“Працэдуры за зачыненымі дзвярыма”: так праваабаронцы характарызуюць барацьбу з экстрэмізмам і тэрарызмам у Беларусі Дакумент
Прэзентацыя даклада “Абмежаванне свабоды выказвання меркаванняў пад выглядам барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам”, падрыхтаванага праваабаронцамі “Вясны”, прайшла ў Вільні 11 красавіка.
Новы даклад прысвечаны свабодзе выказвання меркаванняў, аднаго з самых важных правоў, што падтрымлівае незалежныя выказванні, грамадскую і палітычную актыўнасць. Беларускія ўлады паслядоўна скарачалі межы правоў і свабод, актывізаваўшы гэтыя працэсы пасля выбараў у 2020 годзе, падаючы гэта пад пад выглядам барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам.
Адзін з аўтараў даклада юрыст Павел Сапелка адзначыў, што права на свабоду выказвання меркавання падаўлялася задоўга да 2020 года, але зараз сітуацыя стала проста драматычнай.
"Барацьба з тэрарызмам выкарыстоўваецца штучна, каб апраўдаць палітычны пераслед сваіх грамадзян. Дзеля гэтага, пачынаючы з 2021 года, сталі ўносіцца змены ў крымінальнае заканадаўства, была прынятая пастанова Савета міністраў “Аб мерах процідзеяння экстрэмізму і рэабілітацыі нацызму”. Пры гэтым, сама судовая ўлада згубіла рысы правасуддзя, а роля суддзяў у палітычным пераследзе па экстрэмісцкіх і дыфамацыйных артыкулах істотна вырасла", – падкрэслівае юрыст.
Юрыстка “Вясны” Вікторыя Рудзянкова працэс надання грамадзянам, альбо арганізацыям ці асобным матэрыялам статусу “экстрэмісцкага” назвала “працэдурай за зачыненымі дзвярамі”, паколькі рашэнні па прызнанні тэрарыстамі ці экстрэмістамі, якія прымаюць МУС і КДБ Беларусі, негалосныя і абскардзіць іх немагчыма.
Больш за 2530 чалавек унесены ў спіс грамадзян, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці. Пік прыходзіцца на кастрычнік 2022 года, калі туды ўнеслі імёны амаль 900 чалавек.
Гэтая практыка ўжываецца ў межах татальнага задушэння іншадумства ў грамадстве, у абстаноўцы насаджэння страху ва ўсіх сферах адносінаў. З аднаго боку, пад забаронай аказваецца любая незалежная інфармацыя, злучаная з шырокім колам пытанняў: ад грамадска-палітычнай сферы да культуры і беларускамоўнага кантэнту.
З іншага боку, парушэнне забаронаў прыводзіць да пераследу людзей у розных формах: жорсткае абыходжанне і катаванні, штраф, канфіскацыя маёмасці, адміністрацыйны арышт і крымінальны пераслед, прымусовае псіхіятрычнае лячэнне, пагрозы пазбаўлення грамадзянства. Вялікая частка гэтых адвольных рэпрэсій стала магчымай праз адсутнасць незалежнага суда і ўключэнне судзейскага корпусу ў карныя практыкі.
Санкцыі за парушэнне прадпісанняў заканадаўства ці рэпрэсіўнай практыкі рэгулярна ўзмацняюцца. Гэта стала магчымым дзякуючы таму, што заканадаўчая ўлада страціла рысы прадстаўнічай, не падсправаздачнай народу як адзінаму носьбіту ўлады.
З поўным тэкстам дакладу вы можаце азнаёміцца ніжэй: