viasna on patreon

"Мяне выцягнулі з ложку і сказалі, што я здраднік": як былога супрацоўніка міліцыі асудзілі за пратэсты

2023 2023-04-12T11:16:45+0300 2023-04-12T17:19:39+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/shizo_viasna.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч
Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч

Аляксей (імя змененае ў мэтах бяспекі) больш за пяць гадоў працаваў ў міліцыі, але сыйшоў адтуль задоўга да падзей 2020 году. Ужо заняты ў прыватным бізнэсе, у жніўні 2020 году мужчына пабачыў, як былыя калегі разганяюць пратэсты ў ягоным родным горадзе. Маральныя прынцыпы не дазволілі яму праігнараваць падзеі – таму ў 2021 годзе ён трапіў за краты. Адбыўшы тэрмін пакарання, Аляксей з’ехаў за мяжу і распавёў "Вясне" пра падзеі, якія з ім адбыліся.   

«Мяне гэта абурыла»

— Палітыка мала датычылася мяне да 2020 году. Пакуль працаваў у міліцыі, не ўдзельнічаў у мерапрыемствах тыпу разгонаў. Праз канфлікт з кіраўніком РАУС напісаў рапарт аб сыходзе, аднак мяне звольнілі паводле артыкулу за нявыхад на працу ў нядзелю. Я не шкадую, што так атрымалася, але калі б нешта змянілася ў краіне і закон пачаў працаваць, я б вярнуўся. Потым я працаваў у прыватных арганізацыях, дзе зноў жа быў далёкі ад палітыкі.

Аднак калі я ўбачыў, што адбываецца ў горадзе 9 жніўня 2020 году, мяне пачала вельмі хваляваць сітуацыя. Як былы супрацоўнік міліцыі, я ведаю, як павінна праходзіць затрыманне, як міліцыянты мусяць ставіцца да затрыманых, але на вуліцах гораду я бачыў зусім іншае: стрэльбы, гранаты, збіццё людзей. Мяне гэта вельмі насцярожыла і абурыла, пасля чаго я пачаў удзельнічаць у палітычным жыцці краіны. Спампаваў тэлеграм, каб чытаць навіны, усталяваў VPN і ўжо на наступны дзень пайшоў на пратэсты. Потым стаў ездзіць у Мінск — там я на свае вочы бачыў тое, што адбывалася, і быў упэўнены, што ў нас нешта атрымаецца.  

Памятаеце момант, калі Кандрусевіча не пусцілі ў Беларусь? Я каталік, і мяне гэта вельмі абурыла. Я прыйшоў да касцёла ў сваім горадзе, дзе людзі сабраліся на знак падтрымкі. Я быў без маскі, таму мае былыя калегі пазналі мяне, і на наступны дзень мяне выклікалі ў РАУС «на размову». Калі ў РАУС мяне перш-наперш спыталі, колькі мне заплацілі, я палічыў, што далейшая размова не мела ніякага сэнсу. Гэтыя людзі жывуць у сваім свеце, і ім нельга нешта даказаць: такі тып мыслення стварае забарона карыстацца тэлеграмам, пастаянныя праверкі, якія рэсурсы ты чытаеш, ідэалагічныя лекцыі. Яны бачаць усе падзеі толькі з аднаго боку; тыя, хто думаюць інакш, сыйшлі са службы.

«Лекар паглядзеў на мае сінія ногі і спіну і сказаў, што я магу ўтрымлівацца ў ІЧУ»

— Мяне затрымалі амаль праз год пасля падзей — у ліпені 2021 году. Я не чакаў, што па мяне прыдуць: за што мяне затрымліваць, калі я не рабіў нічога крымінальнага? Я ж ведаю, за што і як можна затрымаць. А тут…

Затрымлівалі мяне ГУБАЗіК і СОБР а сёмай раніцы. Я яшчэ спаў, мяне выцягнулі з ложку і сказалі, што я здраднік і гэтак далей. А потым — білі, білі і білі. Потым везлі на Акрэсціна, але на палове шляху перадумалі і вярнулі ў родны горад. Там змясцілі ў мясцовы РАУС і асудзілі на 12 сутак паводле арт. 19.11 КаАП за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў, хаця на момант рэпосту гэтая крыніца яшчэ не была ў адпаведным спісе. Супрацоўнікі нарабілі скрыншотаў на тэлефон — так атрымаўся не толькі распаўсюд, але і захоўванне, за што на мяне і завялі крымінальную справу. 

«Хачу, каб вас адправілі на Украіну і там расхерачыла бомбай»

Айцішніца распавяла пра здзекі ГУБАЗіКа.

На судзе я не казаў, што мяне збівалі, бо мяне папярэдзілі: калі скажу, можа быць горш. Аднак супрацоўнікі ўсё ж адвезлі мяне ў гарадскую лякарню. Лекар паглядзеў на мае сінія ногі і спіну і сказаў, што я магу ўтрымлівацца ў ІЧУ. Там я і правёў наступныя 12 дзён. Тое стаўленне да мяне ўсіх людзей, каго я ведаў... Яны ставіліся да мяне, нібыта я нейкі тэрарыст: не дазвалялі мне нічога — ні курыць, ні перадачы. Я сядзеў адзін у камеры, і ў мяне не было нічога, акрамя туалетнай паперы. Мясцовую ежу немагчыма было ўжываць, таму 12 дзён я не еў нічога, акрамя хлеба. Я вагаўся, ці будзе яшчэ нешта, акрамя сутак, але калі дзверы камеры адчыніліся, мяне ўжо чакаў ГУБАЗіК. Мяне затрымлівалі за перадачу звестак пра супрацоўнікаў РАУС у ЧКБ, але, напэўна, гэтага яны не змаглі даказаць, таму яны трактавалі рэпост як заклік да мітынгаў.

З Акрэсціна мяне перавялі ў ІЧУ Мінскага раёну ў Сцяпянцы, і ўмовы там былі нашмат лепшыя. Першыя чатыры дні я правёў у агульнай камеры са «звычайнымі» людзьмі: там выключалі святло на ноч, дазвалялі курыць. У мяне быў матрац. Потым мяне перавялі ў палітычную камеру: там пастаянна гарэла святло і не было матрацаў. Але дазваляліся перадачы і шпацыры. Хлапцы з Акрэсціна распавядалі пра жахлівыя ўмовы там, таму я лічу, што мне сапраўды пашчасціла: нават ежу нам прывозілі з раддому, які месціўся непадалёк.

«У іх вачах ты палітычны, бо ты экстрэміст»

— Потым мяне этапавалі ў жодзінскую турму, дзе я прабыў недзе паўгода. Сярод супрацоўнікаў там былі тыя, хто не вельмі добра ставіўся да палітычных, але ўмовы для ўсіх былі роўныя. Аднолькава дзялілі дзяжурствы, ва ўсіх былі матрацы і бялізна, нам перадавалі перадачы і лісты. У дзень мне часам прыходзіла 3-4 лісты — і ў камеры нават зайздросцілі, што мне пішуць так часта. Гэта было вельмі прыемна, ганарліва, што мяне падтрымліваюць за тое, што я зрабіў, а не прасядзеў прамаўчаў. Гэта вельмі важна і гаворыць пра тое, што ты не адзін, што ёсць людзі, якія падтрымліваюць не толькі канкрэтна цябе, але і тое, за што ты выходзіў, змагаўся. Мне пісалі нават тыя, каго я не лічыў за сяброў, і няважна было, што было ў лісце, важна было, што яно проста прыйшло ад чалавека. 

Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч
Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч

Лісты ад незнаёмых пачалі мне прыходзіць, калі мяне прызналі палітвязнем. Але тады я пра гэта не ведаў, дазнаўся толькі падчас спаткання ў калоніі. Цяпер разумею, што не адчуў нейкай змены стаўлення да сябе. Там не мае розніцы, ці прызналі цябе палітвязнем «афіцыйна»: калі ты трапляеш на СІЗА, праз тыдзень-другі табе даюць «прафулік», што ты экстрэміст, — і гэта адразу кажа пра тое, што ты палітычны. У іх вачах ты палітычны, бо ты экстрэміст — у цябе карычневая картка вісіць на дзвярах. Непалітычныя ставіліся да нас нармальна, некаторыя нават узбурваліся: маўляў, ні за што пасадзілі. Здаралася, што людзі запытваліся, навошта нам трэба было выходзіць. Калі такому чалавеку патлумачыў раз і ён не зразумеў, то сэнсу камунікаваць далей няма. 

«Свет мусіць пра гэта ведаць»

Былыя вязні і праваабаронца пра статус палітвязня і апублічванне рэпрэсій.

У Жодзіна я спачатку быў у 12-мясцовай камеры, а калі далі экстрэміста — у шасцімясцовай: начальнік турмы даведаўся, што я былы супрацоўнік, і закінуў мяне ў адмысловую камеру, БС-ную (былых супрацоўнікаў — заўв. рэд.) Яна нічым не адрознівалася ад іншых па ўмовах, хтосьці там сядзеў за палітыку, хтосьці — за хабар. Без праблемаў аказвалі базавую медычную дапамогу, кожны дзень дазвалялі шпацыры, прыносілі 4-5 кніжак на камеру на тыдзень. Я да зняволення зусім не чытаў, а цяпер вось пачаў.

Суд праходзіў хутка, за тры дні. Як суд — не суд, а адная назва. Не ведаю, ці слухалі майго адваката, мне здаецца, там нікога не слухалі. Пасля прысуду мне заставалася правесці ў калоніі менш за год: як у турме кажуць, на адной назе. Я думаў, што будзе нашмат больш. Псіхалагічны стан змяніўся, як я пачуў прысуд: ты ўжо нічога не чакаеш, ты ўсё ведаеш. Ведаеш, што праз пэўны тэрмін выйдзеш — прынамсі, у цябе ёсць такая надзея.

«Там шмат сапраўдных сыноў сваёй Радзімы»

— У калоніі стала больш вольна. Там ты можаш быць амаль на волі: займацца раз на дзень, знаходзіцца на вуліцы, знаёміцца з людзьмі — такімі ж палітычнымі, размаўляць з імі, выбіраць у бібліятэцы кнігі, якія хочаш, тэлефанаваць родным і нават пабачыць іх па скайп. Можна атрымаць працяглае спатканне, але я не хацеў прасіць яго: жонкі і дзяцей у мяне няма, а бацькоў не хацеў напружваць. Але ў каго ёсць сям'я, гэтая магчымасць сустрэцца і правесці пару дзён разам — вельмі важная падтрымка.

Хаця абмежаванні таксама былі, вядома. Каб у калоніі з цябе знялі прафулік, на які паставілі ў СІЗА, трэба прахадзіць без парушэнняў год. Але ніхто не зніме з цябе «экстрэміста» — таму ў першы ж дзень пасля карантыну ў атрадзе мне далі парушэнне.

І вядома, каго хочуць «закрыць» — няма нічога складанага. Аднаго палітвязня хацелі змясціць у ШІЗА: яму далі парушэнне і адправілі на дзяжурства — чысціць умывальнікі. Ён пайшоў прыбірацца, кантралёры прыйшлі і сказалі прыбіраць туалеты — а гэта ў калоніі могуць рабіць толькі асобы з нізкім сацыяльным статусам. Вядома, палітвязень адмовіўся. А адмова выконваць патрабаванне адміністрацыі — ШІЗА. Хаця ты можаш атрымаць 4-5 парушэнняў і не пайсці ў ШІЗА — усё залежыць выключна ад пажаданняў адміністрацыі. Ну, як ад пажаданняў: у яе ёсць загад зверху прэсаваць канкрэтных людзей. Напрыклад, калі пра кагосьці пісалі нешта ў інтэрнэце — адразу прыходзяць пісаць парушэнне. Але вядома, што некаторыя палітвязні ведаюць, на што ідуць, і гатовыя да такога. Там шмат сапраўдных сыноў сваёй Радзімы — тых, хто наогул не мусіць знаходзіцца ў СІЗА і калоніях. Я быў вельмі рады шмат з кім пазнаёміцца, некаторыя там аказваюць уплыў на тых, хто побач з імі. Ты ходзіш ныеш, а чалавек з тэрмінам, які большы за твой у дзесяць разоў, трымае нос па ветру і кажа, што ўсё будзе добра. Ты бачыш, як людзі з вялікімі тэрмінамі паводзяць сябе больш годна, чым іншыя — з годам, каго ад мамкі адарвалі. А нашто ты тады выходзіў? На што спадзяваўся? Мусіў ведаць, што можа прыляцець. 

Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч
Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч

Я перанёс зняволенне, як дзіцячы лагер: гэта б так і выглядала, калі б не білі спачатку. Я не адчуваў нейкага цяжару. Перад працай у міліцыі я паўгода жыў на казарме — дык вось калонія нават не казарма, там было прасцей. Я не змяніўся: якім быў — такім і застаўся, толькі, магчыма, стаў больш жорстка ставіцца да людзей, якія падтрымліваюць рэжым. Мо, таму што ў мяне малы тэрмін быў: я проста паглядзеў, як жывуць людзі. Упэўніўся, што рабіў усё правільна, але проста трапіўся: трэба было рабіць так, каб не трапіцца.

Я вырашыў для сябе, што і сёння буду рабіць усё, каб падтрымліваць людзей: цяпер шмат камунікую з роднымі тых, хто застаўся ў зняволенні, пішу лісты, спрабую перадаваць перадачы. Для мяне людзі, з якімі я камунікаваў, — героі, якія сядзяць там, нягледзячы ні на што, і кажуць, што не будуць пісаць ніякія памілаванні. За што мы будзем прасіць прабачэнні? У мяне таксама не было ў галаве і думкі пісаць Васкрасенскаму, хаця я ведаю, што некаторыя пісалі.

Вядома, я пераймаўся, што на мяне могуць знайсці яшчэ нешта. Хваляваўся, што калі выйду — сустрэнуць за дзвярыма, нават не мог спаць два дні перад выхадам. А калі выйшаў, з'ехаў адразу, як была гатовая віза. Чаму? А што там рабіць? Пакуль я быў у турме, на маю фірму навешалі штрафаў, я дакладна разумеў, што працаваць мне там не дадуць. Грошай не было ні капейкі, каб за нешта жыць. Ды і якія там перспектывы? Плаціць падаткі, каб імі кармілі гэтых дармаедаў, я таксама не хацеў. Пабыў месяц дома, пачытаў навіны пра затрыманне — і з'ехаў. Тут я адчуваю сябе нашмат спакайней, чым у Беларусі, тым больш што кожны тыдзень да мяне дадому прыходзяць супрацоўнікі. Кажуць, будуць хадзіць, пакуль не прыеду. Але я б вярнуўся, калі б была магчымасць зрабіць гэта бяспечна. Вядома, толькі не пры гэтай уладзе.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства