viasna on patreon

Палітвязня Уладзіміра Гундара асудзілі да 2,5 гадоў зняволення па трэцяй крымінальнай справе

2023 2023-04-17T17:14:01+0300 2023-04-18T00:40:46+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/gundarsud.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Напрыканцы студзеня ў Ленінскім судзе Гродна пачаўся разгляд трэцяй крымінальнай справы супраць баранавіцкага актывіста Уладзіміра Гундара. Яго абвінавацілі ў абразе пракуроркі Людмілы Герасіменкі, якая прадстаўляла абвінавачванне па "справе Аўтуховіча". Суддзя Алена Пятрова 17 красавіка прызнала палітвязня вінаватым паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса і прызначыла яму яшчэ два з паловай гады пазбаўлення волі — менавіта столькі і прасіў пракурор. Шляхам частковага складання пакаранняў канчаткова Гундара асудзілі да 20 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Уладзімір Гундар падчас суда па
Уладзімір Гундар падчас суда па "справе Аўтуховіча"

Уладзімір — актывіст і краязнаўца з Баранавічаў, мае інваліднасць другой групы: мужчына не мае адной нагі. Яго затрымалі 30 снежня 2020 года па "справе Аўтуховіча" — нібыта за "падрыхтоўку тэракту". Першы суд па крымінальнай справе над ім прайшоў у траўні 2021 года. Яго абвінавацілі паводле арт. 366 КК (гвалт у дачыненні да службовай асобы). Сцвярджалася, што падчас вобшуку пры затрыманні мужчына пагражаў следчым і разбіў свой мабільны тэлефон. Брэсцкі абласны суд 20 траўня 2021 года асудзіў Гундара да трох гадоў калоніі агульнага рэжыму.

Разгляд "справы Аўтуховіча" распачаўся 18 траўня 2022 года ў СІЗА гродзенскай Турмы № 1. Падчас суда палітвязня неаднаразова выдалялі з пасяджэнняў, а таксама адпраўлялі ў карцар. Паведамлялася, што на адным з чэрвеньскіх пасяджэнняў Уладзіміра змясцілі ў клетку ў адных майтках, а рукі прышпілілі кайданкамі да кратаў у расцяжцы, бо той адмаўляўся распранацца, калі праводзілі асабісты вобшук перад уваходам у залу. Супраць такіх дзеянняў адміністрацыі Уладзімір абвесціў галадоўку, якую трымаў 11 дзён. У выніку 17 кастрычніка 2022 года Гундару прысудзілі 18 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і 800 базавых велічыняў штрафу (25 600 рублёў).

Да 25 гадоў калоніі. Вынесены прысуды па "справе Аўтуховіча"

Суддзя Максім Філатаў прызначыў фігурантам ад 2,5 да 25 гадоў калоніі.

Як праходзіў трэці суд?

Пракурорка Людміла Герасіменка
Пракурорка Людміла Герасіменка

У сярэдзіне снежня стала вядома, што супраць Уладзіміра ўзбудзілі яшчэ адну справу. Гэтым разам яго абвінавацілі ў абразе пракуроркі Людмілы Герасіменкі (арт. 369 КК), якая прадстаўляла абвінавачванне па "справе Аўтуховіча" — нібыта падчас суда Гундар "абразліва" выказаўся ў яе адрас.

«Гэта адбылося, пэўна, тады, калі Уладзіміра прынеслі на працэс распранутым. Ён нешта крычаў, але неразборліва», — пракаментавала прысутная на тым судовым паседжанні жонка Гундара Алена Гундар.

У Ленінскім судзе Гродна 31 студзеня над Уладзімірам пачаўся суд. Сама Герасіменка на суд не з'явілася, спаслаўшыся на занятасць. На другі дзень суда прыйшлі міліцыянты, якія былі выкліканы ў якасці сведак. Яны неслі службу ў дзень, калі, на думку абвінавачвання, была здзейснена абраза. Міліцыянты казалі амаль адно і тое ж, а іх сведчанні супадалі з тым, што было зачытана ў першы судовы дзень. Таксама быў агучаны вынік судова-лінгвістычнай экспертызы: словы Гундара з'яўляюцца літаратурнымі, але ж могуць успрымацца як абраза.

Уладзімір адмовіўся даваць паказанні як падчас следства, так і на судзе — спаслаўся на артыкул 27 Канстытуцыі, які дазваляе не сведчыць супраць сябе.

Прысуд па справе вырашылі агучыць толькі пасля таго, як прысуд па "справе Аўтуховіча" ўступіць у сілу. 31 сакавіка ў Вярхоўным судзе разглядзелі апеляцыйныя скаргі фігурантаў справы, прысуд Гундару пакінулі без зменаў, а скаргу — без задавальнення.

На 17 красавіка было прызначана апошняе пасяджэнне па справе Уладзіміра. Дзяржабвінавачванне запрасіла для палітвязня два з паловай гады пазбаўлення волі — менавіта такое пакаранне і прызначыла суддзя Алена Пятрова. Шляхам частковага складання пакаранняў канчаткова яму прызначана 20 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.


Падтрымайце Уладзіміра пасылкамі, грашовымі пераводамі, тэлеграмамі і лістамі:

Турма № 1, 230023, Гродна, Кірава, 1

Уладзімір Тадэвушавіч Гундар

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства