viasna on patreon

За паручальніцтва з'ехаўшых з краіны журналістак Tut.by заклад заплоцяць чыноўнік, бізнесовец і дэпутат Дапоўнена

2023 2023-04-10T12:55:52+0300 2023-04-10T16:40:41+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/talkachova-loika-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алена Талкачова і Вольга Лойка

Алена Талкачова і Вольга Лойка

Мінскі гарадскі суд 10 красавіка разглядае не зусім звычайныя справы, звязаныя з супрацоўніцамі партала Tut.by  Аленай Талкачовай і Вольгай Лойка. Справы тычацца паручальніцтва вядомага чыноўніка, бізесоўца і палітыка для вызвалення журналістак з-пад варты.  Алена Талкачова і Вольга Лойка пакінулі Беларусь і былі абвешчаныя ў міжнародны вышук, а падпісанты гэтых паручальніцтваў мусяць кампенсаваць дзяржаве суму абгаворанага закладу.  

Рэдактарка аддзела нерухомасці Алена Талкачова  была затрыманая 18 траўня 2021 года ў межах крымінальнай справы, пачатай супраць TUT.BY за ўхіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры (ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса).

Алене змянілі меру стрымання і, пасля 14 месяцаў зняволення, 18 ліпеня 2022 г. выпусцілі з СІЗА-1 пад падпіску аб неразгалошванні.

У кастрычніку 2022 г. КДБ уключыў Алену ў спіс "асобаў, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці".

Галоўная рэдактарка палітыка-эканамічнага блока Вольга Лойка была затрыманая 18 траўня ў межах крымінальнай справы, распачатай супраць TUT.BY за ўхіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры (ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу).

Сярод паручальнікаў Алены Талкачовай фігуруюць дыпламат, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Валерый Варанецкі, а таксама палітолаг, экс-кіраўнік Рады па міжнародных адносінах ініцыятывы «Мінскі дыялог» Яўген Прэйгерман.  

За Вольгу Лойку персанальна хадайнічаў старшыня Рэспубліканскага саюзу прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў Аляксандр Швец.

На падставе якога артыкула выклікалі ў суд паручальнікаў - невядома, фігуруе толькі расплывістая фармулёўка «іншыя матэрыялы». Аднак з папярэдняй практыкі вынікае, што ў працэсе папярэдніх дамоўленасцяў абгаворваецца канкрэтная сума, якую ў выпадку форс-мажору «апякун» мусіць выплаціць за свайго падабароннага. Як правіла, гаворка пра істотныя грошы.

"У выпадку здзяйснення падазраваным або абвінавачаным дзеянняў, для папярэджання якіх было ўжыта асабістае паручальніцтва, на кожнага паручыцеля можа быць накладзена судом грашовае спагнанне ў памеры ад ста да пяцісот базавых велічынь", - каментуюць юрысты "Вясны".

Дапоўнена: Суддзя Валянціна Зянкевіч выклікала трох сведак, але яны ў прызначаны час не з’явіліся ў суд. У дачыненні да журналістак дзейнічала мера стрымання, не звязаная з пазбаўленнем волі пад асабістае паручальніцтва.

Па заканчэнні разглядаў стала вядома, што ўсім названым паручальнікам суд прызначыў штраф у памеры 500 базавых велічынь з кожнага — у эквіваленце гэта 18,5 тысяч рублёў (прыкладна 6,2 тысячы долараў паводле цяперашняга курсу).

У віну дэпутату, аналітыку і прамыслоўцу паставілі тое, што яны не здолелі выкарыстаць механізмы ўплыву, якія б не дазволілі фігуранткам крымінальнай справы схавацца ад правасуддзя.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства