viasna on patreon

"Наша салідарнасць з вамі непарушная". Сімвалічная "хросная" даслала ліст падтрымкі Марфе Рабковай

2023 2023-03-27T13:27:17+0300 2023-03-28T15:59:12+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/marfa_brugger.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Намесніца кіраўніка парламенцкай групы “Альянс 90/Зялёныя” ў нямецкім Бундэстагу Агнешка Бругер

Намесніца кіраўніка парламенцкай групы “Альянс 90/Зялёныя” ў нямецкім Бундэстагу Агнешка Бругер

Дэпутатка нямецкага Бундэстагу Агнешка Бругер, якая ў межах кампаніі #WeStandByYou з'яўляецца сімвалічнай "хроснай" Марфы Рабковай, даслала ліст падтрымкі праваабаронцы пасля разгляду яе апеляцыйнай скаргі ў Вярхоўным судзе. 

"Дарагая Марфа Рабкова!

Дзякуючы вашай мужнай і непахіснай адданасці правам чалавека, дэмакратыі і свабодзе, вы застаецеся неверагодна выдатным прыкладам для пераймання для мяне і многіх людзей ва ўсім свеце. Наша салідарнасць з вамі непарушная, і я запэўніваю вас, што мы працягваем думаць пра вас, звяртаць увагу на вашу сітуацыю і выступаць на вашым баку да таго часу, пакуль вы і вашыя паплечнікі нарэшце не атрымаеце справядлівасць і свабоду.

Таму з вялікі жахам я сачыла за здзяйсненнем чарговай несправядлівасці ў вашай справе. Гэта скандал, што ваша абскарджанне было адхілена і вас абрабавалі на амаль 15 гадоў свабоды ў прамым сэнсе гэтага слова. Зычу вам шмат сіл для наступных крокаў і на працягу таго часу, пакуль вы зноў зможаце жыць на волі.

Беларускаму грамадству патрэбны такія моцныя галасы, як вы, каб імкненне да міру і справядлівасці нарэшце стала рэальнасцю для ўсіх людзей у Беларусі".

Агнешка Бругер таксама адзначыла, што была вельмі радая прысуджэнню Нобелеўскай прэміі міру заснавальніку ПЦ "Вясна" Алесю Бяляцкаму. На яе думку, прэмія — гэта ўзнагарода ўсёй грамадзянскай супольнасці Беларусі, у тым ліку і Марфе Рабковай за яе "важную працу для "Вясны" і вялікія заслугі перад народам Беларусі". Дэпутатка падкрэсліла, што яна разам са сваімі калегамі працягвае працаваць, каб аказваць ціск і прыцягваць увагу да сітуацыі ў Беларусі, у тым ліку выступае за адхіленне Беларусі ад удзелу ў чэмпіянаце Еўропы па футболе ў 2024 годзе.

"І я вельмі жадаю, каб тое бачанне, якое вы таксама падрабязна апісалі ў сваёй прамове ў судовай зале, стала рэчаіснасцю, і я, разам з нашым міністрам замежных спраў Аналенай Бэрбок і многімі паплечнікамі па ўсёй Еўропе, зраблю ўсё магчымае, каб застаючыся на вашым баку, мы дасягнулі нашых агульных мэтаў.

Вам, вашым родным, сябрам і паплечнікам я зычу нязломнай мужнасці, моцнага здароўя і сіл. Але больш за ўсё вы, нарэшце, заслугоўваеце свабоды і справядлівасці".

Падтрымай Марфу паштоўкай, тэлеграмай ці лістом салідарнасці па адрасе:

ПК-4, вул. Антошкіна, 3
г. Гомель, 246035

Марыі Аляксандраўне Рабковай

Нагадаем, каардынатарка Валанцёрскай службы "Вясны" Марфа Рабкова была затрыманая вечарам 17 верасня 2020 года і дастаўленая ў ГУБАЗіК. 6 верасня 2022 года палітзняволеную Марфу Рабкову асудзілі да 15 гадоў зняволення па 10 артыкулах Крымінальнага кодэкса за падзеі 2016-2020 гадоў. 

28 лютага 2023 г. у Вярхоўным судзе ў закрытым рэжыме адбыўся разгляд апеляцыйнай скаргі на прысуд. Тэрмін зняволення для Марфы быў скарочаны на тры месяцы. Такім чынам, канчатковы Рабковай прызначана — 14 гадоў і 9 месяцаў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, а таксама 700 базавых велічынь штрафу. У сярэдзіне сакавіка 2023 г. Марфу этапавалі ў гомельскую ПК № 4.

"Ёй ужо трэба не проста УГД зрабіць, а пункцыйную біяпсію", — сукамерніца Марфы Рабковай пра яе здароўе

За два з паловай гады ўтрымання ў СІЗА-1 у Марфы Рабковай сур'ёзна пагоршылася здароўе, і яна мае патрэбу ў добрым абследванні і лячэнні.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства