viasna on patreon

Экстрадыцыя, вышук, затрыманні: хроніка пераследу 12 красавіка Дапоўнена

2023 2023-04-12T11:28:00+0300 2023-04-12T18:55:04+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/zimneva-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 12 красавіка збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

У Мінску затрыманая Ірына Зімнева

Праваабаронцам стала вядома аб затрыманні дырэктаркі Цэнтра славянскіх моваў і культур "Слаўцэнтр" Ірыны Зімневай.

Цэнтр займаецца арганізацыяй курсаў польскай мовы, а таксама дае кансультацыі па атрыманні карты паляка і паступленні ў польскія ВНУ.

Ірына – маці дзвюх непаўнагадовых дзяўчат.

Сталі вядомыя падрабязнасці затрымання дырэктаркі Цэнтра славянскіх моваў і культур “Слаўцэнтр” Ірыны Зімневай

Таксама былі затрыманыя дзве яе намесніцы: іх адпусцілі пасля допыту. Падчас ператрусу ў галоўным офісе вынялі ўсе камп’ютары.

Зімневу будуць судзіць паводле арт. 17.11 КаАП (“Хуліганства”), бо знайшлі ў тэлефоне выявы ў бел-чырвона-белых колерах, а таксама малюнак з тэкстам “Перамагай зло дабром”. Справу разглядзіць суддзя Таццяна Мотыль (суд Маскоўскага раёну Мінска).


У Светлагорску затрыманы чарговы "экстрэміст"

У Светлагорску быў затрыманы мясцовы жыхар Андрэй Якушэвіч. Затрыманне адбылося ў пятніцу 7 красавіка на працы. Мяркуецца, што ў яго знайшлі «экстрэмізм» у тэлефоне. За апошні месяц у горадзе гэта паўтаралася шматразова.

Адносна грамадзяніна была аформлена справа па ч. 2 арт. 19.11 КаАП РБ – «Распаўсюджанне, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая ўтрымлівае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці альбо прапагандуе такую дзейнасць».


Берасцейскага блогера Аляксандра Кабанава абвясцілі ў вышук

Гэта вынікае са старонкі ГАУС Менскай вобласці.

На тое, што блогера і экс-палітвязня абвясцілі ў вышук, звярнуў увагу ён сам у сваім Фэйсбуку.

Аляксандр Кабанаў

Нагадаем, што Кабанаў цалкам адбыў пакаранне ў калоніі па палітычнай справе. Пасля вызвалення ён з'ехаў з Беларусі і працягвае сваю актывісцкую дзейнасць. Праз гэтае да яго бацькоў ужо прыходзілі з вобшукамі.


Сафія Сапега пагадзілася на экстрадыцыю ў Расею

Палітзняволеная Cафія Сапега сустрэлася з расейскім консулам і цяпер рэшту тэрміну правядзе ў Расеі. Інфармацыю пра згоду Сапегі пацвердзіў расейскім СМІ прэс-сакратар расейскай амбасады Аляксей Маскалёў.

Сафія Сапега. Скрыншот з відэа.

У Беларусі Сапезе прысудзілі 6 гадоў калоніі агульнага рэжыму па двух крымінальных артыкулах, яе прызналі палітычнай зняволенай.


Палітвязня Юрыя Касцюка этапавалі ў калонію

Касцюка таемна вывезлі з Расеі, і ў Беларусі прысудзілі 4 гады за дапамогу іншым палітвязням.

Зараз палітвязня перавялі ў аршанскую калонію №8, піша @prisoners_spring96.

Юрый Касцюк у судзе

Касцюка абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Паводле версіі абвінавачвання, Юрый дапамагаў іншым палітвязням: папрасіў знаёмых адкрыць польскую банкаўскую картку, куды атрымліваў грошы ад BYSOL і By_help, якія пасля накіроўваў сваякам палітвязняў. Грошы на дапамогу атрымліваў ад «арганізацый, якія пазіцыянавалі сабе як праваабарончыя». Сам Юрый на судзе віну не прызнаў і адмовіўся даваць паказанні.

Падтрымайце Юрыя: ПК № 8, 211388, Віцебская вобл., г. Орша, вул. Леніна, 195А, Юрый Андрэевіч Касцюк.


"Рэгіянальная газета" трапіла ў спіс рэспубліканскіх экстрэмісцкіх матэрыялаў

Яе інфармацыйная прадукцыя прызнана экстрэмісцкай судом Партызанскага раёну Мінска, заўважыў reform.by.

Таксама Мінінфарм, у адпаведнасці з рашэннямі судоў, уключыў у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў:

  • суполка «Вконтакте», старонку Instagram і Youtube-канал гурта «Дети Хрущёвок», а таксама яе кампазіцыі «2020», «Таракан (Дэма)», «Папицот»;
  • старонку «Вконтакте» «Юзеф Пілсудский»;
  • тэлеграм-канал, чат-бот, старонку ў Instagram і Yоutube-канал руху "Рух", яго эмблему.

Рэгіну Лавор забрала з дома міліцыя падчас адбывання "хатняй хіміі"

Рамесніцу Рэгіну Лавор, якую асудзілі на два гады "хатняй хіміі" за абразу прадстаўніка ўлады, увезлі з дому сілавікі для тлумачэнняў, бо яна быццам не адчыніла дзверы дома падчас праверкі 8 красавіка.

Рэгіна Лавор. Фота прадастаўлена Рэгінай

Па яе асабіста прыехаў начальнік мясцовага ізалятара. Таксама затрымліваць Рэгіну прыехаў участковы інспектар Іўеўскага РАУСа, капітан міліцыі Аляксандр Стубеда.

Нагадаем, за сакавік 2022 года да яе больш за 25 разоў прыходзілі з праверкай, чацвёрты месяц яна не можа атрымаць дазвол, каб выехаць у Ліду і набыць матэрыялы для рамесніцтва — фактычна, Рэгіна не можа працаваць. Ёй забаранілі наведваць касцёл і нават карыстацца прыбіральняй на вуліцы. На ўсе звароты ў РАУС, МУС жанчына атрымоўвае «адпіскі».


Затрымалі яшчэ аднаго супрацоўніка “Гродна-Азот”

Андрэю Алешчыку 46 гадоў. Ён гарадзенец, з жонкай яны гадуюць дзвюх дачок. Андрэй працуе машыністам на заводзе «Хімвалакно», які належыць «Гродна Азоту».


У Мінску затрымалі майстра татуіровак Іллю Акішава, які рабіў пратэсныя татуіроўкі

Сілавікі сцвярджаюць, што атрымалі спіс яго кліентаў.

Хлопцу закідваюць удзел у масавых парушэннях грамадскага парадку.


На Акрэсціна адправілі намесніка кіраўніка асацыяцыі ветэранаў спецназа "Честь" Сяргея Заслаўскага

Яго абвінавацілі паводле артыкула 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкай прадукцыі) і арыштавалі на 15 сутак. Па звестках выдання, Заслаўскага затрымлівалі тыя самыя амапаўцы, для якіх ён вядзе семінары па сілавой падрыхтоўцы.

Прычынай хутчэй за ўсё стаў допіс у сацсетках: Заслаўскі перапосціў артыкул пра свае спартовыя дасягненні з рэсурсу, які ўлады прызналі "экстрэмісцкім".

Сяргей Заслаўскі — актывіст усіх дэкаратыўных рухаў у падтрымку Лукашэнкі. Інструктар спецпадраздзяленняў, маёр унутраных войскаў, любімчык АМАПа і г.д. — сапраўдны ябацька. І раптам усплывае на Акрэсціна «за палітыку»!

Інфармацыя дапаўняецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства