, цяжка не мець яго побач. Я пакуль знаходжуся не ў Беларусі, на які перыяд часу — сказаць складана. Пакуль сітуацыя такая.
— Што дапамагае спраўляцца?
— Калі Алеся ўпершыню арыштоўвалі, у мяне з'явіліся новыя сябры, хоць і па няшчасцю — сядзелі іх сыны, мужы. Мы не згубілі сувязь, і калі зноў прыйшоў час выпрабаванняў, сталі яшчэ бліжэй. Гэта маці Ігара Аліневіча, жонка Мікалая Статкевіча... Я ім удзячная непамерна.
— Вы кажаце прозвішчы, і я разумею, што цяпер усе яны — зноў палітзняволеныя. У 2021 годзе анархіст Ігар Аліневіч атрымаў 20 гадоў калоніі, палітык Мікалай Статкевіч — 14 гадоў...
— Так, зноў у турмах і сыны, і мужы.
— Як у такім выпадку выбудоўваць жыццё? На што спадзявацца?
— Няшчасная надзея, мы яе заўсёды душым. Цяжка, калі яна не спраўджваецца. Стараемся жыць адным днём, не думаць пра добрае — хай яно само прыйдзе.
— Ці ёсць у вас інфармацыя пра мужа?
— Есць перапіска, але не ўсе яго лісты прыходзяць да мяне, а мае — да яго. Адвакаты маўчаць, бо могуць пазбавіцца ліцэнзіі ці сесці ў турму. Адзін з адвакатаў Алеся ўжо атрымаў вялікі тэрмін, іншага пазбавілі ліцэнзіі.
"Прэмія будзе чакаць выхаду Алеся з турмы"
— Ад імя мужа вы атрымалі нобелеўскі медаль. Таксама частка ўзнагароды — грошы, траціна ад 900 тысяч еўра. Дзе сёння медаль і што з грошамі?
— Так, я сімвалічна прыняла медаль і дыплом, яны пакуль захоўваюцца ў знаёмых. Што датычыцца грашовай частцы, то яна не прынятая. Яе прыняць можа толькі Алесь, калі выйдзе са зняволення. Прэмія будзе чакаць, калі ён апынецца на волі.
— Ці маеце вы кантакт з іншымі лаўрэатамі прэміі — расійскім "Мемарыялам", Цэнтрам грамадзянскіх свабодаў з Украіны?
— Непасрэднага кантакту няма, але падтрымка Алеся адчуваецца, асабліва ўкраінскім бокам, я вельмі ім удзячная. Тое, што Беларусь лічаць краінай-суагрэсарам, пагаршае стан беларусаў, хоць у дадзенай сітуацыі беларусы як народ — без віны вінаватыя. У большасці сваёй яны падтрымліваюць украінцаў, гэта трэба памятаць. Беларусы — не рускія, не маюць імперскіх амбіцый, ім не патрэбна вайна. Трэба аддзяляць пазіцыю ўладаў і тое, за каго народ. 24 лютага ў Мінску вывесілі ўкраінскі сцяг. Па цяперашніх законах людзі рызыкавалі жыццямі, каб паказаць падтрымку Украіне.
"Уся Беларусь, па сутнасці, у турме. Людзям патрэбна падтрымка"
— У 2020-2021 гадах пра Беларусь шмат казалі, але на фоне вайны ва Украіне яна адышла на другі план. Ці было ў вас такое адчуванне?
— Так, было прыметна, што Беларусь сышла з фокусу. Я адчула гэтую забытасць. Да Нобелеўскай прэміі ўвага свету была скіравана ў іншы бок... Прэмія вярнула Беларусь у фокус. Важна, каб у свеце разумелі, што беларусы гатовы змагацца за свае погляды, але цяпер уся Беларусь, па сутнасці, у турме.
— Што б вы зараз чакалі ад міжнароднай супольнасці, еўрапейскіх палітыкаў?
— Каб салідарнасць паказвалася ў канкрэтных дзеяннях. Людзі ў зняволенні — гэта ўдар і па іх сем'ях, ім патрэбна дапамога, каб падтрымаць родных у турмах і сябе. Шмат хто вымушаны эмігрыраваць, ім патрэбна дапамога хаця б пакуль не знойдуць працу.
У Беларусі праходзяць "чысткі": усіх, каго палічаць нелаяльнымі да ўлады, выганяюць з працы. Уладкавацца на іншую амаль немагчыма. У гэтым я бачу магчымасць для ЕС падтрымаць людзей, даць магчымасць выстаяць.
— А палітзняволеныя? Раней людзей выпускалі ў абмен, напрыклад, на паслабленне санкцый. Цяпер адны сваякі і самі палітзняволеныя за гэта, іншыя — супраць.
— Думаю, не заўсёды можна агучваць тыя крокі, якія маглі б спрыяць выхаду палітвязняў. Часам у цішыні праца робіцца лепей... Ёсць надзея, што палітыкі ЕС здолеюць знайсці магчымасці зрабіць крокі, якія дапамогуць.