У Беларусі працягваюцца затрыманні і вобшукі: хроніка пераследу 6 красавіка Дапоўнена
У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 6 красавіка збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Затрыманы лідар гурта Krumkač Арцём Раманаў
Прычыны затрымання музыкі на гэты момант невядомыя.
За «дэструктыўную дзейнасць» затрыманы намеснік дырэктара сталічнага завода
Паведамляецца, што мужчына размясціў на сваёй старонцы інфармацыю экстрэмісцкага характару, а таксама звесткі аб тым, што пералічваў грошы ў арганізацыю, прызнаную «экстрэмісцкай». Акрамя таго, ён нібыта неаднаразова ўдзельнічаў у акцыях пратэсту.
Па месцы жыхарства і працы затрыманага праведзены ператрусы, канфіскавана аргтэхніка.
Уладальнікі гродзенскай кватэры, у якой «ліквідавалі тэрарыста», на волі
Аляксандр і Алена Касцевічы, уладальнікі кватэры па вуліцы Курчатава, 5, былі затрыманыя і дапытаныя супрацоўнікамі КДБ.
Агулам, па гэтай справе дапыталі 14 чалавек, якія размаўлялі з «тэрарыстам» — пяць з іх змясцілі ў ізалятар. Хто гэта і што з імі, невядома.
У Лідзе затрыманы супрацоўнік ЖКГ
5 красавіка ў Лідзе быў затрыманы 54-гадовы Андрэй Раўчакаў. Як паведамляецца, у віну яму ставяць арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў).
Вядома, што мужчына працуе ў вытворчасці водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі Лідскага ЖКГ.
Амаль два месяцы няма ніякіх навінаў пра Мікалая Статкевіча
Пра гэта паведаміла ягоная жонка Марына Адамовіч у сваім Facebook.
"56 дзён я нічога не ведаю пра Міколу Статкевіча. Ні-чо-га. Усё напісанае падае ў цёмную задушлівую прорву. Ні гуку, ні шавялення паветра. На мае афіцыйныя звароты адказу таксама няма. Верагодна, адзіны «закон», які дзейнічае, гэта «іногда не до законов» (с). Апошнія сілы сыходзяць не на тое, каб жыць, а на тое, каб не клясці. Яны самі з гэтым справяцца. Усё мінае, а душа бессмяротная. Пакуль я пра гэта памятаю. Але вельмі цяжка».
Нагадаем, Статкевіч знаходзіцца за кратамі амаль 2,5 гады. 14 снежня 2021 Мікалаю быў вынесены прысуд: 14 гадоў зняволення ў калоніі асаблівага рэжыму. У канцы чэрвеня быў этапаваны з гомельскага СІЗА-3 у глыбоцкую калонію № 13. З таго часу яго рэгулярна змяшчаюць у ШІЗА — толькі з ліпеня яму выпісалі мінімум 21 спагнанне.
Ігар Лосік другі раз запар трапіў у штрафны ізалятар
З 20 лютага ад палітзняволенага журналіста няма лістоў, з сярэдзіны лютага да яго не дапускаюць адвакатаў. Стала вядома, што Ігара Лосіка зноў змясцілі ў ШІЗА. На які тэрмін і па якой прычыне, пакуль невядома.
Нагадаем, Ігару прысудзілі 15 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму па «справе Ціханоўскага». Пазней два гады пазбаўлення волі прызначылі яго жонцы — Дар‘і Лосік. Чатырохгадовая дачка Лосікаў Паўліна цяпер знаходзіцца з бабулямі і дзядулямі.
Суд не задаволіў скаргу адваката Паўла Падабеда
5 красавіка суд Партызанскага раёна Мінска разглядаў скаргу абароны відэааператара Паўла Падабеда. Адвакат намагаўся аспрэчыць беспадстаўнае ўзяцце пад варту журналіста, які не ўчыняў ніякіх супрацьпраўных дзеянняў, а таму не заслугоўвае такой меры як зняволенне.
Як стала вядома БАЖ, хадайніцтва было адхіленае.
Скарга слухалася ў закрытым рэжыме, так пастанавіў суддзя Аляксандр Супічэнка.
Міліцыянты ў Гомелі адсправаздачыліся, што затрымалі восем грамадзян
Іх абвінавацілі ў спажыванні інфармацыі з забароненых рэжымам крыніц. У тым ліку затрымалі загадчыка аптэкі. У эфіры госканалу паведамілі: мужчына на свой тэлефон перазняў «ведамасныя дакументы за подпісам генеральнага дырэктара прадпрыемства» і перадаў іх у адзін з тг-каналаў. Цяпер мужчына пад вартай.
У Мінскага сябра БСДП Алеся Стральцова адбыўся вобшук
Таксама вобшук адбыўся ў родных Алеся.
Алесь Стральцоў — прызнаны міжнароднай арганізацыяй Amnesty International вязень сумлення па справе "14-ці" у 2008 г. У 2022 г. удзельнічаў у абароне Кіева. На дадзены момант знаходзіцца па-за межамі Беларусі.
У Гродна ліквідуюць грамадскае аб’яднанне «Экомониторинг»
Пасяджэнне аб ліквідацыі арганізацыі запланавана на 26 красавіка ў Гарадзенскім абласным судзе. Заяўнік — Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Гарадзенскага аблвыканкаму, суддзя — Сяргей Піпко.
У Гомелі за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» затрыманы загадчык аптэкі
Паводле сілавікоў, мужчына на свой тэлефон зрабіў фотаздымак ведамасных дакументаў за подпісам генеральнага дырэктара прадпрыемства, а пасля перадаў гэта «экстрэмісцкаму» тэлеграм-каналу.
ГУБАЗіК не знайшоў экстрэмізму ў «Рэвалюцыі» Марціновіча
Былы дырэктар кнігавыдавецтва «Беларускі кнігазбор» Генадзь Вінярскі паведаміў у фэйсбуку, што ў ГУБАЗіКу яму вярнулі канфіскаваны больш за два гады таму наклад кнігі Віктара Марціновіча «Рэвалюцыя».
Увесь наяўны наклад рамана «Рэвалюцыя» Віктара Марціновіча — усяго 558 асобнікаў — быў канфіскаваны ў «Беларускім кнігазборы» 4 студзеня 2021 года падчас ператрусу. Былі забраныя нават бракаваныя экзэмпляры. З таго ж часу беларуская мытня перастала прапускаць за мяжу пасылкі з раманам, паведамляе «Наша Ніва».