viasna on patreon

Выклікі на допыты і затрыманні: хроніка пераследу 4-5 красавіка

2023 2023-04-05T08:43:00+0300 2023-04-05T17:21:25+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/ulanovich-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 4-5 красавіка збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

У Гомелі затрымалі таксіста

Гэта бацька двух непаўналетніх дзяцей Раман Арцёменка.

Як паведаміў яго знаёмы, Рамана жорстка затрымаў АМАП яшчэ ў канцы студзеня 2023 года, калі ён чакаў замову каля аўтавакзала.

Сябры чакалі Рамана з «сутак», бо ім было вядома, што яго затрымалі за старыя лайкі ў сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі».

Цяпер Арцёменка знаходзіцца ў Гомельскім СІЗА.


Затрымалі кандыдатку навук і дацэнтку БДУ Аксану Улановіч

Як вынікае з відэа сілавікоў, жанчыне закідаюць напісанне ў чат-бот канала «Беларусь галаўнога мозгу».

Ян Рудзік, адзін з былых рэдактараў «Беларусі галаўнога мозгу», мяркуе, што гэта частка архіва чат-бота, якая ўцякла праз Рамана Пратасевіча, піша @nashaniva.


Затрыманні ў Баранавіцкім універсітэце

У БарДУ адбыліся затрымання — папярэдне, з-за каментароў пад «адкрытым урокам» Лукашэнкі

Паводле інфармацыі @Grodno_grab, сёння адбыліся затрыманні студэнтаў першага курса ў Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце.

Папярэдне, ва ўніверсітэт прыязджалі супрацоўнікі КДБ і затрымлівалі студэнтаў за каментары, якія былі пакінутыя студэнтамі 1 верасня падчас прамога эфіру адкрытага ўрока «Гістарычная памяць — дарога ў будучыню!», які праводзіўся Лукашэнкам.


Былога палітвязня Аляксея Раманава з Гомеля дапыталі ў СК

Ён быў выкліканы у якасці сведкі ва Упраўленне Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Гомельскай вобласці.

Па якой справе Аляксей з'яўляецца сведкам невядома, бо з яго ўзятая падпіска аб неразгалошванні.

Фота:              

Аляксей — гомельскі актывіст, мае інваліднасць 2-й групы з прычыны анкалагічнага захворвання. Ён актыўна ўдзельнічаў у агітацыйных пікетах штабу Святланы Ціханоўскай як валанцёр. На пікеце ў Хойніках мужчына негатыўна выказаўся пра Лукашэнку. Супраць Раманава распачалі крымінальную справу, а пазней асудзілі да года калоніі агульнага рэжыму.

23 лістапада 2021 года Аляксей выйшаў на волю, цалкам адбыўшы тэрмін.


У Беларусі пачалі прызнаваць экстрэмісцкімі тэлеграм-чаты ПВК «Рэдан»

30 сакавіка суд Барысаўскага раёну прызнаў экстрэмісцкімі матэрыяламі тэлеграм-канал "ЧВК Редан Борисов сходки антиЧВК Редан в Борисове сливы видео драки из Борисова».

Таксама «экстрэмісцкі спіс» папоўнілі відэаролік «Sumarok - 2020, instagram-старонкі «belarus_2020», «belarusianlive», telegram-каналы «П-Телеграм и кибербезопасность», «Слоним. НОВОСТИ», «Міхнавічы і Наваколле», «Гордые Слонимчане», суполка ва «Укантакце» «Минский чат/Хостинг», суполка ў «Аднакласніках» «Светлогорск – на – Березине», старонка ва «Укантакце» «Зоя Хруцкая».


Палітзняволеная Анжаліка Борыс верагодна, вызваленая з-пад хатняга арышту

Як даведаўся @belsat, кіраўніцу Саюзу палякаў Анжаліку Борыс разам з маці выклікалі ў Мінск.

Анжаліна Борыс

Там Борыс уручылі дакумент аб спыненні справы «ў сувязі з адсутнасцю складу злачынства». Таксама ёй паабяцалі вярнуць усе рэчы, вынятыя падчас следства.


Сталі вядомыя падрабязнасці арышту ў Віцебску ўкраінца Андрэя Шмая

Андрэй Шмай працаваў у Віцебскім аблвыканкаме з 2013 году, быў рабочым па комплексным абслугоўванні і рамонце будынкаў і збудаванняў.

«19 студзеня пасля заканчэння працоўнага дня Андрэя папрасілі затрымацца нейкія людзі. На працы сказалі, што затрымалі спецслужбы. Я ня ведаю, за што яго затрымалі, відаць, за тое, што проста ўкраінец», — расказвала  маці Шмая «Флагштоку».

Як расказалі ў фільме прапагандысцкага каналу АНТ, Шмай нібыта з верасня рэгулярна адпраўляў інфармацыю ва Ўкраіну, праз месэнджар «Сігнал», свайму малодшаму брату Руслану. Той служыць у чарнігаўскім упраўленні «Поўнач» маёрам, намеснікам камандзіра па аператыўных пытаннях.


Адваката Арцёма Сям'янава зноў арыштавалі на 15 сутак

Адваката, як і мінулы раз, абвінавацілі паводле арт. 24.3 КаАП (непадпарадкаванне супрацоўніку міліцыі). Яго павінны былі вызваліць з Акрэсціна ўчора раніцай, але перазатрымалі наўпрост у ЦІПе ў межах новай справы. Сёння над адвакатам адбыўся чарговы суд.

Нагадаем, Сям'янаў быў затрыманы напрыканцы сакавіка падчас «аблавы» на адвакатаў. Арцём абараняў Валянціна Стэфановіча, Аляксандра Францкевіча, Таццяну Кузіну, Ігара Лосіка, Паўла Белавуса і шмат каго з іншых палітвязняў.

Інфармацыя дапаўняецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства