viasna on patreon

Масавыя затрыманні ў Дзяржынску, ціск на палітвязняў: хроніка пераследу 1-3 красавіка

2023 2023-04-03T16:32:59+0300 2023-04-03T20:43:07+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/zatrymanne_belarus.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 1-3 красавіка збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Трэцяга красавіка

У Дзяржынску адбываюцца масавыя затрыманні і ператрусы

На працягу апошніх трох дзён у Дзяржынску і ваколіцах праходзяць масавыя ператрусы і затрыманні. Гэта звязана з тым, што 31 сакавіка ўздоўж дарогі каля гораду былі вывешаны сцяжкі Беларусі і Украіны, а пры спробе іх зняць сілавікі нібыта знайшлі выбухную прыладу. Ператрусы праводзяцца на падставе пастановы, якая выпісаная з нагоды "ўстаноўкі муляжа выбуховага прыстасавання на трасе ў раёне Петкавіч". Агулам за гэтыя дні затрымалі каля 45 чалавек, але большую частку адпусцілі, некаторых пакінулі ў мясцовым РАУСе чакаць судоў па адміністрацыйных артыкулах.


Сілавікі затрымалі мужчыну за каментары ў інтэрнэце

"Пакаяльнае відэа" з ім з'явілася ў праўладным тэлеграм-канале.

Мужчыну закідваюць аўтарства больш за 3 тысяч «экстрэмісцкіх» каментароў цягам апошніх двух гадоў. А таксама — перакрыццё дарог падчас пратэстаў у 2020 годзе.


Затрымалі прадпрымальніка і заснавальніка баранавіцкай газеты "Шаг" Анатоля Вайцяховіча

Пра гэта паведаміла "Наша Ніва"

Яму закідаюць тое, што ён пакідаў у тэлеграме каментарыі супраць расійскага ўварвання ва Украіну і гвалту сілавікоў.


Затрыманы жыхар Пінска

У «пакаяльным відэа», якое было апбулікаванае ў праўладным тэлеграм-канале, мужчына кажа, што затрыманы за абразу Лукашэнкі ў чаце тэлеграм-канала «Беларусь в шоке».

Таксама мужчына быў падпісаны на шэраг «экстрэмісцкіх» тэлеграм-каналаў. У апісанні відэа сцвярджаецца, што затрыманы — прадстаўнік каляфутбольнага і неанацысцкага руху.


КДБ: Фігурантам крымінальнай справы дыверсіі ў Мачулішчах можа пагражаць выключная мера пакарання

Пра гэта паведамляюць дзяржаўныя тэлеканалы. Паводле іх, па справе праходзіць каля 30 чалавек.

«Усім фігурантам крымінальнай справы прад'яўлена абвінавачанне па частцы 3 артыкула 289 Крымінальнага кодэкса Беларусі (Акт тэрарызму, учынены арганізаванай групай). Максімальная санкцыя прадугледжвае пакаранне ажно да смяротнага пакарання», — паведамілі ў КДБ.


Другога красавіка

Дзяўчыне, затрыманай пасля «зачысткі» ў Круглым, выклікалі хуткую

Як стала вядома @MAYDAYMog, да затрыманай у райцэнтры Круглае на Магілёўшчыне Аліны Гаравой увечары 30 сакавіка выклікалі «хуткую». На той момант жанчына яшчэ знаходзілася ў Круглянскім РАУС і чакала адпраўкі ў магілёўскі СІЗА.

Паводле інфармацыі MAYDAY, у жанчыны абвастрыліся хранічныя захворванні. Сілавікі не далі яе шпіталізаваць, патлумачыўшы гэта тым, што ў СІЗА, куды яна павінна была пасля накіравацца, маецца дзённы стацыянар.


Анархіста Яўгена Рубашку зноў змяшчалі ў ШІЗА

Яўген Рубашка

Яўгена ў лютым на месяц адправілі ў ПКТ, але пасля гэтага, як паведамляе @FreedomIsARight, яго зноў закідвалі ў ШІЗА агулам на 17 сутак. Аб ціску адміністрацыі калоніі на вязняў ён паведаміў у лісце, які даслаў на волю.


Палітвязня Уладзіслава Карэцкага перавялі на турэмны рэжым

Уладзіслаў — валанцёр штаба Віктара Бабарыкі, якога асудзілі да пяці гадоў калоніі па справе аб "лазарных указках". Яго абвінавацілі ў падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў (ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 293 КК) і іншай падрыхтоўцы асобаў да ўдзелу ў масавых беспарадках (ч. 3 арт. 293 КК). Адбываць тэрмін палітвязня накіравалі адбываць у наваполацкую калонію № 1. Раней маці паведамляла, што яго ў калоніі рэгулярна змяшчалі ў ШІЗА.

У судзе Наваполацка 6 сакавіка Уладзіславу ўзмацнілі пакаранне і пастанавілі перавесці яго на турэмны рэжым. Стала вядома, што яго ўжо этапавалі ў магілёўскую турму.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства