viasna on patreon

Каля 45 затрыманых, ператрусы па спісе і маячкі на машынах. Падрабязнасці "хапуна" ў Дзяржынску Дапоўнена

2023 2023-04-03T21:04:00+0300 2023-04-04T12:46:44+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/silaviki_90.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

На працягу апошніх трох дзён у Дзяржынску і ваколіцах праходзяць масавыя ператрусы і затрыманні. Гэта звязана з тым, што 31 сакавіка ўздоўж дарогі каля гораду былі вывешаны сцяжкі Беларусі і Украіны, а пры спробе іх зняць сілавікі нібыта знайшлі выбухную прыладу. Ператрусы праводзяцца на падставе пастановы, якая выпісаная з нагоды "ўстаноўкі муляжа выбуховага прыстасавання на трасе ў раёне Петкавіч". Агулам за гэтыя дні затрымалі каля 45 чалавек, але большую частку адпусцілі, некаторых пакінулі ў мясцовым РАУСе чакаць судоў па адміністрацыйных артыкулах. Мясцовыя жыхары распавялі "Вясне" падрабязнасці "хапуна" ў Дзяржынску. 

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота "Наша Ніва"

Людзі моцна запалоханыя і баяцца нешта казаць, просяць не раскрываць прозвішчы тых, хто трапіў пад "хапун". Паводле мясцовых жыхароў, ператрусы і затрыманні з 1 красавіка ладзяць супрацоўнікі САХРа і АМАПа. Прыходзяць да тых хто, 31 сакавіка праязджаў з раніцы і да моманту выяўлення прылады каля месца здарэння, а таксама да тых, хто раней затрымліваўся па палітычных матывах. Увечары 1 красавіка дзяржынскія ўчастковыя хадзілі па людзях з "нейкага свайго спісу" і праглядалі іх тэлефоны. Паведамляецца, што сілавікі правяраюць не толькі жыхароў Дзяржынску, але і навакольных вёсак, такіх як Навасёлкі, Энергетыкаў, Петкавічы.Толькі 1 красавіка ў Дзяржынску правялі каля 30 ператрусаў.

"Ператрусаў шмат, затрымліваюць не ўсіх: праводзяць ператрус, спампоўваюць інфармацыю з тэлефона, многіх адпускаюць, нават нічога не вымаючы. Аднаго чалавека выводзілі з дому з пакетам на галаве і ў кайданках. Многіх правяраюць, таму што яны трапілі на камеры відэаназірання на ўездзе ў Дзяржынск. Пытаюцца, навошта і куды ездзіў.

Па некаторых адрасах хадзілі ўчастковыя, правяралі тэлефоны, амаль усім ставілі нейкі бот, падаецца, "Магнит" называецца, але і правяралі падпіскі, лайкі, прагляды, перапіску. Некалькі чалавек распавялі, што ім усталявалі маячкі на машыны", — распавядаюць мясцовыя.

Паводле інфармацыі мясцовых жыхароў, за гэтыя дні агулам было затрымана каля 45 чалавек, але частку адпусцілі. Па недакладных дадзеных, у РАУС знаходзіцца каля 10 чалавек. Суды павінны былі адбыцца сёння пасля абеду, але ў судзе нічога дакладна не паведамляюць, адказваюць:

"Калі атрымаецца, тады суды і пройдуць".

У раскладзе суда Дзяржынскага раёна на сайце Вярхоўнага суда сёння адміністрацыйныя працэсы над затрыманымі не значацца.

У панядзелак, 3 красавіка, у Дзяржынску працягнуліся ператрусы, але "такой актыўнасці няма, як у суботу".

"Сёння былі адзінкавыя выпадкі, калі некаторыя людзі не выходзілі на сувязь. Пры гэтым, на вуліцах Ціхай, Шарко і Макаўчыцкай былі заўважаныя бусы і людзі ў поўнай экіпіроўцы".

Нумар артыкула Крымінальнага кодэкса, у межах якога праходзяць ператрусы, пакуль невядомы. Пры першых пастановах было пазначана "выбуховае прыстасаванне", а цяпер — "размяшчэнне муляжа выбуховага прыстасавання".

"Адпрацоўка дэструктыўных ячэек г. Дзяржынска" 

Увечары 3 красавіка на праўладных тэлеграм-каналах з'явіліся пяць "пакаяльных" відэа з затрыманымі з Дзяржынску. Некаторыя з іх "прызнаюцца", што ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту ў Мінску. Пад відэа аперацыю сілавікоў называюць "адпрацоўкай дэструктыўных ячэек г. Дзяржынска":

"Некаторыя грамадзяне, якія маюць дачыненне да экстрэмізму, працягваюць спрабаваць здзяйсняць злачынствы і правапарушэнні, а таксама весці агітацыю ў замежных інтарэсах".

На відэа бачна, як сілавікі ў касках і бронекамізэльках са зброяй выводзяць са сваёй хаты басанож на снег аднаго з затрыманых.

Паведамляецца, што супраць некаторых узбудзілі крымінальную справу паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Сярод затрыманых ёсць мамы малалетніх дзяцей, жанчына з інваліднасцю. Па інфармацыі сілавікоў, адной з прычын стаў групавы фотаздымак з акцыі пратэсту.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства