Дзевяць дэпутатаў дацкага парламента сталі сімвалічнымі "хроснымі" беларускіх палітвязняў
Да кампаніі салідарнасці #WeStandBYyou, арганізаванай “Libereco — Партнёрства за правы чалавека”, далучыліся дзевяць дэпутатаў парламента Даніі. Сімвалічныя “хросныя” з'явіліся ў палітзняволеных Мікалая Брэдзелева, Ганны Пышнік, Сяргея Пацукевіча, Кацярыны Макарэвіч, Яўгена Люльковіча, Дзяніса Дзікуна, Аляксандра Загдая, Юрыя Зянковіча і Аляксандра Зіязэтдзінава.
Лізбэт Бэх-Нільсэн стала "хроснай" Мікалая Брэдзелева і заявіла:
“Закрытыя палітычныя суды па сфабрыкаваным абвінавачванням — змрочная рэальнасць лукашэнкаўскай Беларусі. Мікалай — адзін з сотняў і тысяч беларусаў, якія настойвалі на рэалізацыі сваіх міжнародна прызнаных грамадзянскіх правоў, уключаючы свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць інфармацыю праз СМІ на свой выбар. За гэта рэжым Лукашэнкі пасадзіў яго за краты на чатыры гады. Я патрабую неадкладна вызваліць Мікалая!”
Тэрэза Берг Андэрсэн узяла на сабе абавязкі "хроснай" Ганны Пышнік і падкрэсліла:
“Свет аб'яднаўся супраць бессэнсоўнай расійскай агрэсіі супраць Украіны, і некаторыя смелыя людзі ў Беларусі робяць усё, што ад іх залежыць, каб дапамагчы Украіне супрацьстаяць, праз розныя акты салідарнасці. Адна з такіх гераінь — Ганна Пышнік, якую я вырашыла падтрымаць і быць яе голасам, пакуль яна адбывае тры гады зняволення за тое, што перадала відэазапісы перамяшчэння расійскіх вайскоўцаў па тэрыторыі Беларусі. Перш за ўсё, Ганна павінна быць неадкладна вызвалена. А па-другое, Беларусь павінна спыніць прадастаўленне сваёй тэрыторыі і рэсурсаў Расіі для агрэсіі супраць Украіны”.
Мар’яна Бігум стала "хроснай" для Сяргея Пацукевіча і сказала:
“Я падтрымліваю выдатную ініцыятыву кампаніі Libereco #WeStandByYou і асуджаю палітычна матываваны пераслед мірных пратэстоўцаў і зняволенне Сяргея Пацукевіча паводле ілжывых абвінавачванняў. Ён, як і многія іншыя, рэалізоўваў сваё права на мірныя сходы і свабоду выказвання меркаванняў. Я патрабую неадкладнага вызвалення Сяргея Пацукевіча!”
Карстэн Хонге ўзяў на сябе "хроснае бацькоўства" для Кацярыны Макарэвіч і падкрэсліў:
“Кацярына Макарэвіч прадэманстравала неверагодную смеласць, пратэстуючы за мір і свабоду ў Беларусі, нягледзячы на пастаянныя і жорсткія рэпрэсіі з боку беларускіх уладаў. За крытычныя публікацыі ў Telegram-канале ёй прысудзілі 3,5 гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Лукашэнка выкарыстоўвае жорсткія пакаранні за непажаданае выказванне меркавання і актывізм як інструмент улады супраць уласнага насельніцтва, дэмакратычны дух якога ён спрабуе зламаць. Я салідарна з Кацярынай Макарэвіч і беларускім народам, з тысячамі затрыманых, якія вымушаны былі адмовіцца ад сваёй свабоды і сваёй Радзімы дзеля дэмакратыі”.
Сафі Ліперт стала "хроснай" Яўгена Люльковіча і падкрэсліла:
“Патрабую неадкладнага і безумоўнага вызвалення Яўгена Люльковіча! Мітынгі, за ўдзел у якіх ён быў арыштаваны, былі мірнымі і не ўяўлялі пагрозы нацыянальнай або грамадскай бяспецы. Нягледзячы на гэта, дэманстранты былі атакаваныя спецпадраздзяленнямі МУС з непрапарцыйным прымяненнем фізічнай сілы, спецсродкаў і зброі. Упершыню ў гісторыі Беларусі ў дачыненні да мірных дэманстрантаў былі ўжытыя гумавыя кулі і вадамёты. Асабліва вялікая колькасць пашкоджанняў была атрыманая ад выкарыстання шумавых гранатаў. Выступаць за дэмакратыю і правы чалавека — гэта асноўнае права, а не злачынства. І тым не менш, Яўген Люльковіч быў арыштаваны за ўдзел у стыхійных акцыях пратэсту пасля фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў”.
Карына Ларэнцэн Дэнхардт будзе апекавацца Дзянісам Дзікуном. Яна адзначыла:
“Дзяніс Дзікун — адзін з мужных беларускіх чыгуначнікаў, які сваімі дзеяннямі затармазіў ваенную агрэсію Расіі з тэрыторыі Беларусі. Гэты чалавек, несумненна, выратаваў шмат украінскіх жыццяў. Пакаранне за пашкоджанне чыгуначных стрэлак, каб вывесці ўчастак дарогі з ладу, з'яўляецца абсурдным і непрапарцыйна высокім. Дзяніс Дзікун прадэманстраваў неверагодную мужнасць, затрымліваючы пастаўкі расійскім войскам, нягледзячы на пастаянныя і жорсткія рэпрэсіі з боку беларускага ўрада. Яго турэмнае зняволенне з'яўляецца чыстым фарсам і адлюстроўвае становішча многіх іншых прыхільнікаў дэмакратычнага руху, якія несправядліва ўтрымліваюцца ў якасці палітычных зняволеных. Я рады падтрымаць Дзяніса Дзікуна, стаўшы яго "хроснай". Я патрабую вызвалення яго і ўсіх палітвязняў у Беларусі!”
Сігнэ Мунк стала "хроснай" Аляксандра Загдая і падкрэсліла:
“Свабода прэсы і свабода меркаванняў — гэта ўніверсальныя правы чалавека, якія неабходна паважаць. Аляксандр Загдай праявіў неверагодную мужнасць, пратэстуючы за мір і свабоду ў Беларусі, нягледзячы на пастаянныя і жорсткія рэпрэсіі з боку беларускіх уладаў. Лукашэнка выкарыстоўвае жорсткія пакаранні за непажаданае выказванне меркавання і актывізм як інструмент улады супраць уласнага насельніцтва, дэмакратычны дух якога ён спрабуе зламаць”.
Анне Валянціна Бэртэльсэн стала "хроснай" Юрыя Зянковіча і адзначыла:
“Я далучаюся да галасоў міжнароднай супольнасці, каб выступіць у абарону Юрыя Зянковіча. Разгляд палітычна матываваных крымінальных спраў у адсутнасць публікі, незалежных назіральнікаў і незалежнай прэсы груба парушае працэсуальныя правы абвінавачаных і крытычна дыскрэдытуе ацэнку праўдзівасці, дастатковасці і дапушчальнасці доказаў абвінавачвання. Акрамя таго, абвяшчэнне Юрыя Зянковіча "тэрарыстам" відавочна не адпавядае таму, як гэты тэрмін трактуецца міжнароднымі стандартамі. Я патрабую перагляду прысуду Юрыю Зянковічу, дзе яго чакае сумленны і справядлівы суд з поўным захаваннем ягоных правоў”.
Карл Валенцін стаў "хросным" Аляксандра Зіязэтдзінава і прамовіў:
“Пазбаўленне волі і крымінальная адказнасць за розную пратэсную дзейнасць выкарыстоўваюцца ўладамі Беларусі дзеля задушэння грамадскай і палітычнай актыўнасці, іншадумства і антываенных выступаў. МУС і КДБ адвольна прызнаюць экстрэмісцкімі групы грамадзянаў, аб'яднаных грамадскімі або палітычнымі інтарэсамі, якія крытыкуюць дзеянні ўладаў і патрабуюць пераменаў у краіне і яе палітыцы. Гэта, у сваю чаргу, адкрывае шлюзы для неабгрунтаванага судовага пераследу і пазбаўлення волі іх удзельніц і ўдзельнікаў як непрапарцыйнае абмежаванне права на асацыяцыю і свабоду выказвання. Таму я далучаюся да праваабарончай супольнасці з патрабаваннем неадкладнага вызвалення Аляксандра і ўсіх іншых палітвязняў”.
Нагадаем, 9 ліпеня, роўна за месяц да прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі, нямецка-швейцарская праваабарончая арганізацыя “Libereco — Партнёрства за правы чалавека” распачала кампанію салідарнасці з беларускімі палітвязнямі.
Кампанія пад назвай #WeStandBYyou заклікае да салідарнасці з усімі людзьмі ў Беларусі, якія імкнуцца да свабодных і сумленных выбараў, дэмакратызацыі краіны, вяршэнства закона і павагі да правоў чалавека. Усе, хто хоча падтрымаць ахвяраў палітычнага пераследу ў Беларусі, могуць зрабіць гэта ў сацыяльных сетках з дапамогай хэштэга #WeStandBYyou.
#WeStandBYyou. Распавядаем, хто такія "хросныя" палітвязняў і чым яны займаюцца