Масавыя рэйды сілавікоў, сотні арыштаваных: вынікі адміністрацыйнага пераследу ў сакавіку
У сакавіку сілавікі амаль штодзённа ладзілі масавыя затрыманні і ператрусы ў розных рэгіёнах краіны: Пінску, Мёрах, Барысаве, Глыбокім, Мазыры, Лепелі, Полацку і іншых гарадах. Пасля рэйдаў на затрыманых складалі адміністрацыйныя пратаколы за "экстрэмісцкія рэпосты", "несанкцыянаванае пікетаванне", "непадпарадкаванне міліцыянтам". Па інфармацыі праваабаронцаў "Вясны", у сакавіку было затрымана мінімум 614 чалавек, большасць з іх — у другой палове месяца. Беларускімі суддзямі было вынесена не менш за 433 рашэнні паводле адміністрацыйных справаў. З іх прызначылі мінімум 166 адміністрацыйных арыштаў і 36 штрафаў. "Вясна назірае" склала традыцыйны спіс самых дзіўных і недарэчных прычын, па якіх беларусаў судзілі ў сакавіку.
Глыбокае: мінімум 22 затрыманых
У Глыбокім масавы рэйд адбыўся 16 сакавіка. Агулам за сакавік было затрымана 22 чалавекі, дзевяць з якіх адправілі за краты, а шэсць былі аштрафаныя.
Падставай для складання пратакола былі рэпосты з "экстрэмісцкіх рэсурсаў" (арт. 19.11 КаАП), а таксама пікетаванне ў сацсетках бел-червона-белай сімволікай (арт. 24.23 КаАП).
Так, напрыклад, Сяргея Катовіча арыштавалі на 10 сутак за тое, што ў "Аднакласніках" размясціў публікацыі з выявай бота бела-чырвона- белага колеру, на падэшве якога ёсць надпіс 2021, які знаходзіўся над прусаком, а таксама выява штучнай елкі белага колеру, прыбранай шарамі і сцяжком бела-чырвона-белага колеру і гербам Пагоня, над якой ёсць надпіс "Жыве Беларусь".
У пачатку сакавіка суддзя суда Глыбоцкага раёна Андрэй Тарасевіч разгледзеў адміністрацыйную справу мясцовага прадпрымальніка Юрыя Татарыновіча і прызначыў яму штраф памерам 2590 рублёў (70 базавых велічыняў).
Мужчыну судзілі паводле ч. 1 арт. 24.23 КаАП. Быццам ён без атрымання адпаведнага дазволу Глыбоцкага райвыканкама правёў адзіночнае пікетаванне з мэтай публічнага выказвання сваіх грамадска-палітычных поглядаў. А выявілася гэта ў тым, што ён, размясціў сваё фота ў фэйсбуку, якое суправаджалася графічнай выявай двухкалора — сцяга Украіны і герба Пагоня. Таксама на старонцы была публікацыя з выявай бел-чырвона-белага сцяга.
Падчас судовага пасяджэння Татарыновіч віну не прызнаў.
Мазыр: мінімум 7 арыштаваных
З 21 сакавіка у Мазыры адбываліся масавыя затрыманні. Праз тры дні над некаторымі прайшлі суды па адміністрацыйных справах паводле арт. 19.11 КаАП. У выніку Кірыл Гамаюноў быў арыштаваны на 5 сутак, Аляксандр Дзеравенька — на 7 сутак, Дзмітрый Іваноў — на 5 сутак, Аляксандра Кажан — на 5 сутак, Павел Назаранка — 5 сутак, муж палітзняволенай Ганны Пышнік — Мікалай Пышнік арыштаваны на 5 сутак, а музыку і мужа палітзняволенай Крысціны Чаранковай — Фёдара Чаранкова асудзілі да15 сутак.
Гомель: мінімум 58 асуджаных
Па дадзеных "Вясны", масавыя затрыманні цягам мінулага месяца сілавікі ладзілі і ў Гомелі — паводле "пратэсных" артыкулаў затрыманы дзесяткі чалавек. Мінімум 58 чалавек былі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за "экстрэмісцкія рэпосты". Абсалютную большасць з іх пакаралі арыштам.
Затрыманую 11 сакавіка псіхалагіню Алёну Дубініну-Шалыгіну асудзілі на 15 сутак арышту. Яе абвінавацілі ў рэпостах з "эсктрэмісцкіх" каналаў у фэйсбуку.
Гомельскага актывіста Іллю Міронава затрымалі 2 сакавіка і змясцілі ў ІЧУ. Валанцёра абвінавацілі ў "распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў" і асудзілі да 13 сутак арышту. Праз некалькі дзён пасля выхаду з "сутак" дадому да Іллі прыйшлі сілавікі з ператрусам. Па вяртанні дамоў убачыў, што ягоная кватэра знаходзіцца ў разгромленым выглядзе: мэбля разабраная, кнігі і рэчы раскіданыя ў хаатычным парадку. Акрамя гэтага, сілавікі затрымалі ягоную маці Валянціну.
Суд па артыкуле 19.11 (распаўсюд экстрэмісцкай прадукцыі) над жанчынай адбыўся на наступны дзень. Вынік – 11 базавых велічыняў штрафу. Пры затрыманні яе вадзілі ў кайданках у "позе ластаўкі". Жанчына пасля суда вярнулася дадому, але Іллю зноў затрымалі. Супраць яго ў РАУСе склалі чарговы пратакол паводле арт. 19.11 КаАП. 20 сакавіка над ім адбыўся чарговы суд, у выніку якога яму прызначылі 15 сутак арышту і канфіскавалі нядаўна набыты мабільны тэлефон. Гэта ўжо другі тэлефон, які канфіскоўваюць у Іллі пасля арыштаў. У гэты ж дзень за "распаўсюд экстрэмізму" асудзілі яшчэ восем чалавек.
Івацэвічы: арышты за пікетаванне каля райваенкамата
У Івацэвічах 13 сакавіка затрымалі чатырох мясцовых жыхароў каля райваенкамата: Данііла, Давіда, Мікіту і Эвеліну.
Паводле паказанняў затрыманых, сябры прыехалі разам з Даніілам да райваенкамата, куды ён быў выкліканы позвай, бо ў хуткім часам яго павінны былі прызваць на вайсковую службу. Калі ён выйшаў адтуль, сябры прапанавалі зрабіць фота насупраць будынка з трыма аркушамі паперы памерам А3. На іх было напісана "Свабоду Даніку" і пяціканцовая зорка. Яны папрасілі мінака сфатаграфаваць іх з плакатамі, пасля чаго з ваенкамата выйшаў супрацоўнік і забраў з рук аркушы. На сяброў выклікалі міліцыю, і іх адразу затрымалі.
Іх дзеянні расцанілі як "несанкцыянаванае пікетаванне" і склалі на ўсіх пратаколы па арт. 24.23 КаАП. У выніку хлопцаў арыштавалі на 7 сутак, а дзяўчыне прызначылі штраф у памеры 5 базавых велічыняў (185 рублёў).
Пінск: мінімум 17 арыштаваных
У Пінску 22 сакавіка супрацоўнікі ГУБАЗіКу зладзілі рэйд па мясцовых жыхарах, па выніках якога было асуджана не менш за 17 чалавек, 16 з якіх суддзі адправілі за краты. Так, дзевяць чалавек судзілі за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў, а восем — за "непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі" (арт. 24.3 КаАП) падчас ператрусу.
На судзе Аляксей Пулевіч, якога абвінавацілі ў тым, што ён "падчас ператруса адмаўляўся прайсці ў кватэру, спрабаваў сысці і адмовіўся прайсці ў службовы аўтамабіль", віну не прызнаў. Мужчына сцвярджаў, што першапачаткова быў затрыманы сілавым спосабам, таму здзейсніць непадпарадкаванне не мог.
Пра сілавое затрыманне на судзе агучылі таксама Сяген Мікіта, Ігар Аўсяенка і Георгій Чарняк, якіх таксама судзілі за непадпарадкаванне сілавікам.
У дачыненні да яшчэ аднаго пінчука, паводле рапарта супрацоўніка ГУБОПіКа, ужывалі фізічную сілу і спецсродкі, бо ён нібыта спрабаваў уцячы.
Полацк: 13 асуджаных
У другой палове сакавіка затрыманні адбыліся і ў Полацку. Па інфарманцыі праваабаронцаў, было разгледжана не менш за 13 адміністрацыйных справаў.
Так, 31 сакавіка адбыўся суд над супрацоўніцамі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Аляксандру Касцюкевіч і Таццяну Шіпко прызналі вінаватымі ў распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў і прызначылі па 15 сутак кожнай. Электрыка запаведніка Пятра Гайдукова арыштавалі на 15 сутак.
Алену Ходзікаву таксама асудзілі да 15 сутак арышту.
Наваполацк: 10 асуджаных
За сакавік наваполацкая суддзя Зінаіда Балаболава вынесла мінімум 10 палітычна матываваных рашэнняў, паводле якіх большасць затрыманых адправіла за краты.
Вядома, што Ігару Бортніку, які цяпер праходзіць цяжкую рэабілітацыю пасля ня вельмі ўдалай аперацыі па выдаленні міжпазванковай грыжы, прызначыла 10 сутак. Ігара Прушынскага яна прызнала вінаватым у пікетаванні відэаролікам з бел-чырвона-белай сімволікай у "Вконтакте", які быў апублікаваны ў 2019 годзе. Вынікам стаў 10-сутачны арышт.
А Галіну Шчадневу адправілі на 10 сутак за падпіску ў інстаграме на старонку палітыка Паўла Латушкі.
Мужчыну адправілі на суткі за тое, што "выказаў свой асабісты пратэст супраць Лукашэнкі"
У судзе Горацкага раёна 15 сакавіка адбыўся суд над мясцовым жыхаром, якога абвінавацілі адразу паводле двух артыкулаў: арт. 24.4 КаАП (абраза службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў) і арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне).
Паводле матэрыялаў справы, мужчына ў стане алкагольнага ап'янення патэлефанаваў у мясцовы РАУС і здзейсніў пікетаванне, "выказаўшы свой асабісты пратэст супраць Лукашэнкі", а таксама абразіў горацкага ўчастковага. Суд прызнаў мужчыну вінаватым і прызначыў яму трое сутак арышту, а таксама штраф у памеры 740 рублёў (20 базавых велічыняў).
Адваката Арцёма Сям'янава двойчы арыштавалі на 15 сутак
Адваката, як і мінулы раз, абвінавацілі паводле арт. 24.3 КаАП (непадпарадкаванне міліцыянту). Яго павінны былі вызваліць з Акрэсціна раніцай 4 красавіка, але перазатрымалі наўпрост у ЦІПе ў межах новай справы. 5 красавіка над адвакатам адбыўся другі суд запар. За кратамі Арцём правядзе мінімум 30 дзён.
Нагадаем, Сям'янаў быў затрыманы напрыканцы сакавіка падчас «аблавы» на адвакатаў. Арцём абараняў Валянціна Стэфановіча, Аляксандра Францкевіча, Таццяну Кузіну, Ігара Лосіка, Паўла Белавуса і шмат каго з іншых палітвязняў.
У Ляхавічах былога палітвязеня асудзілі за "пікетаванне" адразу пасля выходу з ПУАТ
Згодна з пастановай суда па адміністрацыйнай справе, Аляксандр Плескацэвіч 16 лютага выйшаў на волю з ПУАТ-43. Але ўжо 1 сакавіка над ім адбыўся суд паводле арт. 24.23 КаАП. Яго абвінавацілі ў тым, што ён "у нявызначаны час з 16 па 27 лютага нанёс на 7 вокнаў і вугал фасада дома бела-чырвона-белую сімволіку". Віну Аляксандр не прызнаў і сказаў, што не рабіў гэтага і зафарбоўваць гэта не мае намеру.
Вядома, што сімволіка на доме была яшчэ да арышту палітвязня ў 2021 годзе. Паводле рапарта сведкі-міліцыянта, яшчэ на "хіміі" яму сказалі зафарбаваць сімволіку, але 27 лютага, калі мужчыну затрымлівалі, яна яшчэ была. Аднак суд у Ляхавічах прызнаў Плескацэвіча вінаватым і арыштаваў яго на 10 сутак.
Нагадаем, Аляксандра асудзілі да 2 гадоў "хіміі" за тое, што пакінуў надпісы і расфарбоўваў белай і чырвонай фарбамі хаты, слупы і будынкі ў сваёй вёсцы. Адзін з надпісаў — «Света, я вас кахаю».
Былога прэс-сакратара Купалаўскага тэатра Мікалая Зайца двойчы запар пакаралі "суткамі"
Мікалая затрымалі раніцай 13 сакавіка. Тады на яго склалі пратакол паводле арт. 19.1 КаАП (дробнае хуліганства) і арыштавалі на 12 сутак.
25 сакавіка Заяц мусіў выйсці на волю па заканчэнні тэрміну, але яго зноў перазатрымалі. Сёння над ім адбыўся чарговы суд. Суддзя Ленінскага раёна Мінска Юлія Шчоткіна прызначыла яму 14 сутак арышту.
Нагадаем, Заяц працаваў прэс-сакратаром Купалаўскага тэатра са жніўня 2020-га. У сакавіку 2021 года яго звольнілі з тэатра.
Калі вы адбывалі адміністрацыйны арышт і сутыкнуліся з бесчалавечным і жорсткім абыходжаннем у ІЧУ і ЦІП, парушэннем правоў чалавека — калі ласка, пішыце на: Telegram: @zvarot96, Email: zvarot@spring96.org
Гэта патрэбна, каб зафіксаваць парушэнні вашых правоў і дапамагчы скласці скаргу. Мы будзем вам вельмі ўдзячныя за дапамогу!