Чатыры гады пазбаўлення волі за адміністраванне тэлеграм-канала вынес суд Уладзіміру Астапчыку
У Мінскім гарадскім судзе 13 красавіка вынесены прысуд Уладзіміру Астапчыку, абвінавачанага паводле ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса ў распальванні сацыяльнай варожасці або варажнечы.
Справу разглядала суддзя Вера Галаўкова.
Пасля затрымання 21 ліпеня 2022 года 30-гадовага палітзняволенага Уладзіміра Астапчыка ўтрымлівалі ў СІЗА №1 Мінска. Таксама вядома, што яго затрымлівалі і раней. Так, 8 лістапада 2020 года ён быў пакараны адміністрацыйным арыштам на 12 сутак за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.
Вядома, што Уладзімір любіць паходы, матацыклы, кампутарныя гульні, міфалогію, актыўна займаецца спортам.
У ходзе судовага працэса, які пачаўся 7 красавіка, высветлілася, што Уладзімір з’яўляўся адміністратарам тэлеграм-канала, у якім публікаваліся кадры з акцый пратэсту на станцыі метро “Пушкінская” ў Мінску.
Суд прызнаў яго вінаватым і пакараў пазбаўленнем волі тэрмінам на чатыры гады ва ўмовах агульнага рэжыму.