viasna on patreon

Затрыманне псіхолага і арганізатара вулічных гонак, рэйды ў рэгіёнах: хроніка пераследу 13-14 красавіка Дапоўнена

2023 2023-04-14T11:38:00+0300 2023-04-14T18:13:22+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sjarhei-ivancou.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 13-14 красавіка збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Стала вядома пра затрыманне псіхолага і былога супрацоўніка БДПУ Сяргея Іванцова

Як паведамляе праўладны тэлеграм-канал, яго затрымалі за тое, што ён нібыта пісаў каментары ў чат-бот канала «Беларусь галаўнога мозга». Паведамляецца, што ён у СІЗА і супраць яго заведзена крымінальная справа па двух артыкулах (якіх — не ўдакладняецца), піша «Наша Ніва».


КДБ дадаў яшчэ аднаго чалавека ў "тэрарыстычны спіс"

Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці» — там з'явілася прозвішча Алега Зубовіча. Паведамляецца, што 27-гадовы мужчына быў асуджаны паводле арт. 130 КК (Распальванне варожасці).

Цяпер у «тэрарыстычным спісе» 1039 чалавек, з іх 291 — беларусы (адзначым, што ў спісе КДБ 1046 пазіцый, аднак 7 чалавек з яго былі выдаленыя раней).


З'явілася "пакаяльнае відэа" з арганізатарам вулічнай гонкі пад Брэстам, якую разагналі сілавікі

Паведамляецца, што 3 затрыманых атрымалі пратаколы за парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў, 8 машын і 1 матацыкл былі змешчаныя на штрафстаянку, а 11 чалавек атрымалі адміністрацыйныя пратаколы за парушэнне ПДР.


Дырэктарку "Слаўцэнтру" Ірыну Зімневу аштрафавалі на 20 базавых велічыняў, але не адпусцілі

Праваабаронцам стала вядома, што сёння ў судзе Маскоўскага раёну суддзя Таццяна Мотыль прызначыла Ірыне Зімневай штраф — 20 базавых велічыняў (740 рублёў) паводле арт. 19.1 КаАП («Хуліганства»).

Пасяджэнне праходзіла анлайн, Ірыне ставілі ў віну, нібыта яна «лаялася на міліцыянтаў». Справу разглядалі два дні: пасля таго, як Мотыль заслухала Ірыну і яе абаронцу, суддзя абвесціла перапынак да наступнай раніцы 13 красавіка.

Зраніцы ж адбыліся вобшукі ва ўсіх офісах «Слаўцэнтру», была вынутая тэхніка. Затрымалі таксама мужа Ірыны Аляксея — ён дагэтуль знаходзіцца ў РАУС. Саму Зімневу пасля штрафу таксама не адпусцілі, дакладна невядома, дзе яна цяпер знаходзіцца. Таксама невядома, ці гэта затрыманне паводле новай справы, ці іншая працэдура.

Нагадаем, дома ў сямейнай пары застаюцца дзве непаўнагадовыя дачкі.


ГУБАЗіК затрымаў мужчыну, які перайшоў па фэйкавай спасылцы нібыта ад плана "Перамога"

Праўладныя тэлеграм-каналы распавялі пра першую ахвяру новай фэйкавай рассылкі нібыта ад плана «Перамога». Мужчыну клічуць Андрэй Варонін, ён жыве на Грушаўцы.

ГУБАЗіК сцвярджае, што яго віна ў тым, што ён павёўся на фэйкавую рассылку «Байпола» (яна заваблівала абяцаннем, што там нібыта можна было праверыць, ці ёсць ты ў базе сілавікоў). Ці заведзеная супраць яго адміністрацыйная ці крымінальная справа і што менавіта яму закідаюць — не паведамляецца, піша «Наша Ніва».


Паведамляецца пра рэйды сілавікоў у Пружанах і Пінску

Паводле інфармацыі Берасцейскай Вясны, учора ў Пружанах адбыліся масавыя затрыманні — гаворка ідзе пра амаль 20 чалавек. У людзей праводзілі ператрусы, правяралі тэлефоны, з іх удзелам запісвалі «пакаяльныя відэа». Пасля гэтага большасць адпусцілі дамоў, але ж ёсць і тыя, каго пакінулі ў ІЧУ «у чаканні суда».

А ў Пінску сілавікі актыўнічаюць яшчэ з папярэдняга тыдня: яны ходзяць па дамах, на працу. Сілавікі завітваюць нават да людзей, якія толькі аднойчы былі асуджаны па палітычнай адміністрацыйнай справе яшчэ ў 2020 годзе. Па паведамленнях, з людзьмі праводзяцца «прафілактычныя размовы», праводзяць «агляд» хаты, а таксама настойліва прапануецца паказаць свой тэлефон.


Пасля рэйду сілавікоў у Дзяржынску больш за дзесяць чалавек змясцілі ў СІЗА па "народным" артыкуле

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, па выніках рэйду ў Дзяржынску, што праходзіў з 31 сакавіка па 3 красавіка, у СІЗА па арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх») было адпраўлена больш за 10 чалавек.


Чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў

У яго трапілі:

Telegram-каналы «Палеская Вясна», «Витебск Черняховка», «Беларусь: падзеі», «Беларускі Бабілон»;
Facebook-старонка «Euroradio».


Улады прызналі "экстрэмісцкімі" медалі Аб'яднанага пераходнага кабінета

Як паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы, рашэннем суда Цэнтральнага раёна Мінска сімволіка і атрыбутыка — медаль з надпісам на аверсе «Гонар i Годнасць» і з надпісам на рэверсе «Беларусь перадусiм!» з калодкай, абцягнутай стужкай блакітнага колеру з бел-чырвона-белай устаўкай у цэнтры, — а таксама яе лічбавыя выявы прызнаны экстрэмісцкімі матэрыяламі.

Адзначым, што ў Рэспубліканскім спісе экстрэмісціх матэрыялаў інфармацыі пра медалі пакуль няма.


У "Спіс экстрэмістаў" дадалі яшчэ 21 прозвішча — цяпер у ім 2712 чалавек

14 красавіка МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».

Акрамя іншых, у спіс дадалі «рэйкавых партызанаў» Дзмітрыя Равіча, Дзяніса Дзікуна і Алега Малчанава, мужа і жонку Аляксандра і Таццяну Біруляў, айцішніка Дзмітрыя Буйвідовіча.


Асуджанага да "хатняй хіміі" экс-удзельніка шоу "Дом-2" арыштавалі на 15 сутак за парушэнне рэжыму

За парушэнне рэжыму адбыцця пакарання суд арыштаваў на 15 сутак асуджанага на 3 гады «хатняй хіміі» экс-удзельніка шоу «Дом-2» Давіда Анташвілі, распавёў «Медыязоне» яго знаёмы.

Анташвілі затрымалі 7 красавіка, ён знаходзіцца ў ІЧУ.

Сілавікі затрымалі экс-удзельніка шоу «Дом-2» у кастрычніку 2022 года. У снежні 2022 года суд прысудзіў яму 3 гады «хатняй хіміі» паводле «народнага» арт. 342 КК.


У Міёрах за распаўсюд "экстрэмісцкіх" матэрыялаў работніка мясакамбіната арыштавалі на 7 сутак

Як паведаміла Віцебская Вясна, суддзя суда Міёрскага раёна Ірына Яскевіч 4 красавіка пастанавіла за распаўсюд «экстрэмісцкіх» публікацый у сацыяльнай сетцы Інстаграм падвергнуць адміністрацыйнаму арышту тэрмінам на 7 сутак жыхара Міёраў Яўгена Бурака, які працуе абвальшчыкам мяса на мясцовым мясакамбінаце.

Згодна з пратаколам, які паступіў у суд з аддзялення міліцыі, Яўген, у асабістым профілі, адкрытым для агляду 306 падпісчыкам, размясціў і захоўваў з мэтай распаўсюджвання інфармацыйную прадукцыю, уключаную ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

У судовым пасяджэнні Бурак растлумачыў, што не аспрэчвае факта знаходжання ўказанай у пратаколе інфармацыйнай прадукцыі, аднак названую інфармацыю з мэтай распаўсюджвання не захоўваў і не размяшчаў, падпіску ажыццявіў у 2020 годзе, калі дадзеная інтэрнет-старонка не была прызнана экстрэмісцкай.


За распаўсюд "экстрэмісцкіх матэрыялаў" затрымалі 37-гадовую Алесю Шмялёву

Як паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы, жанчына была падпісаная на «экстрэмісцкія» каналы, адкуль перасылала паведамленні сваім сяброўкам. Акрамя таго, яна нібыта была адміністратаркай аднаго з такіх чатаў.


У Гродне затрымалі ўладальніка этнакрамы "Цудоўня" Андрэя Несцяровіча

Затрыманне адбылося 14 красавіка. Па якой прычыне — пакуль невядома, піша Право имеют.

З ім можа быць затрымана Кацярына Шуст, якую ўжо арыштоўвалі ў сакавіку 2023 года, але пазней адпусцілі.


У Гродзенскім раёне быў затрыманы юрысконсульт СВК імя Дзеньшчыкова

На «пакаяльным відэа» Уладзімір Якубашка кажа, што быў затрыманы за перасылку дадзеных супрацоўнікаў крымінальнага вышуку ў 2020-м годзе і перасылку дадзеных супрацоўніц АМАП, а таксама за падпіску ў Instagram на «экстрэмісцкія» каналы.

ГУБАЗіК удакладняе, што мужчына змешчаны ў ІЧУ за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў — пазней будзе дадзена прававая ацэнка распаўсюду асабістых дадзеных міліцыянтаў, піша Суды, задержания. Гродно и область

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства