viasna on patreon

У СІЗА-1 існуе "прэс-хата"? Сабралі сведчанні былых вязняў

2023 2023-04-07T00:07:18+0300 2023-04-08T10:05:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/svetchykau_rascislau.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

"Прэс-хатай" называюць наўмысна створаныя адміністрацыяй следчага ізалятара невыносныя ўмовы ў зняволенні, калі сукамернікі, якія супрацоўнічаюць з ёй, выбіваюць прызнальныя паказанні. Былыя зняволеныя распавялі праваабаронцам, што ў СІЗА-1 "прэс-хатай" называюць камеру № 98, дзе ўтрымліваецца Расціслаў Светчыкаў па мянушцы "Слон", якога больш за два гады таму асудзілі за саўдзел у забойстве на 23 гады. "Вясна" сабрала сведчанні былых зняволеных СІЗА-1.

Расціслаў Светчыкаў. Фота:
Расціслаў Светчыкаў. Фота: "КП в Беларуси"

Асуджаны за два забойствы. Што вядома пра Расціслава Светчыкава?

Расціслаў Светчыкаў — фігурант двух гучных справаў аб забойствах бізнэсоўца ў Беразіно і мінскага мэнэджэра. Справу ў судзе разглядалі двойчы. За першае забойства ў 2018 годзе Светчыкава асудзілі да 24 гадоў пазбаўлення волі. А калі знайшлі цела забітага мінскага мэнэджэра, то першы прысуд адмянілі, а справу накіравалі на новы разгляд. Паводле версіі следства, гэтыя справы звязаныя.

1 лютага 2021 года Мінскі абласны суд прызначыў Расціславу Светчыкаву 23 гады пазбаўлення волі. Падрабязна пра гэтую справу пісала "Комсомольская правда в Беларуси". 

Негледзячы на тое, што прысуд даўно ўступіў у сілу і зняволенага мусілі ўжо этапаваць у калонію для адбыцця пакарання, яго да гэтага часу ўтрымліваюць у СІЗА-1.

"Маральна ціснуў на яго". Што кажуць пра яго вязні?

Былыя зняволеныя на ўмовах ананімнасці распавялі праваабаронцам тое, што ведаюць пра Расціслава Светчыкава. Яны распавялі, што зняволены па мянушцы "Слон" утрымліваецца ў камеры № 98, якую называюць "прэс-хатай", бо "ён збівае людзей, каб прызнаваліся".

"Я яго бачыў на "Валадарцы". Яго не этапуюць у калонію, негледзячы на прысуд, які быў больш за два гады таму. Ён з "прэс-хаты" № 98. У яго свабодны, так мовіць, выхад з камеры. Калі я сказаў сукамернікам, што бачыў здаровага зэка (ён важыць каля 140 кілаграмаў, спартовец), які перасоўваўся, як хацеў, то мне сукамернік [які прайшоў праз гэтую камеру] адразу сказаў, што ён з "прэс-хаты" 98. Я спытаў, ці былі нейкія здекі, ці білі, але ён не вельмі хацеў пра гэта гаварыць. Але казаў, што маральна ён ціснуў на яго і іншых, а пра збіццё не гаварыў ці не хацеў гаварыць", — распавёў былы вязень. 

Паводле яго, камера № 98 разлічана на шэсць месцаў. Ён падцвердзіў тое, што гэтую камеру называюць "прэс-хатай". Таксама былы вязень распавёў, што Светчыкаў у СІЗА недатыкальны — гэта значыць, што яго не чапаюць супрацоўнікі ізалятара.

Праваабаронцам пра Светчыкава распавёў яшчэ адзін чалавек, знаёмых якога арыштавалі па палітычна матываванай справе:

"Знаёмыя сутыкаліся з ім, якія праходзілі па палітыцы, але яны за кратамі. Акрамя збіцця, ён забірае ежу. Людзі, якія з ім сядзяць, не ядуць наогул".

Былы вязень, які сядзеў з ім у камеры некалькі тыдняў вясной 2021 года, назваў яго "зняволеным з прывілеямі":

"На шпацыр можа пайсці, калі яму трэба. Тэлевізар калі ласка. Такое адчуванне, што ён проста супрацоўнічае з адміністрацыяй".

Але за тыя тыдні, што вязень з ім прабыў у камеры, ён не бачыў, каб Светчыкаў "прэсаваў" вязняў.

"Мы часта чулі крыкі" 

Пра Светчыкава распавялі і палітзняволеныя жанчыны, якія знаходзіліся ў суседніх камерах. Яны бачылі яго і гатовы апазнаць яго:

"Вы пісалі пра камеру № 98, а я сядзела насупраць тры тыдні і чула, што там адбываецца. Там часта стаяў крык, яго баяліся нават прадольныя. Не ведаю, ці біў ён, але крыкі стаялі часта, больш ён крычаў.

Я бачыла гэтага бязмежніка. Ён агромністы, хадзіў у шапцы і рабіў тое, што хацеў. Да яго нават корпусныя з паклонам прыходзілі. Ён шмат займаўся спортам, на прагулачных дворыках часта быў побач і гучна дыхаў або крычаў на сукамернікаў. Потым яму рамонт рабілі, перакідалі іх камеру ў "адстойнік".

Калі прадольныя падыходзілі да яго, то ён іх пасылаў, і скандалы працягваліся. Я жахалася. Бо ў нас пры найменшым скандале заляталі з дубінкамі. Яму можна было ўсё. Дзяўчынкі казалі, што ён былы амапавец, сядзіць за забойства.

Яго я дакладна пазнаю, ён чапляўся на падоле. І голас яго пазнаю. Ён фрывольнасці адпускаў. Мы прыціскаліся да сценак ад яго. Крычаў: "Вы мае нявесты". Я імёнаў хлопцаў не памятаю [якія сядзелі з ім], але было іх шкада".

Яшчэ адна палітзняволеная, якая ўтрымлівалася ў СІЗА-1 зімой 2022 года, распавяла падрабязнасці пра Светчыкава:

"Я сядзела на Валадарскага проста насупраць камеры, у якой сядзіць Слон-Слава. Казалі, што гэта былы супрацоўнік САХР, які гандляваў зброяй нелегальна. Затым з гэтай зброі быў забіты чалавек.

Ён гадоў шэсць перыядычна сядзіць на Валадарскага: на яго заводзяць новыя справы, і ён сядзіць там пад следствам. Палітычных хлопцаў да яго падсаджваюць, і на іх аказваецца прэсінг. Я чула, як гэты Слон крычаў у камеры. А паколькі ён вялізнага росту і вагі (кілаграмаў 150), то была добрая чутнасць. Мы часта чулі крыкі.

З усімі ахоўнікамі ён вітаецца за руку. Акрамя таго, у камеру насупраць, дзе я была, заводзяць маладых дзяўчат, і калі дзяўчына яму падабалася, то ахоўнікі перадавалі ад яго запіскі, і пачыналася перапіска. Дзяўчат нават выводзілі да яго, арганізоўваюць сустрэчы за тое, што ён раскручвае палітычных.

У той перыяд [калі палітзняволеная сядзела ў камеры насупраць] хлопцы сядзелі па арт. 342 КК, і ён спрабаваў выведаць яшчэ падрабязнасці спраў у хлопцаў.

Былі размовы, што ён перадачы ў хлопцаў адбіраў. Я яго бачыла асабіста, калі выводзілі нас на шпацыр, а яго вялі на кабінеты".

Якія яшчэ ёсць сведчанні існавання "прэс-хаты" ў СІЗА-1?

Упершыню пра "прэс-хату" ў СІЗА-1 пасля падзей 2020 года заявіў на судзе палітзняволены Сцяпан Латыпаў. 1 чэрвеня 2021 года ў суд палітвязня прывезлі з відавочнымі слядамі збіцця, а неўзабаве ён сам на працэсе заявіў аб так званай "прэс-хаце", у якую яго ўкінула адміністрацыя ізалятара, каб дамагчыся прызнальных паказанняў. Ён распавёў, што там яго ўтрымлівалі 51 дзень. Пасля гэтага ён на судзе здейсніў спробу суіцыду.

Але пра якую менавіта "прэс-хату" тады казаў Сцяпан — невядома. Родныя палітвязня распавядалі тады, што з 11 красавіка 2021 года яго ўтрымлівалі ў камеры з людзьмі з псіхічнымі асаблівасцямі. 

Пры гэтым праваабаронцы адзначаюць, што тэма з "прэс-хатай" і вязнямі, якія выбіваюць паказанні ў іншых зняволеных, не новая. У 2011 годзе па крымінальнай справе супраць следчай Генпракуратуры Святланы Байковай паводле ч. 1 арт. 154 Крымінальнага кодэкса (Наўмыснае прычыненне працяглага болю або пакут спосабамі, якія выклікаюць асаблівыя фізічныя і псіхічныя пакуты пацярпелага) праходзіў Карэн Вартанян. Па версіі следства, следчая з дапамогай жорсткага "камернага агента" ў СІЗА-1 дамагалася ад абвінавачаных патрэбных паказанняў. Праўда, фінал гэтай справы апынуўся вельмі таямнічым. Вартанян, па звестках праваабаронцаў, быў апраўданы і загінуў у іншым СІЗА. 


Калі ў вас ёсць інфармацыю пра так званую "прэс-хату" ў СІЗА-1, напішыце, калі ласка, нам у тэлеграме @Viasnainfo

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства