viasna on patreon

Прэзентацыя кнігі "Алесь Бяляцкі" з удзелам жонкі нобелеўскага лаўрэата Наталлі Пінчук адбудзецца ў Вільні

2023 2023-03-25T10:05:22+0300 2023-03-28T08:51:10+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/signal-2023-03-24-165634_002.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Цэнтры беларускай культуры і супольнасці ў Вільні 28 сакавіка адбудзецца прэзентацыя кнігі “Алесь Бяляцкі”, прысвечаная палітзняволенаму беларускаму праваабаронцу і нобелеўскаму лаўрэату міру Алесю Бяляцкаму.

Удзел у прэзентацыі возьме Наталля Пінчук, жонка праваабаронцы, а таксама сябры і паплечнікі нобелеўскага лаўрэата.

Кніга “Алесь” пабачыла свет напрыканцы мінулага года дзякуючы выдавецтву “Полацкія лабірынты” і Беларускаму ПЭН-цэнтру.

Першая прэзентацыя кнігі адбылася ў Вільні ў межах міжнароднага паэтычнага фестывалю “Вершы на асфальце” імя Міхася Стральцова 11 лютага.

Кніга паказвае зараджэнне і станаўленне грамадзянскага актывізму ў Беларусі — і асобу Алеся Бяляцкага як аднаго з найбольш яркіх яго прадстаўнікоў. Адкрывае чытачу Беларусь, што працягвае змаганне за праўду, правы чалавека, за сваю культуру і незалежнасць.

У выданні выкарыстаныя ўспаміны Бяляцкага, апублікаваныя ў розных ягоных кнігах, публікацыі ў перыёдыцы, выступы на канферэнцыях, у судах, напісанае ў лістах на свабоду, у шматлікіх інтэрв’ю беларускім і замежным СМІ. Кніга таксама змяшчае выказванні паплечнікаў Алеся. Гэта дыялог з ім, даніна павагі нашаму сябру і калегу, магчымасць сказаць яму «дзякуй». Гэта нашае яму «Жыве Беларусь!», пракрычанае з-за сценаў турмы, на якое мы пачуем нязменны адказ «Жыве!» — цвёрды, са спакойнай і ўпэўненай усмешкай.

Арганізатарамі мерапрыемства выступаюць Праваабарончы цэнтр “Вясна”, Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава, Беларускі ПЭН Цэнтр і іншыя ініцыятывы.

Запрашаем жадаючых наведаць прэзентацыю, якая адбудзецца ў аўторак 28 сакавіка ў Цэнтры беларускай культуры і супольнасці (Vilniaus gatve, 20).

Пачатак у 18 гадзін.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства