У Гомелі асудзілі праваслаўнага верніка, бакалаўра багаслоўя Андрэя Пуканава Дапоўнена
У Гомельскім раённым судзе 18 красавіка адбыўся разгляд крымінальнай справы праваслаўнага верніка і бакалаўра багаслоўя Андрэя Пуканава. Яго абвінавачваюць у паклёпе на Аляксандра Лукашэнку паводле ч. 2 арт. 367 Крымінальнага кодэкса.
Справу разглядала суддзя Жана Баль.
Пуканава затрымалі 18 студзеня 2023 года. Сілавікі прыйшлі да яго на працу, а па месцы жыхарства быў праведзены ператрус. Да суда быў змешчаны ў СІЗА № 3 Гомеля.
У праўладным пабліку неўзабаве з'явілася так званае "пакаяльнае" відэа з удзелам Андрэя Пуканава. У ім ён распавядае, што быў затрыманы за допіс у «Фэйсбуку» з паклёпам на Лукашэнку.
Андрэй Пуканаў — настаўнік нямецкай мовы і бакалаўр багаслоўя, праваслаўны вернік. У Гомелі ён вядомы яшчэ як краязнаўца, сябра Беларускага геаграфічнага таварыства. У 1990-я гады Андрэй быў сябрам краязнаўчай арганізацыі “Талака”, распрацоўваў аўтарскія курсы па геаграфіі для філіі Коласаўскага ліцэя ў Гомелі. Пазней займаўся грамадскай дзейнасцю, спрабаваў балатавацца ў Палату прадстаўнікоў.
Суд прызнаў Пуканава вінаватым і пастанавіў пакараць яго пазбаўленнем волі тэрмінам на два гады ва ўмовах агульнага рэжыму.