За ўдзел у акцыях пратэсту ў Мінску асудзілі архітэктарку
Сталі вядомыя падрабязнасці суда над жыхаркай Мінска Валерыяй С., якую абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушылі грамадскі парадак паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса.
Справа разглядалася ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска 24 лютага. Суддзя – Юльяна Шчэрба.
25-гадовая архітэктарка Валерыя С. была затрыманая 16 снежня 2022 года і да суда знаходзілася пад вартай у СІЗА №1 Мінска.
Па матэрыялах абвінавачання, Валерыя С. 16 жніўня 2020 года прыняла ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве ў цэнтры Мінска. На праспекце Незалежнасці выходзіла разам з іншымі на праезную частку, блакавала рух транспартным сродкам, не рэагавала на заклікі супрацоўнікаў міліцыі аб спыненні супрацьпраўных дзеянняў.
У судзе Валерыя віну прызнала ў поўным аб'ёме і суду паказала, што 16 і 30 жніўня 2020 года прыняла ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, якія адбываліся на тэрыторыі Мінска, пра якія даведалася з сацыяльных сетак.
Суд прызначыў ёй пакаранне ў выглядзе абмежавання волі тэрмінам на два гады і шэсць месяцаў без накіравання ў ПУАТ (“хатняя хімія”).
Яе вызвалілі з пад варты ў залі суда.
17 сакавіка 2023 года дзяўчына была ўнесена ў Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці.