viasna on patreon

Валерыя Цапкалу завочна асудзілі да 17 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму Дапоўнена

2023 2023-04-07T15:21:00+0300 2023-04-07T18:04:27+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/capkala-valer-4.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Валерый Цапкала

Валерый Цапкала

Мінскі абласны суд 7 красавіка ў парадку спецыяльнай вытворчасці завяршыў разгляд крымінальнай справы аднаго з кандыдатаў у прэзідэнты падчас выбарчай кампаніі 2020 года, былога дыпламата, ініцыятара і стваральніка Парка высокіх тэхналогій Валерыя Цапкалы. Абвінавачаны па 12 крымінальных артыкулах, Цапкала ў ноч з 23 на 24 ліпеня 2020 года разам з дзецьмі таемна пакінуў Беларусь, таму суд над ім праходзіў завочна.

Судовы працэс вёў суддзя Сяргей Епіхаў.

Валерый Цапкала вылучаўся кандыдатам у прэзідэнты Беларусі ў 2020 годзе, аднак, як і іншыя прэтэндэнты не быў зарэгістраваны ЦВК. Падставай для адмовы ў рэгістрацыі стала недастатковая колькасць сапраўдных подпісаў – менш за 100 тысяч. Ён перадаваў у ЦВК амаль 160 тысяч подпісаў, аднак тэрытарыяльныя камісіі іх масава анулявалі. У выніку яму залічылі крыху больш за 78 тысяч подпісаў.

Ён з’ехаў з Беларусі пасля таго, як праваахоўныя органы пачалі супраць яго праверкі, а 6 снежня 2022 года ў дачыненні да палітыка Галоўным упраўленнем па расследаванні злачынстваў у сферы арганізаванай злачыннасці і карупцыі Следчага камітэта была ўзбуджаная спецыяльная вытворчасць. Следства па справе завяршылася 28 снежня і матэрыялы былі перададзены ў суд.

У кастрычніку 2022 года МУС прызнаў Валерыя Цапкалу “экстрэмісцкім фармаваннем” на падставе таго, што “група грамадзян, аб'яднаных пад агульным кіраўніцтвам Цапкалы, у тым ліку праз шэраг інтэрнэт-рэсурсаў, ажыццяўляе экстрэмісцкую дзейнасць”.

Таксама “экстрэмісцкім” прызнаны лагатып у выглядзе “фатаграфічнай выявы Цапкалы В". 

У чым абвінавачвалі палітыка?

Валерыю Цапкалу ставяць у віну здзяйсненне злачынстваў па 12 крымінальных артыкулах:

  • ч. 2 арт. 367 (паклёп у дачыненні да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь);
  • ч. 2 арт. 368 (абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь);
  • арт. 369-1 (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь);
  • ч. 3 арт. 361 (заклікі да мер абмежавальнага характару, іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь);
  • ч. 1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім);
  • ч. 1 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы);
  • ч. 1 арт. 123 (прапаганда вайны);
  • ч. 2 арт.361-2 (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці);
  • арт. 188 (паклёп);
  • ч. 2 арт. 424 (злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі);
  • ч. 3 арт. 430 (атрыманне хабару);
  • ч. 1 арт. 400 (загадзя ілжывы данос).

Акрамя ўсяго адміністрацыя Парку высокіх тэхналогій  выставіла Цапкалу (які раней быў дырэктарам ПВТ) пазоў на кампенсацыю маёмаснай шкоды на суму больш як 6 тысяч рублёў.

"Ствараў беларускую Вікіпедыю" за кошт сродкаў ПВТ: што вядома пра суд над Валерыем Цапкалам

Зыходзячы з публікацый у дзяржаўных СМІ, абвінавачанне ў першую чаргу вылучае эканамічныя складнікі ў справе Валерыя Цапкалы, хаця палова з прад'яўленых яму артыкулаў – “палітычныя”.

Суд над Цапкалам пачаўся яшчэ 1 сакавіка.

Судом задаволены іскавыя патрабаванні Генеральнай пракуратуры ў інтарэсах адміністрацыі ПВТ аб спагнанні з абвінавачанага на яе карысць каля 7 тыс. рублёў.

Акрамя таго, устаноўлена, што Цапкала сістэматычна атрымліваў хабар у асабліва буйным памеры ў выглядзе сродкаў, якія пералічваліся на яго банкаўскі рахунак у Рэспубліцы Кіпр, а таксама маёмасных выгод: аплаты адпачынку яму і яго сям'і, будаўніцтва жылога дома — за выкананне ў інтарэсах прадстаўніка юрыдычнай асобы дзеянняў, звязаных з будаўніцтвам аб'ектаў на тэрыторыі ПВТ.

У 2020 годзе Цапкала, ведаючы пра паступленне ў Генеральную пракуратуру заявы аб прыцягненні яго да крымінальнай адказнасці за атрыманне хабараў, пакінуў тэрыторыю краіны. Пазіцыянуючы сябе праціўнікам дзеючай улады, здзейсніў шэраг такіх злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці, як стварэнне і кіраўніцтва экстрэмісцкім фарміраваннем, Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь, Прапаганда вайны, паклёп і публічная абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і іншыя.

Сёння суддзя Сяргей Епіхаў агучыў прысуд: 17 год пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства